Мікалай Статкевіч ужо дома
Сын жонкі Міколы Статкевіча Юрась Адамовіч паведаміў на Facebook, што палітык дома. «Мабыць, БТ-шнікі зараз з’явяцца», — дадае ён.
«Мікола дома. Ён гэтыя тры дні быў у СІЗА КДБ», — паведаміла “Радыё Свабода” жонка Статкевіча Марына Адамовіч.
Сувязь са Статкевічам знікла 24 сакавіка. У сталічнай міліцыі і КДБ, куды звярталася яго жонка, звестак пра знаходжанне ў гэтых установах Мікалая Статкевіча не прадаставілі.
Мікола Статкевіч быў прыхільнікам шэсця на Дзень Волі ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасці — па маршруце, даўжэйшым за прапанаваны аргкамітэтам Дня Волі. Ён заяўляў, што бярэ на сябе адказнасць за акцыю — на яе Статкевіча ў выніку не пусцілі.
Акаўнты Міколы Статкевіча і Марыны Адамовіч ў сацсетках узламвалі напярэдадні Дня Волі, рассылалі фальшывыя звесткі, у тым ліку пра адмову ад акцыяў.
25 сакавіка дзяржаўны тэлеканал СТВ паказаў сюжэт пра канфіскацыю ў нібыта «кіроўцы Статкевіча» пляшак «з пахам гаручай сумесі».