Лукашэнка раскрытыкаваў адсутнасць парадка ў Магілёве
Горадабудаўнічы план Магілёва неабходна ўдасканаліць, заявіў Аляксандр
Лукашэнка 22 ліпеня падчас рабочай паездкі ў Магілёў, паведамляе
прэс-служба прэзідэнта.
«Я сёння спецыяльна заязджаў у горад з боку Мінска. І дамы быццам бы ёсць прыгожыя ... Але няма глянцу, добраўпарадкавання і выгоды для людзей. Гармоніі ніякай», — заявіў Лукашэнка на плошчы Славы абласнога цэнтра, дзе яму былі прадстаўлены горадабудаўнічыя планы Магілёва.
Паводле слоў беларускага кіраўніка, калі ў астатніх абласных цэнтрах ужо наведзены належны парадак, то Магілёў пакуль адстае ў гэтым пытанні.
«Галоўнае, каб у вас быў па-гаспадарску складзены план мадэрнізацыі горада. Трэба да канца года намаляваць і накрэсліць, якім будзе горад, пачынаючы ад галоўных магістраляў і ўезду», — распарадзіўся Лукашэнка.
Паводле БелаПАН