Лукашэнка падпісаў закон аб СМС-позвах у войска, ухілістам узмацнілі пакаранне

Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка падпісаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». Дакумент з'явіўся ў афіцыйнай публікацыі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 6 красавіка, заўважыла «Люстэрка». Ён уключае шмат важных змяненняў датычна ваеннай службы і мабілізацыі.

_belarus_zyccjo_armija_vaennyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg.webp

Паводле паправак, ставіць маладых людзей на воінскі ўлік будуць цяпер не з 16, а з 17 гадоў. Выклікаць грамадзян у ваенкамат, у тым ліку пры мабілізацыі, можна будзе не толькі папяровай позвай, але і простым СМС-паведамленнем. А папяровыя позвы зараз могуць падпільнаваць прызыўніка не толькі дома, але і наогул у любым месцы.

Закон робіць больш жорсткай адказнасць за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на службу ў войску і за няяўку ў ваенкамат. За ўхіленне ад войска можна будзе атрымаць ужо не два, а тры гады пазбаўлення волі або «хіміі». А штрафы вырастуць у некалькі разоў.

У ваенкамаў будзе права абмяжоўваць выезд з Беларусі грамадзян, якія «парушаюць абавязкі па вайсковым уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» — цяпер гэта тычыцца ўхілістаў не толькі ад тэрміновай службы і службы ў рэзерве, але і тых, хто ўхіляецца, напрыклад, ад ваенных і спецыяльных збораў.


Глядзіце таксама

Акрамя таго, на ваенную службу па кантракце можна будзе набіраць людзей любога ўзросту, людзей, якія знаходзяцца пад следствам, з непагашанай судзімасцю, зняволеных з калоній — такое рашэнне зможа прыняць Лукашэнка, калі гэта спатрэбіцца для «забеспячэння інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі».

Пералік іншых змяненняў даволі шырокі: павышаецца ўзрост знаходжання ў запасе для ваеннаабавязаных жанчын-радавых, змяняецца пералік грамадзян, якім магчымыя адтэрміноўкі пры мабілізацыі, пры ваенкаматах будуць стварацца атрады ўзмацнення і гэтак далей.

Законапраект рыхтаваў і прымаў яшчэ папярэдні склад Палаты прадстаўнікоў — тады выданне паведамляла пра запланаваныя новаўвядзенні. Дакумент быў прыняты ў першым чытанні ў лістападзе і ў другім — 28 лютага.

Практычна ўсе палажэнні закона ўступяць у сілу ўжо 7 красавіка.