Мінск пазбавілі чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку
На экстраным пасяджэнні праўлення Еўрапейскага роварнага саюза «ў святле бягучай міжнароднай сітуацыі» было прынята рашэнне аб адмене чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку, які павінен быў прайсці ў Мінску 23-27 чэрвеня.
Раней Федэрацыя веласпорту Германіі паведаміла Еўрапейскаму роварнаму саюзу (UEC) аб сваім няўдзеле ў чэмпіянаце Еўропы ў Мінску. «Пасля падзей у выхадныя "Нямецкая асацыяцыя раварыстаў" звязалася з UEC і дала зразумець, што ў гэтай сітуацыі нацыянальная зборная ў трэкавым веласпорце не можа браць удзел у чэмпіянаце Еўропы ў Мінску і настойвае на альтэрнатыўным рашэнні», — гаварылася ў паведамленні.
Таксама ад удзелу ў ім адмовіліся фаварыты — зборныя Нідэрландаў і Вялікабрытаніі.
«Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» (BSSF) яшчэ ў сакавіку звяртаўся да Еўрапейскага роварнага саюза з просьбай адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку.
UEC, у сваю чаргу, заяўляла, што таксама крытычна ставіцца да таго, што адбываецца, але адказвала, што ЧС мусіць адбыцца толькі ў Мінску.