Лісты за краты: Веру, што ёсць вышэйшая справядлівасць!
Усё часцей нам паведамляюць, што перапіска з вязнямі ледзь не спыняецца, нягледзячы на тое, што лісты за краты пішуць штодня сотні чалавек, прарываюцца туды адзінкі. Сёння свае лісты родным пішуць дзядуля з бабуляй байкера Мікіты Траццякевіча і жонка актывіста руху «Дзея» Кіма Самусенкі.

«Хутчэй сабрацца ўсім разам»

«Дарагі Мік!
Атрымалі твой ліст №4. Гэта вельмі добра, што ў цябе такі бадзёры настрой. Думаю, што ён дапаможа табе лягчэй пераносіць усе цяжкасці таго становішча, у якім ты аказаўся. Не губляй яго і ў далейшым.
Як бы нам хацелася, каб усё гэта скончылася найхутчэй, каб мы мелі магчымасць сабрацца ўсе разам і адзначыць першую гадавіну народзінаў нашай даражэнькай Васілісы. Але гэта, на жаль, толькі летуценні, бо мы пакуль што знаходзімся ў трох розных месцах, а каб усім нам сабрацца ў адным — гэтаму павінна паспрыяць вельмі шмат фактараў. Тым не менш мы не губляем надзеі на тое, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Ты вызначыў для сябе дату вызвалення 10.08. (Дзень тваіх народзінаў).
Дарагі Мік! Мы рэгулярна атрымліваем усе звесткі пра тваю дачушку. На апошнім відэа яна выглядае такой жвавай, хутка рухаецца сваім спосабам па ўсёй кватэры, пра нешта хоча сказаць. Цудоўнае відэа. Мы кожны дзень з такім замілаваннем яго праглядаем.
У нас пакуль усё добра, калі так можна сказаць. Здароўе, як кажуць, па ўзросце. А ўзрост, як сам ведаеш, ужо даволі сталы, мякка кажучы. Актыўна рыхтуемся да дачнага сезону. Пасадачны матэрыял ужо перарастае, і ён расце так хутка, бо з кожнай раслінкай бабуля размаўляе як з немаўляткам (так яна размаўляе з Васілісай, калі праглядае фота і відэа). А цяпла як не было, так няма. Гэта вялікая перашкода, але нічога не зробіш.
Дарагі Мік! Мы цябе вельмі любім, перажываем за цябе, спачуваем табе. Калі жыццё працякае спакойна (ламінарна), то многія пачуцці прытупляюцца, і толькі ў бядзе, у горы тыя ж пачуцці праяўляюцца больш выпукла і рэльефна.
Вельмі хочацца пажадаць табе добрага здароўя, настрою, каб табе, як мага лягчэй перанесці ўсе цяжкасці твайго складанага становішча, і каб усіх нас не пакідала вялікае жаданне на хуткую сустрэчу.
Да пабачэння, наш даражэнькі prisonnier, Бабуля, Дзядуля».
Адрас для лістоў: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Мікіта Андрэевіч Траццякевіч.
«Беражы сябе, родны!»

«Коханий Кім!
Я тебе дуже-дуже кохаю і дуже сумую! У нас усё добра, не хварэем, настрой аптымістычны! Мы з дачкой Ладай чакаем цябе. Нас падтрымлівае шмат добрых людзей ва Украіне, Беларусі і ў іншых краінах! Не перастану паўтараць дзякуй вялікі ім за гэта.
Беражы сябе, родны! Мы разам, нягледзячы на часовыя перашкоды.
А калі гэта маленькае пасланне ў газеце ты не атрымаеш, то няхай як мага больш людзей ведае, што я ганаруся табой, падтрымліваю і веру, што ёсць вышэйшая справядлівасць! Усё абавязкова будзе так, як трэба.Абдымаем і цалуем, жонка Леся і дачка Лада :)»
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Кім Андрэевіч Самусенка.