Міністр лясной гаспадаркі пра знос крыжоў у Курапатах: «Зносілі толькі незаконныя»

Якія крыжы законныя і ці засталіся яшчэ нязнесеныя незаконныя, міністр не ўдакладніў, піша «Радыё Свабода».

kryzh_3_logo_1.jpg

На сайце Petitions.by апублікаваны адказ на зварот з патрабаваннем «спыніць апаганьванне народнага мемарыялу Курапаты» і прад'явіць дакументы, якія давалі б падставу зносіць крыжы.

Супраць «крыжалому» ў Курапатах за два з паловай тыдні падпісаліся больш як 2400 карыстальнікаў.

У адказе, датаваным 19 красавіка, міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа называе знос крыжоў «дэмантажом асобных спаруд» і «дэмантажом незаконна пастаўленых аб’ектаў», а таксама «чарговым этапам добраўпарадкавання».

Дрожжа сцвярджае, што «спаруды» зносілі адпаведна праекту зоны аховы мемарыялу і на падставе пастановы Савету Міністраў аб правілах добраўпарадкавання мемарыялаў. Міністр таксама спасылаецца на ўзгадненне Міністэрствам культуры работ па ўсталяванні дзяржаўнага помніка ў мемарыяле — нібыта дазвол распаўсюджваецца і на знос крыжоў.

«Трэба заўважыць, што спецыялістамі ДСЛГУ „Бараўлянскі спецлясгас“ быў зроблены дэмантаж выключна незаконна пастаўленых спарудаў (крыжоў), — піша Дрожжа. — Разам з тым усе спаруды, пастаўленыя з выкананнем заканадаўства, захаваныя».

fbc1f19e4c3052ccc7716de06365e7e2.jpg


Якія крыжы законныя і ці засталіся яшчэ нязнесеныя незаконныя, міністр не ўдакладніў.

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка на «Лініі Сталіна» зрабіў шэраг выказванняў пра Курапаты і знос крыжоў, у тым ліку заявіў, што «там яшчэ ня скончана». Таксама Лукашэнка заяўляў, што Сталін заслугоўвае адраджэння ягонага імя.

www.svaboda.org