Міліцыя, суд і школа супраць шматдзетнай сям’і — за БЧБ-жалюзі. «Будзем змагацца далей»
Шматдзетны бацька Сяргей Мельянец спрабаваў абскардзіць рашэнне суда Мінскага раёна, які пакараў сям’ю штрафам у 870 рублёў. Падставай сталі бел-чырвона-белыя жалюзі на вокнах прыватнага дома Мельянцоў. Гаспадара звінавацілі ў правядзенні пікету ва ўласнай спачывальні. На шматдзетную сям’ю спрабавалі ціснуць і праз няпоўнагадовых дзяцей, піша «Белсат».
Паспрабавалі знізіць «градус агрэсіі»
— Як выглядаюць нашыя жалюзі, я вам зараз пакажу. Мы іх павесілі ў жніўні, і яны працягваюць у нас вісець, — Сяргей Мельянец вядзе на другі паверх дома, у пакой дваіх сваіх малодшых дачок, Дамінікі і Евангеліны.
Тут двое вокнаў выходзяць на вуліцу і знутры маюць
бел-чырвона-белы колер, але звонку на чырвоным колеры з’явіліся малюнкі.
— Мы паспрабавалі знізіць «градус агрэсіі», падумалі з
дзецьмі і звонку зрабілі ўстаўкі, — кажа спадар Сяргей.
Гэтак на вокнах з’явіліся хрысціянскія сімвалы: рыба, крыж,
альфа і амега, а таксама сонца праўды.
— Малявалі шасцёра з сямі дзяцей — толькі адзін быў моцна
заняты ўрокамі, — з гонарам кажа тата сямейства. У сям’і Мельянцоў сямёра
дзяцей узростам ад двух да сямнаццаці гадоў.
Калі б не медыкі, памёр бы
Сяргей Мельянец скончыў Мінскую багаслоўскую семінарыю. «Прапаведнік, лектар, менеджар і спявак хору», — так кажа пра сябе спадар Сяргей. «Валанцёр і выхавальнік моладзі», — кажуць пра яго паплечнікі. Але галоўны занятак — служэнне ў царкве «Святло ісціны», якому ён прысвяціў 20 гадоў жыцця.
Гісторыя бел-чырвона-белых жалюзі ў сям’і Мельянцоў
распачалася яшчэ 10 жніўня: спадара Сяргея разам з двума братамі схапілі ў
цэнтры горада, калі яны збіраліся на малітву. Усіх моцна збілі, катавалі
электрашокерам. У Сяргея Мельянца хворае сэрца, і ад катаванняў ён ледзь не
памёр.
— Брыгада медыкаў, якая мяне агледзела, неяк пераканала
амапаўцаў, што калі мяне не дазволяць забраць, то я там памру. Толькі гэтак
мяне вызвалілі, — узгадвае спадар Сяргей. — Калі б не забралі медыкі, я б
памёр.
Пікет у спачывальні
У тыя жнівеньскія дні сям’я размясціла ў доме бел-чырвона-белыя жалюзі.
— Чырвоны колер — гэта сімвал крыві Ісуса Хрыста, а белы — дараванне, якое мы атрымліваем у Бога, — тлумачыць выбар Сяргей Мельянец. — Да
таго ж, я хацеў бы быць салідарны з людзьмі, якія зараз цярпяць у Беларусі, я
ведаю гэта на сабе непасрэдна, ведаю, як гэта выглядае. І я хачу, каб людзі,
гледзячы на мае вокны, бачылі надзею.
Перад Новым годам каля дома Мельянцоў спынілася міліцэйская
машына, з яе выйшаў міліцыянт і проста з вуліцы пачаў крычаць на гаспадыню пра
«супрацьпраўныя дзеянні» і што «будзе горш». «Горш» не прымусіла сябе чакаць:
праз пару дзён ён прывёз гатовы пратакол паводле адміністратыўнага артыкула 23.34 — пра пікет у спачывальні.
— У судзе было заяўлена, што пікет нібыта мы зладзілі на
сёмым паверсе, хоць дом у нас двухпавярховы, — сумна ўсміхаецца спадар Сяргей.
Але, не зважаючы на такую «драбязу», суд выставіў шматдзетнай сям’і штраф
памерам 870 рублёў.
Хацелі прызнаць сям’ю сацыяльна небяспечнай
А неўзабаве ў сямʼю прыбыла праверка: адміністрацыя адразу дзвюх школ з пасёлка Прывольны, дзе навучаюцца дзеці.
— Праверылі ўсё: дзе дзеці спяць, дзе вучацца, дзе
харчуюцца. Мы хацелі паказаць, дзе наш сабака жыве, у яго будка ўцепленая, але
яны не зацікавіліся, — смяецца спадар Сяргей. — Задавалі шмат пытанняў,
запаўнялі шмат папер, сказалі, што возьмуць усе звесткі пра «алка», «нарка» і
гэтак далей. І паабяцалі на развітанне, што «гэта яшчэ не ўсё».
Сяргей вядзе на кухню: вялікая плошча пакоя дазваляе тут
трымаць стол, за якім сямʼя збіраецца не толькі на агульны абед. Малодшыя тут
бавяць час за агульным заняткам: малююць і гуляюць у настольныя гульні.
Старэйшыя займаюцца на спартыўных трэнажорах у суседнім пакоі ды граюць на
розных музычных інструментах.
— Я быў на кухні, калі мой старэйшы сын прыйшоў з каледжа — ён вучыцца ў каледжы паліграфіі. Звычайна ў яго заўсёды ўсё добра, а тут раптам
гляджу — ён увогуле «ніякі», — узгадвае тата. — Запытваю, што здарылася,
адказвае: «Тата, мяне выклікалі да кіраўніцтва каледжа». І далей сын распавёў,
што яго — няпоўнагадовага падлетка — дапытвалі чацвёра чалавек адразу. Ці ён
вешаў жалюзі, ці ведае, што бел-чырвона-белы сцяг — «фашысцкі». І прыгразілі,
што калі прыйдзе яшчэ адна папера ў каледж, то «паставяць пытанне пра
выключэнне». Пасля гэтага здарэння я пайшоў паразмаўляць у каледж, а мне там
адказалі, што нічога такога не было, — узгадвае спадар Сяргей.
Але і гэтым ціск на сямʼю Мельянцоў не закончыўся.
Напрыканцы лютага савет прафілактыкі дзвюх школ і каледжа сабраўся для таго,
каб прызнаць сямʼю Мельянцоў сацыяльна небяспечнай. Але кампрамату чыноўнікі ад
адукацыі так і не сабралі. А арганізаваны ціск на дзяцей настаўнікі патлумачылі
«сігналам зверху».
Вырашылі змагацца далей
— Канешне, на гэтым можна было спыніцца, заплаціць гэты штраф і жыць далей, — разважае спадар Сяргей. — Мая жонка, якая атрымала моцны стрэс (ды ўся нашая сям’я два месяцы жыве ў рэжыме стрэсу), яна так прапаноўвала. Маўляў, старыя жалюзі ў нас ёсць, давай дастанем іх з падвала, вернем на месца і будзем жыць далей. Я падумаў, памаліўся, яшчэ раз параіўся з сямʼёй, і мы вырашылі, што пакінем нашы жалюзі. Мы вырашылі, што будзем змагацца далей — за свабоду, справядлівасць, за любоў.
Суддзя Мінскага абласнога суда Ірына Майко адмовілася
задаволіць скаргу Сяргея Мельянца і пакінула рашэнне суда першаснай інстанцыі
аб штрафе ў 870 рублёў без змен.
Зараз Сяргей Мельянец рыхтуе скаргу ў наступны — Вярхоўны
суд Беларусі.