Мінгарвыканкам адмовіўся абмяркоўваць перайменаванне вуліцы Карла Маркса ў гонар Васіля Быкава
Ініцыятары таксама прапаноўвалі абмеркаваць магчымасць вяртання гістарычнай назвы вуліцы.
Каля тысячы грамадзян звярнуліся ў электроннай петыцыі да
мінскіх улад з просьбай арганізаваць грамадскае абмеркаванне аб вяртанні
цяперашняй вуліцы Карла Маркса яе гістарычнай назвы Падгорная або
перайменавання яе ў гонар Васіля Быкава, распавядае «Свабода».
Пасля абмеркавання можна было б правесці пасяджэнне
Камісіі па найменні вуліц, што і было прапанавана ўладам.
Вуліца Карла Маркса раней называлася Падгорнай і вуліцай
Новы Рынак.
Васіль Быкаў (1924–2003) — беларускі пісьменнік, грамадскі
дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 9-11 скліканняў, удзельнік вайны, аўтар
«Альпійскай балады», «Трэцяй ракеты», аповесці «Мёртвым не баліць» і многіх
іншых аднесеных да класікі твораў.
«Перайменаванне вуліцы Карла Маркса ў вуліцу імя Васіля
Быкава ўвекавечыць памяць пра чалавека, якім ганарыцца краіна, народнага
пісьменніка з сусветнай вядомасцю, чый вялікі ўклад у культуру сучаснай
Беларусі не можа застацца без памяці на вуліцах сталіцы», — напісалі аўтары
звароту.
9 красавіка намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Арцём
Цуран падпісаў ліст у адказ на петыцыю.
У ім ён адмовіў нават у арганізацыі такога грамадскага
абмеркавання, паколькі перайменаванне, на думку ўлад, можа «старыць значныя
нязручнасці грамадзянам і запатрабуе дадатковых фінансавых затрат».