Магілёўскага праваабаронцу, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калонію на 2 гады

Праваабаронцу і аднаго з лідараў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава, прызнанага палітвязнем, адправілі ў калонію агульнага рэжыму на 2 гады за ўхіленне ад адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу (арт. 415 КК), паведамляе «Свабода».

f12cef26_d0e1_458f_ac42_56a2eca7f7cf_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.webp

Валадар Цурпанаў будзе абскарджваць прысуд.

Падставай для крымінальнага пераследу асуджанага на тры гады «хіміі» актывіста сталі дысцыплінарныя спагнанні за парушэнне ўнутранага распарадку.

Працэс праходзіў у судзе Круглянскага раёна пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Сасноўскага. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляў пракурор раёна Міхаіл Андросенка. Падсудны бараніў сябе сам.

У апошнім слове Валадар Цурпанаў заявіў, што яго незаконна і несправядліва ўзялі пад варту. Ён назваў інкрымінаваны яму артыкул «рудыментам ГУЛАГаўскай сістэмы пакарання», які мае быць скасаваным.

Цурпанаў лічыць, што яго зняволенне з’яўляецца помстай за тое, што ён дамогся сустрэчы з кіраўнікамі горада і вобласці, на якой агучыў патрабаванні пратэстоўцаў. Згадаў, што «край знаходзіцца ў працэсе негвалтоўнай рэвалюцыі», мэта якой палягае ў выбудоўванні беларускай дзяржавы, і гэта, настойваў ён, абумовіла яго зняволенне.

За падтрымку ў няволі Цурпанаў падзякаваў жонцы, сваякам, калегам-праваабаронцам, а таксама сябрам ды шматлікай грамадзе тых, хто дасылаў яму лісты.

На самім працэсе падсудны віны не прызнаў і настойваў, што «следства ў яго справе не было». Справу Цурпанаў назваў сфабрыкаванай і прасіў суд спыніць крымінальны пераслед праз адсутнасць складу злачынства.

Валадар Цурпанаў адбываў пакаранне за абразу дзвюх магілёўскіх суддзяў Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанкі. У Круглянскай папраўчай установе № 46 актывіст прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 года. За гэты час на яго наклалі тры спагнанні і паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

Паводле абвінавачання, дысцыплінарныя спагнанні на Цурпанава накладаліся за тое, што ён у недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, яго спальнае месца не было засланае належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы.

Асуджаны адмовіўся працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй спецкамендатуры прадпрыемства. Згодна з нормамі заканадаўства, асуджаны абавязаны працаваць там, куды яго накіроўваюць.

Падставамі для пастаноўкі на прафілактычны ўлік, як даводзіў адзін з супрацоўнікаў спецкамендатуры, стала адмова асуджанага падпісаць добраахвотнае абавязанне аб правапаслухмяных паводзінах ды нежаданне ўдзельнічаць у гуртках самадзейнасці. Ён нагадаў, што Цурпанаў не прызнаў віны за ўчыненае ім у Магілёве злачынства.

Супрацоўнікі спецкамендатуры на судзе казалі, што Цурпанаў патрабаваў, каб з ім гаварылі па-беларуску і афармлялі дакументы на беларускай мове. Гэтага яны зрабіць не маглі, бо справаводства ў іх рускамоўнае. Яны прызнаваліся, што з такім асуджаным, як Цурпанаў, сутыкнуліся ўпершыню.

Паводле слоў Цурпанава, кіраўніцтву спецкамендатуры ён прапаноўваў арганізаваць курсы беларускай мовы. Адмову гаварыць з ім па-беларуску лічыў дыскрымінацыяй і парушэннем канстытуцыйных правоў.

На судзе ён прасіў, каб з ім таксама гаварылі па-беларуску, але пракурор і суддзя не задаволілі хадайніцтва, патлумачыўшы адмову тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы.

Хто такі Цурпанаў

Валадар Цурпанаў — актывіст апазіцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадской і абласной выканаўчай улады Магілёва. 1 верасня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсіфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зняволення. Быў шпіталізаваны. Да зняволення працаваў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.