Сям’ю Шарэндаў з Брэста выклікаюць у Следчы камітэт

Сям’ю Шарэндаў выклікаюць у Следчы камітэт. Паліна і Андрэй былі аднымі з лідараў мясцовых акцый пратэсту супраць дэкрэта «аб дармаедстве».

d4a29132_8dc1_4ca2_80ec_8477a0227cfa_w650_r0_s.jpg

Адпаведныя позвы мясцовыя актывісты апазіцыі знайшлі ў шчыліне дзвярэй кватэры, у якой яны пражываюць.

Падрабязней распавёў Андрэй Шарэнда:

— Увечары пагрукаліся ў дзверы і прадставіліся, што яны на Следчага камітэта. Жонка не адчыніла, і тады позву ўсунулі ў шчыліну паміж дзвярыма. У позве было пазначана, што мы запрашаемся ў якасці сведак  па крымінальнай справе ў Следчы камітэт у Брэсце. Па якой крымінальнай справе — пакуль не зразумела. Мы ніякіх законаў не парушалі, таму я лічу, што гэта выключна палітычныя справы. Супраць шмат якіх актывістаў распачынаюць крымінальныя справы на роўным месцы. Тут можа быць толькі палітыка.

Згодна позвы, Андрэй Шарэнда мусіць з’явіцца ў Следчы камітэт а 12-й, а ягоная жонка Паліна а 14-й гадзінах.

«Перш чым ісці туды, спачатку патэлефануем у дадзеную ўстанову, каб даведацца па якой справе нас выклікаюць як сведак, і ўжо тады прымем нейкае рашэнне», — адзначыў Андрэй Шарэнда. Паліна і Андрэй былі аднымі з лідараў мясцовых акцый пратэсту супраць дэкрэта «аб дармаедстве».




www.racyja.com