«Маляваныча» звольнілі з тэатра імя Максіма Горкага за пасты ў сацсетках
З Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага звольнілі артыста Аляксандра Ждановіча. Большасці ён вядомы як «Маляваныч» з дзіцячай «Калыханкі», паведамляе «Еўрарадыё».
Увосень яго асудзілі на 9 сутак — падчас акцыі пратэсту артыст заступіўся за жанчыну. І нават пасля гэтага ён адкрыта казаў пра фальсіфікаваныя выбары, пісаў у сацыяльных сетках.
Дырэктара тэатра Эдуард Герасімовіч у гутарцы з "Народнай Воляй" пацвердзіў звальненне Ждановіча. Па яго словах, актора звольнілі паводле артыкула 47 Працоўнага кодэкса — за страту даверу з боку наймальніка.
"Аляксандр сваімі дзеяннямі парушыў "Кодэкс гонару", прыняты ў тэатры. Ён заклікаў да адкрытага выступлення супраць улады ў сацсетках. Увогуле, перабраў са сваімі паўнамоцтвамі", — заяўляе дырэктар.
"Кодэкс гонару" ў тэатры распрацаваў сам Герасімовіч: "Там усе правільныя словы напісаныя, і менавіта для таго, каб людзі працавалі ў дзяржаўным установе. А пра прыватныя я наогул маўчу, там ніякага кодэкса не трэба: раз — і да пабачэння, калі толькі парушаная карпаратыўная этыка".
Дырэктар таксама паведаміў, што цяпер у тэатры імя Горкага рыхтуецца атэстацыя калектыву, якая адбываецца раз на тры гады. Пасля гэтага яго склад можа яшчэ змяніцца.