Мінчука асудзілі на 15 сутак за тры БЧБ-сардэчкі на акне ў дзіцячым пакоі

52-гадовага Ігара Лемешава 18 сакавіка з дому забралі ў Савецкае РУУС. Падставай для затрымання стаў званок "неабыякавай грамадзянкі", якая паведаміла ў міліцыю, што на дошцы аб'яў ёю выяўленыя ўлёткі палітычнага зместу, а на дзясятым паверсе хтосьці вывесіў БЧБ-сардэчкі. У выніку ўчастковыя ў РУУС склалі пратакол на Ігара па арт. 24.23 КаАП і адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У судзе мужчына патлумачыў, што сардэчкі яны з дзецьмі выразалі яшчэ перад Новым годам разам са сняжынкамі і павесілі ў дзіцячым пакоі. Пасля Новага года сняжынкі знялі, а тры сардэчкі вырашылі пакінуць. Суддзя суда Савецкага раёна Сяргей Шаціла цікавіўся расфарбоўкай сняжынак і здзіўляўся. Допыт затрыманага на судзе выглядаў так:
— Чаму менавіта тры сардэчкі?— Колькі дзеці выразалі, столькі і наляпілі.— Адкуль узялі лісты?— Дзіцячы набор каляровай паперы.— А чаму зялёныя сардэчкі не выразалі?— Чырвонае сардэчка — гэта нармальна.
У матэрыялах справы маюцца і самі сардэчкі памерам 20 сантыметраў, якія канфіскавалі.
У выніку суддзя Шаціла прызнаў гэта пікетаваннем і арыштаваў бацьку дваіх непаўналетніх дзяцей на 15 сутак, паведамляюць праваабаронцы.