Улады Магілёва не падтрымалі ініцыятыву грамадскасці па стварэнні батанічнага саду ў раёне Падніколля
Улады Магілёва не пагадзіліся стварыць батанічны сад ў раёне Падніколля.
У 2014 годзе магілёўскія ўлады вырашылі стварыць у Падніколлі парк адпачынку, распачалі работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Аднак многія жыгары Магілёва выступілі супраць з'яўлення ў гэтым месцы — паміж Свята-Нікольскім манастыром і Пакроўскай царквой — зоны забаў.
Была створана сустрэчная ініцыятыва — зрабіць у Падніколлі батанічны сад. Збор подпісаў за яе рэалізацыю праходзіў у розных формах — як традыцыйна, так і на розных інтэрнэт-платформах.
Ідэя знайшла падтрымку і ў Нацыянальнай акадэміі навук, дзе прызналі, што сетка батанічных садоў у Беларусі развіта недастаткова і значна саступае заходнееўрапейскім дзяржавам, Расіі і Украіне.
Улады Магілёва ў сваю чаргу заяўляюць, што размяшчэнне батанічнага сада ў Падніколлі разыходзіцца з генеральным планам Магілёва, зацверджаным указам прэзідэнта 28 ліпеня 2003 года.
Між тым, гарвыканкам мае права ініцыяваць змены генплана. «Таму інфармацыйная кампанія ў падтрымку стварэння прыроднай славутасці будзе працягнутая», — паведаміў адзін з ініцыятараў стварэння батанічнага саду ў Магілёве Леанід Платоненка.
Паводле nn.by