Лёс Асмолаўкі вырашыць Лукашэнка
Канцэпцыя забудовы квартала Асмолаўка ў Мінску будзе вынесена на ўзгадненне з Аляксандрам Лукашэнкам. Як паведаміў каардынатар грамадскай кампаніі «Генплан — для мінчан» Дзяніс Кобрусеў, гэта вынікае з адказу, атрыманага на калектыўны зварот з камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.
«Улічваючы адказнае горадабудаўнічай становішча разгляданай тэрыторыі ў планіровачнай структуры горада, праектаванне дэталёвага плана было прыпынена да распрацоўкі і ўзгаднення з кіраўніком дзяржавы канцэпцыі забудовы», — сказана ў лісце за подпісам намесніка старшыні камітэта Вольгі Верам.
Распрацаваць дэталёвы план запланавана ў снежні 2017 года.
«Дадзенае рашэнне паказвае, што грамадскі рэзананс па рашэнні праблемы з Асмолаўкай быў досыць вялікі і пытанне вынесена на ўзровень кіраўніка дзяржавы ў кантэксце яго апошніх выказванняў аб ушчыльняльнай забудове і зносу дрэў у Менску», — паведаміў у каментары БелаПАН Кобрусеў.
На яго думку, вынас пытанняў дэталёвага планавання на ўзровень кіраўніка дзяржавы кажа пра тое, што ў горадабудаўнічай палітыцы горада «не ўсё ў парадку».
«Але разгляд на такім высокім узроўні пытання далейшага развіцця квартала зусім не азначае, што Асмолаўка будзе захавана. Важна ведаць, хто будзе даваць распараджэнні. Пазіцыю камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву мы ведаем. Але мы асцерагаемся, што на ўзровень кіраўніка дзяржавы не дапусцяць грамадскасць, якая выказвае альтэрнатыўнае меркаванне», — сказаў актывіст.
Ён паведаміў, што грамадскія арганізацыі распрацавалі менеджмент-план развіцця Асмолаўкі, які аддадзены на разгляд у раённую адміністрацыю і Мінгарвыканкам. Мяркуецца правядзенне прэзентацыі плана з удзелам жыхароў, экспертаў, кіраўніцтва раёна і горада.
План прадугледжвае захаванне ўсіх існых дамоў і стварэнне зон у квартале, прывабных для турыстаў і мінчукоў, у тым ліку кафэ, майстэрняў, галерэй, крамачак. Плануецца і стварэнне музея «Мінскі двор».
«Мы спадзяемся, што магчымы кампраміс гарадскіх уладаў з грамадскасцю знойдзе адлюстраванне і ў канцэпцыі развіцця квартала, якую разгледзіць кіраўнік дзяржавы», — сказаў каардынатар.
«Што тычыцца магчымасці звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта, то мы паглядзім на рэакцыю мясцовых уладаў, ці завяжацца дыялог. Калі пазіцыя ўладаў нас не задаволіць, звернемся да кіраўніка дзяржавы», — заявіў Кобрусеў.
Паводле naviny.by