Леанід Судаленка з СІЗА: Сядзець пасля пяцідзесяці — суцэльнае пекла

Гомельскі праваабаронца ўжо паўгады знаходзіцца пад следствам у СІЗА№ 3 Гомля. Яго вінавацяць па арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Следства ўжо скончана, неўзабаве адбудзецца суд. Адзіная сувязь з палітзняволеным праваабаронцам праз лісты з турмы.

img_6842_2.jpg

Рэчыцкі актывіст з кампаніі «Гавары праўду» Алег Шабетнік падзяліўся з рэдакцыяй «Гомельская вясны» лістом з гомельскага СІЗА ад праваабаронцы.
«Дарагі, Алег. Дзякуй за ліст, за падтрымку, якой тут заўжды не хапае. У першую чаргу маральнай! Накатвае іншым разам, няма куды падзецца – хандра і кепскі настрой тут, як вядома, у абдымку ходзяць, таго і глядзі асядлаць хочуць, на шыю ўскочыць.
Ліст твой прыйшоў за 5 дзён і гэта добры вынік. На газеты мяне жонка падпісвае, так што дзякуй, можа Таццяну (Ласіцу, – ад аўт) трэба падтрымаць. З Аленай (Лянкевіч) я на сувязі, жартуем адзін з адным, а вось, што да яе прыйшлі (у Алены ў ліпені быў ператрус, – ад аўт.) гэта кепска, хаця сёння лягчэй палічыць да каго не прыйшлі. За Іллю Міронава я чуў, толькі не ведаю ІЧУ ці да нас. А Васілія (Палякоў, – ад аўт.) арыштавалі за што, якія прад’явы?
Ад спёкі тут паратунку няма, выратоўвае халодная вада з-пад крана, у дворыках стаіць парніковы эфект, гуляць немагчыма, хіба толькі раніцою.
Цалкам згодны са старым крымінальнікам, што сядзець пасля 50-ці суцэльнае пекла. Моладзь на прагулках адціскаецца, бегае, а мне пахадзіць 5 тыс. метраў і тое радасць. Днямі ў мяне было паўгады (180 дзён), а наперадзе невядомасць. Мяркуючы па падзеях на свабодзе, канца і краю ўсяму не бачна. Настройваю сябе на ўсе тры гады. У верасні па новых правілах адзін год будзе мінус.
Выпадак з сіратой жахлівы (Алег Шабетнік распавёў Леаніду пра свайго знаёмага сірату, які ўпаў з дрэва і стаў інвалідам, прыкутым да ложку, – ад. Аўт.), вось лёс злодзей. Дапамагайце па меры магчымасцяў.
Прывітанне людзям, ГП, з павагай Леанід. 19.07.21».
Гомельская вясна