Мінчука пакаралі 15 суткамі за налепку «Карнікам тут не рады»

Яго справу двойчы адпраўлялі на дапрацоўку.

download__1__49.jpg

42-гадовы Дзяніс Белякоўскі 15 траўня выйшаў з хаты, каб выкінуць смецце. Наўпрост у хатніх тапках яго забралі супрацоўнікі міліцыі, увагу якіх прыцягнула налепка «Карнікам тут не рады» на плоце дома.
У Савецкім РУУС на Дзяніса склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. На судзе Дзяніс патлумачыў, што ў доме жыве 10 чалавек, і ён не ведае, хто з іх наляпіў на плот налепку. У выніку суддзя Жуковіч адправіла справу на дапрацоўку.
На наступным судзе 19 траўня ў матэрыялах справы з'явіўся пратакол па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне міліцыі. Суддзя вырашыла ўзяць паўзу, а затым зноў вярнула справу на дапрацоўку.
21 траўня праходзіў трэці суд. Там аказалася, што сведка-міліцыянт у судзе нічога не памятаў: ні моманту непадпарадкавання, ні таго, колькі чалавек было затрымана, акрамя Дзяніса.
Потым высветлілася, што ў матэрыялах справы ёсць два пратаколы з розным часам затрымання, што абурыла адваката. У суддзі і адваката здарыўся такі дыялог:
— Дзе ў Кодэксе напісана, што па розных артыкулах не можа быць складзена два пратаколы затрымання?
— Чалавека нельга затрымаць двойчы, таму што для гэтага яго трэба спачатку вызваліць, а потым зноў затрымаць, але ў нас няма інфармацыі аб тым, што ён быў вызвалены.

У выніку суддзя Жуковіч прыняла рашэнне арыштаваць Дзмітрыя па двух пратаколах на 17 сутак.