Ляцець у IT ці вылецець у трубу?
Апошнімі днямі ў беларускім грамадстве актыўна абмяркоўваецца тэма IT: у кантэксце адпаведнай працы, адукацыі, уплыва на эканоміку і палітыку. У мяне на гэты конт — уласныя гісторыі.
Жылi-былi ў адной краiне дзве дзяўчынкi.
Дзяўчынка Евачка хадзiла ў прыватны дзiцячы садок: кожны дзень выхавацельнiца дасылала яе маме фота i вiдэа аб тым, чым займаюцца дзецi; у маленькай групе на 12 чалавек нiхто нiколi не быў абдзелены ўвагай; шматлiкiя забавы i развiваючыя заняткi ўлiчвалi найноўшыя педагагiчныя практыкi ды iндывiдуальныя падыходы. А калi бацькi затрымлiвалiся на працы i не паспявалi ўчасна забраць дачку, можна было не хвалявацца: увесь гэты час яна знаходзiлася пад добрым даглядам клапатлiвай выхавацелькi.
Дзяўчынка Стэфачка хадзiла ў дзяржаўны садок: перапоўненыя групы дзяцей фармавалiся па простым прынцыпе «дайце хабар i вашыя дзецi будуць запiсаны незалежна ад месца жыхарства». Для дзетак з асаблiвасцямi развiцця нiякiх асаблiвых падыходаў у гэтых змяшаных групах не магло нават iснаваць. У маленькiм мястэчку змагацца з самаўпраўствам адукацыйных устаноў складана: iх кiраўнiцтва ператвараецца ў местачковую мафiю. А таму, калi Стэфачка неяк вярнулася з садка з вошамi, усе спробы яе мацi дамагчыся закрыцця групы на карантын былi марнымi. На працу ў сталiцы, да якой дабірацца з гадзіну, маладой жанчыне разлiчваць не выпадала: роўна а 17-й неабходна было забiраць Стэфачку з садка, i таму даводзiлася перабiвацца мясцовымi падпрацоўкамi з невысокай аплатай, пакуль хаця б бацька дзяўчынкi атрымлiваў прыстойны сталiчны заробак.
Бацькi Евачкi былi праграмiсты. Цi, як зараз модна казаць, айцiшнiкi, проста менавiта тыя, якiя пiшуць коды, а не займаюцца iншай суправаджальнай айцi-працай. Яны былi малайцы: атрымалi добрую спецыяльнасць, уладкавалiся на добрую працу i з самага нараджэння свайго дзiця забяспечвалi ёй толькi найлепшае жыццё.
Бацькi Стэфачкi былi кухар i ветэрынар. Яны таксама былi малайцы i таксама намагалiся забяспечыць сваёй дачцэ самае лепшае. Проста нешта пайшло не так. I гэтае нешта называецца беларуская эканамiчная мадэль.
Гэта не сакрэт, што заробкi тых, хто заняты ў айцi, перавышаюць сярэднiя заробкi па краiне ў некалькi разоў. Менавiта гэтым кантрастам i намагаюцца прывабiць туды новых супрацоўнiкаў, бо кадравы голад усё яшчэ вялiкi. У сумных рэалiях нашай краiны айцi-сфера стала проста такой панацэяй, парталам у лепшы сусвет, куды магчыма збегчы ад галечы i прынiжэнняў. Прычым, збегчы даволi хутка i адносна лёгка: для самых разумных i таленавiтых праграмаванне можна вывучыць нават без грашовых укладанняў (дзякуй, iнтэрнэт i безлiч бясплатных навучальных рэсурсаў); для тых, хто не здольны вучыцца самастойна, курсы айцi прапануюцца з кожнага праса; ну i для тых, у каго зусiм не складзецца з кодзiнгам, можна проста ўвайсцi ў дыямантавы свет хоць тэсціроўшчыкам, хоць эйчарам, хоць скрам-майстрам, хоць кiм — заробак усё роўна будзе нашмат вышэй, чым на падобнай пазiцыi у якой-небудзь iншай сферы. Але гэта сапраўды iншы свет, якi ад гэтых самых нашых рэалiяў адарваны не толькi ў станоўчым сэнсе, а часта i ў адмоўным. Людзi губляюць сувязь з рэчаiснасцю i забываюць, дзе жывуць. Калi ў 2011 годзе здарылася моцная дэвальвацыя, мой брат-праграмiст не пабачыў нiчога катастрафiчнага ў тым, што заробак нашай мамы зменшыўся ўдвая: сапраўды, якая катастрофа, калi ён мае магчымасць даплацiць ёй на ўсё, на што не хапае, са свайго айцiшнага дахода, не падлеглага дэвальвацыйным ураганам? Катастрафiчнае пабачыла я, таму што эканомiка краiны павiнна працаваць для ўсiх, а не толькi для тых, чый заробак проста па збегу гiстарычных абставiн завязаны на замежнага i больш заможнага працадаўцу. Хто даплоцiць тым, у каго няма родных айцiшнiкаў? Хто паклапоцiцца пра людзей, што ўсё жыццё сумленна плоцяць падаткi? Па дадзеных партала dev.by, айці-супрацоўнікаў, паводле розных крытэраў, налічваецца ад 85 да 115 тысяч чалавек. Мяркуйце самі, што гэта за лічба адносна агульнай колькасці беларусаў.
А можа, давайце ўсе станем айцiшнiкамi i праблемы знкнуць? Будзем жыць багата i шчаслiва, любыя пытаннi вырашаць грошамi, якiх у нас будзе хапаць: тады i дзяцей можна аддаць у лепшы (платны) садок, i палячыцца можна ў лепшым (платным) месцы, i суддзя як трапiцца несумленны, пайсцi да лепшага (платнага?), i калі Мiнгарвыканкам не дазваляе мiрных сходаў — можа, проста даплацiм, каб дазволiлi? Ды што там, давайце ўжо проста скiнемся на лепшага прэзiдэнта.
Канешне, так не будзе. Бо, як я ўжо праiлюстравала прыкладам, забяспечыўшы сабе i сваiм самым блiзкiм матэрыяльны камфорт, людзi не пачынаюць рэзка думаць пра выратаванне краiны i цэлага свету. Адпачыць бы: ад таго, што няма ўласнага даху над галавой, не заўжды хапае на дзiцячыя рэчы i адукацыю; ад думак, як бы не захварэць на нешта, што патрабуе дарагога лекавання. I гэта ў лепшым выпадку, а ў горшым праца можа прыносiць такi мiзэрны даход, што на падставе гэтага каханыя сварацца ды разыходзяцца, сем’i руйнуюцца. У нейкiм сэнсе я магу зразумець гэтых людзей. Амерыканскi псiхолаг, аўтар iерархiчнай мадэлi патрэбаў Абрахам Маслоў лічыў базавымі менавіта тыя патрэбы — ежа, сон, здароўе, жыллё — якія цяжка задаволіць без належнай колькасці фінансаў. Але ў пiрамiдзе Маслоў яшчэ некалькі прыступак розных чалавечых патрэбаў, i з кожнай наступнай задавальняць iх грошамі складаней, а на самым версе i зусiм немагчыма. Не кожны пойдзе працаваць у айцi, не ў кожнага ёсць да гэтага памкненне i здольнасцi, зрэшты, гэтая праца багатая ўсiмi хваробамi, уласцiвымi для сядзячага офiснага ладу жыцця ды iнтэнсiўнай iнтэлэктуальнай дзейнасцi. Так, айцiшнiкi таксама плачуць: ад стрэса, дэпрэсii, біпалярнага разладу цi астэахандроза.
online.fliphtml5.com
Ды як жа мы апынулiся ў такiх умовах, што не думаем пра схiльнасцi, цi здольнасцi, цi памкненні, а думаем, як хутчэй трапiць у гэтую зону матэрыяльнага камфорта? Хаця насамрэч мы думаем пра гэта пару апошнiх дзесяцiгоддзяў, проста раней было модна мець па 2-3 працы, а зараз модна ўваходзiць у айцi. Што казаць, i сама грэшная: тры гады таму пачала i даволi паспяхова скончыла пачатковыя просценькiя курсы QA. Сутыкнулася з гэтым чароўным светам айцi, але… вырашыла, што гэты шлюб па разлiку — не маё. І вось чаму.
За людзей, якiя знайшлi выйсце, увайшоўшы ў айці, можна — i трэба — парадавацца. Але што рабiць усiм астатнiм? Калi, скажам, звычайны школьны настаўнiк проста любiць сваю працу? Любiць дзяцей, якiя кожны дзень весяляць забаўнымi выпадкамi ды радуюць упартасцю, высiлкамi i нечаканымi поспехамi. Любiць дарыць веды, бо ў яго гэта выдатна атрымлiваецца. Любiць ствараць тое, што ўзбагачае душы i розум вучняў. Цi такiя людзi, калi яны годна робяць сваю працу, не вартыя годнага жыцця? Цi мусяць яны кiдаць справу, якая прыносiць так шмат шчасця i iм, i дзецям, ды й усяму грамадству, проста для таго, каб выжыць?
Я хацела б жыць у краiне, дзе такой дылемы не паўставала б: нi ў настаўнiкаў, нi ў лекараў, нi ў мастакоў, нi ў супрацоўнiкаў музеяў, нi ў артыстаў, нi ў журналiстаў, нi ў таленавiтых кухараў цi нават бухгалтараў. Я хацела б бачыць вакол сябе супольнасць людзей, якiя iмкнуцца да самарэалiзацыi i раскрыцця свайго патэнцыялу, а не да таго, каб хаця б выжыць у матэрыяльным сэнсе. I шлях да такой супольнасцi цяжкі, доўгі, але гэта не шлях у айцi. Таму што трэба лячыць хваробу, а не сiмптомы. А значыцца, адзiнае i непазбежнае: любiць сваю краiну, быць сумленным i свядомым грамадзянiнам, салiдарным i смелым. I быць палiтычна i грамадска актыўным, канешне: не мiрыцца з несправядлiвасцю i свавольствам уладаў, не аддаваць свае правы без бою, не разменьваць будучыню сваiх дзяцей на сытае сёння. Нам адбудоўваць яшчэ вельмi шмат, i гэта складана, але вынiк стараннай руплiвай працы заўжды атрымлiваецца ўстойлiвы i радасны.
А што да працы, дзеля ўласнага псіхічнага здароўя яе ўсё ж варта выбiраць па поклiчу сэрца, а калi такая ёсць — не мяняць праз недахоп грошай. Па простай прычыне: самарэалiзацыя ў пiрамiдзе Маслоў знаходзiцца на некалькі прыступак вышэй за матэрыяльныя патрэбы. Наталiўшы другое, вы ўсё роўна не здолееце жыць без першага, але на нелюбiмай працы можаце страцiць i час, i нервы. Калi чалавек на сваiм месцы i сваю працу робiць добра, ды яшчэ i з натхненнем — толькi тады вынiк працы найбольш эфектыўны i для грамадства, i для самаго чалавека. Дарэчы, айцiшную працу таксама можна любiць — але з улiкам спецыфiкi галiны такiх сапраўды любячых яе людзей будзе зусiм няшмат. Не больш, чым у любой iншай прафесii.
Я пiшу гэтыя радкi восенню 2019 года, калi мая пляменнiца Ева яшчэ першы год у дзiцячым садку, а дачка маёй сяброўкi Стэфа — ужо апошнi. А я люблю iх абедзвюх, але толькi за адну не баюся i не хвалююся. А пакуль дзяцей, за будучыню якiх у гэтай краiне варта хвалявацца, так шмат, нельга складаць рукi. Трэба працаваць. Над сiмптомамi цi ўсё ж над хваробай — кожны няхай вырашыць для сябе.