Лісты за краты: родныя і сябры пішуць Анастасіі Бульбенка

Газету «Новы Час» выпісвае палітвязень, студэнтка Анастасія Булыбенка. Таму яе сваякі, сябры і проста салідарныя з ёй людзі вырашылі перадаць прывітанне і словы падтрымкі.

bulybenka_01.jpg

«Сёння табе надзвычай не проста. Але ведай, што ўсё не дарма! Узнялася велізарная хваля салідарнасці з палітвязнямі. І мы думаем пра цябе ўвесь час, наша сонца. Хочам, каб не сумавала і верыла ў сябе і нас. Хутка вясна — і ўсё абавязкова зменіцца да лепшага! Прывітанне ад К.».
«Ёсць законы фізікі, усяго астатняга, але галоўнае — не забываць пра Правіла трох “НЕ”. Сонца, ты заўсёды свяціла вельмі ярка, і краты гэтаму не перашкода. Дзяніс».
«Хачу сказаць табе вялікі дзякуй за ўсё, што ты зрабіла і робіш для нас ды нашай краіны. Дзякуй за натхненне, цёплыя словы, падтрымку і лісты! Памятай, што мы цябе вельмі любім і чакаем! З любоўю, Ніка».«Колькі сонейка за краты не садзі, але свяціць яно ўсё роўна будзе! Дык вось, ты і ёсць гэта сонейка, і мы ўсе падтрымліваем цябе! Ты не адна, запомні гэта!»
«Ты — наш герой. Ты вялікая малайчынка, дзякуй табе за тое, што ты ёсць, бо ты не даеш нам здацца — і мы не здадзімся. Мы ўсе верым у тое, што ўсё будзе добра, і спрабуем наблізіць гэты момант як мага хутчэй. Саша, жаночы марш :)»
«Нас могуць пазбавіць волі, але не могуць адабраць у нас усмешку і магчымасць саграваць любоў і веру ў нашых сэрцах».
«Маё сонца! Ты — адкрыццё гэтага года. Вельмі ганаруся і рады нашаму знаёмству. Ты натхняеш сваёй устойлівасцю і ўпэўненасцю. Ты — наша золата. Я цябе вельмі люблю і моцна абдымаю. Упэўнены, што зусім хутка мы з табой, як і ў мінулы раз, будзем бесклапотна гуляць па вуліцах роднай краіны!»
«Мая родная дачушка! Ты вельмі моцная і смелая, я так ганаруся табой! У гэтыя цёмныя і неспакойныя часы ты так адважна захоўваеш сваё святло, не дазваляючы нікому ўсумніць цябе. Верце ў дабро і любоў, а ты дакладна ведаеш, што гэта самае галоўнае ў жыцці! Вельмі сумую, мядзведзік, і так моцна люблю!!! Моцна трымаю цябе за руку, заўсёды побач з табой, мой герой!!! Разам назаўсёды!»
«Асенька, мы табой ганарымся, любім цябе, захапляемся табой, ты самая моцная і мужная дзяўчынка ў свеце, ведай: каго вельмі чакаюць, той і з “пекла вернецца”! Мы цябе вельмі чакаем... Каця К.».
«Мы з табой разам ляпілі шашкі з хлеба і мылі адна адной галаву ў Баранавічах. Ты здаешся вельмі далікатнай, але на самай справе ў табе прыхаваная тая сіла, якую немагчыма перамагчы. Упэўненая, што перамога будзе на тваім баку, і ты паставіш шах і мат!»
«Сіла ў праўдзе, а праўда з намі. Дарагая Ася, мы ўсім сэрцам і душой тут, побач з табой. Хутка Сонца ўзыдзе. З любоўю, Мікіта і Кірыл».
«Не заўважая злыя твары/ Шукай! У снах юнацтва свае мары! Сябар Г.».
«Нас шмат — і мы разам! Мы побач з табой, трымайся! Хутка вясна»...