Малады блогер-пачатковец — 71-гадовая палітэмігрантка Аляксандра Ханевіч з Гродна

Аляксандра Ханевіч, якую ў 2020 годзе пачалі затрымліваць міліцыянты — першы раз за жыццё, а пасля яшчэ — з Гродна апынулася ў польскім Беластоку. Жыць за мяжу яна трапіла ў 69 гадоў, а свой блог яна завяла — у 71.



Аляксандра Ханевіч. Фота: Privat

Аляксандра Ханевіч. Фота: Privat


Аляксандра Ханевіч распавядае на Youtube і ў Instagram пра тое, як жыве ў Польшчы, сустракаецца з Паўлам Латушкам і Крысцінай Ціманоўскай і выводзіць на пляжным пяску: «миру — мир», піша «Нямецкая хваля».

«Нядаўна даведалася, што сёння Міжнародны дзень блогера, усіх вас віншую са святам, — кажа на відэа ў Instagram Аляксандра Ханевіч. — Я малады блогер-пачатковец. І магу сказаць, што нялёгкая гэта праца».

Вядома, пазітыўных беларускіх блогераў нямала, але Аляксандра Ханевіч падкупляе шчырасцю, а яшчэ — усмешкай і настроем.

Нягледзячы на тое, што з беларускай Гародні ў Польскі Беласток ёй давялося пераехаць у 69 гадоў, а свой блог яна завяла — у 71.

На відэа ў Instagram Аляксандра малюе плакат «Just keep running Kristina» («Проста працягвай бегчы, Крысціна») — каб падтрымаць на спаборніцтвах у Польшчы спартсменку Крысціну Ціманоўскую, якой давялося пакінуць Алімпіяду ў Токіа з-за ціску з боку беларускіх уладаў.

У стужцы Аляксандры Ханевіч — фатаграфіі з палітыкам Паўлам Латушкам і расійскім блогерам Юрыем Дудзем, які зняў фільм пра беларускіх палітэмігрантаў, у тым ліку і пра Аляксандру. Яна сустракаецца са святаром з Гродна, які цяпер жыве ў Літве, была на канцэрце спявачкі і вядучай Кацярыны Ваданосавай. А яшчэ ў яе блогу — скандынаўская хада, зарадка на турніках, падарожжа ў Ізраіль і Германію, пясок ля мора, на якім, як у дзяцінстве, Ханевіч напісала «свету свет».

 

«Думала, еду ў Польшчу на пару месяцаў»

«На пазітыве? — здаецца, здзіўляецца пытанню Аляксандра. — Калі сюды я ехала (у Польшчу ў снежні 2020 года. — Рэд.), ні за што не думала, што тут застануся. Ехала да красавіка, нават візу толькі да траўня ўзяла. У красавіку ўжо ў мяне лецішча — думала, вярнуся (у Беларусь. — Рэд.)».

У 2020 годзе пенсіянерка з Гродна Аляксандра Ханевіч узначальвала ветэранскую арганізацыю «Хімвалакна» — гродзенскага прадпрыемства, на якім яна адпрацавала 30 гадоў, а яе сыны — больш за 20 (адзін з сыноў Аляксандры памёр, калі яму было 39 гадоў, другі з'ехаў з ёй у Беласток). Таму ў яе «абавязкі» ўваходзіў збор подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі ў прэзідэнты.

Менавіта ў Гродне падчас выбарчай кампаніі затрымалі відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. На той самай сустрэчы з Ціханоўскім Аляксандра не прысутнічала. Аднак пасля таго, што здарылася, усю ноч глядзела відэа яго затрымання — было заўважна, што «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі», у якім першапачаткова абвінавачвалі Ціханоўскага, быў зрэжысаваны.

 

«Мяне раней міліцыя ніколі не затрымлівала»

Пасля ўбачанага Аляксандра Ханевіч падпісалася за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў — Ціханоўскую, Бабарыку і Цапкалу. А падчас пратэстаў і яна, і яе сын былі затрыманыя.

Пра свае затрыманні Аляксандра кажа, што «траплялася два разы». Першы — увечары пасля выбараў, 9 жніўня 2020 года.

«Мяне міліцыя за мае 69 гадоў ніколі не затрымлівала, — распавядае пенсіянерка. — Вось мне і здавалася, што толькі тры гадзіны могуць пратрымаць. І калі ў тры гадзіны ночы мяне павялі на допыт, я ўжо думала, што мяне адпусцяць». Аляксандра папрасіла міліцыянтаў знайсці яе сына, бо баялася ўначы ісці дадому адна. «І тут мне кажуць: «А вы і не пойдзеце». — «Як не пайду?» — «Вас судзіць заўтра будуць». Я думаю, як так? Я не памятала, як мяне неслі ў аўтазак. Думаю, можа, я там каго ўдарыла? Можа, нагамі тузала?» — успамінае яна.

Пра сваё затрыманне Аляксандра і праз амаль тры гады распавядае вельмі падрабязна — яна добра памятае, у чым была апранутая, якімі былі ўражанні ад турмы, як адмовілася зняць з сябе ланцужок з крыжыкам і царкоўны парсцёнак — «сарвеце толькі з галавой і з пальцам».

Пасля ночы ў камеры жанчыну судзілі і аштрафавалі, яе сын атрымаў сем сутак арышту. Тым не менш яна працягвала выходзіць на пратэсты. Падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе развіваліся хутка, з часам за ўдзел у акцыях пратэсту пачалі судзіць ужо па крымінальных артыкулах, стала зразумела: час з'язджаць.

 

«Не бачу тут ворагаў»

У Польшчу Аляксандра Ханевіч прыехала з сынам, кватэру знялі ў Беластоку, сын хутка знайшоў працу. Сама жанчына першы час займалася прыбіраннем дамоў, цяпер таксама часам робіць гэта, а яшчэ даглядае за дзецьмі — «нашымі, польскімі, хто запрашае».

Блогерам Аляксандра стала тры месяцы таму. «Ідэя была мая. Толькі я не ведала, як яе ажыццявіць», — прызнаецца пенсіянерка. Прыкладам стаў блог расіянкі, якая распавядае пра жыццё ў ЗША: «Практычна пад мой узрост жанчына».

Аляксандра ж хацела расказаць пра тое, як жыве ў Польшчы: «Як паслухаю (беларускую прапаганду. — Рэд.): такія ўжо палякі, літоўцы ворагі сталі. З усіх бакоў бедную Беларусь акружылі. Я не бачу тут ворагаў. Калі я з Беларусі з'язджала, Лукашэнка казаў, што танкі на мяжы ляскаюць гусеніцамі. Я ніводнага тут не бачыла — толькі танк-помнік».

Спачатку Аляксандра Ханевіч хацела выходзіць у блог са свайго тэлефона, аднак аказалася, што ён не падыходзіць для вядзення сацсетак. Цяпер з блогам ёй дапамагаюць гродзенскія журналісты рэдакцыі MOST, якія таксама працуюць з Беластока. Жанчына прызнаецца, што блогінг — занятак няпросты, не заўсёды пры здымцы атрымліваецца знайсці патрэбныя словы. Тым больш па-беларуску. Але, па яе словах, моладзь яе натхняе.

 

«Амаль дзіця — і здолела выйсці з такой сітуацыі»

Нядаўна блогер сустрэлася са спартсменкай Крысцінай Ціманоўскай. Аляксандра сачыла за развіццём падзей на Алімпіядзе ў Токіа, і калі даведалася, што Крысціна прыехала ў Варшаву, напісала ёй: «Трымайся, будзе ўсё добра, гэта пачатак».

Яны пачалі перапісвацца: «Я захаплялася тады: амаль дзіця — і здолела выйсці з такой сітуацыі». Цяпер жа Аляксандры ўдалося трапіць на спаборніцтвы ў Польшчы, дзе бегла Ціманоўская. «Я так перажывала! Не паверыце — балелі ўсе мышцы. Такое адчуванне, што бегла я сама, — кажа Ханевіч. — Крысціна сказала, што за яе заўсёды больш за ўсіх бабуля заўзела, і гучней за ўсіх на стадыёне крычала, а яшчэ — што я ёй нагадваю яе бабулю. Малайцы, вядома, наша моладзь — разумніцы, прасунутыя, крэатыўныя».

 

«Толькі б у нас усё добра было»

У адным са сваіх інтэрв'ю Аляксандра адзначыла, што, на яе думку, людзі ў Беларусі заціхаюць. І ёй тут жа напісалі гледачы: «Не заціхаюць, перадаем перадачы для палітвязняў, грошы для іх сем'яў, чакаем цябе». «Мне нават няёмка стала», — распавядае яна.

Зваротная сувязь ад карыстальнікаў прыходзіць рэгулярна. Аляксандра распавядае, як у Беларусі дарослыя дзеці рэкамендавалі бацькам паглядзець фільм Дудзя з яе ўдзелам. Ёй пішуць тыя, хто глядзіць відэа, але баіцца паставіць лайк — каб не затрымалі ў Беларусі. Знаходзяцца і такія, хто пытаецца, чаго ж ёй у Беларусі не хапала.

«У Польшчы мне толькі адно не падабаецца — шмат грошай аддаём за арэнду кватэры. Была б у нас хоць бы аднапакаёвая кватэра, я больш нічога не хацела б. А так — ніхто цябе не чапае. Па тэлевізары тут ніколі не чула, каб нехта з кіраўнікоў гаварыў такім тонам, як Лукашэнка — з пастаяннымі пагрозамі. Калі мне кажуць, чаго мне не хапала... Але я ж не за сябе. Я б, можа, сядзела і маўчала б… Але я не бачу для сваіх унукаў ніякіх перспектыў, калі далей будзе так працягвацца», — тлумачыць пенсіянерка.

Аляксандра ўспамінае, як у мінулым годзе яе знаёмая даслала ёй фатаграфію восеньскіх клёнаў у яе Гродзенскім двары: «Адзін жоўты, другі чырвоны, трэці — бардовы. І якраз мой пад'езд. Я і заплакала. Але я трымаюся. А што рабіць? Я пацярпела б яшчэ, каб толькі ўсё добра было. І год пацярпела б, і два. Толькі каб у нас, у Беларусі, было так, як жывуць хаця б у Польшчы».

Пераклад «НЧ»