«Леанарда». Што за сістэма, на якую пераходзіць «Белавія»?
У авіякампаніі «Белавія» — тэхнічныя праблемы. З 1 верасня ў офісах продажаў авіякампаніі і агентаў, на сайце, а таксама ў мабільным дадатку «Белавія» часова недаступныя браніраванне, купля, абмен і вяртанне авіябілетаў, а таксама дадатковых паслуг.
Таксама часова не вырабляецца папярэдняе афармленне дадатковых паслуг: папярэдні выбар месца, дадатковы багаж, правоз спартыўнага рыштунку, музычных інструментаў, зброі, перавозка жывёл, перавозка несуправаджаемых дзяцей і іншыя.
Усе гэтыя абмежаванні — часовыя, і звязаныя з пераходам на расійскую сістэму браніравання квіткоў «Леанарда».
«Леанарда» — дзіця санкцый
Пра стварэнне айчыннай сістэмы браніравання авіябілетаў у Расіі казалі даўно, і ў гэтым разе можна сказаць, што вайна ва Украіне паспрыяла штуршку тэхналогій. Сістэма «Леанарда» была створаная карпарацыяй «Растэх» (яна займаецца высокатэхналагічнымі распрацоўкамі, у асноўным, у галіне ўзбраення) у экстраным парадку, пасля нападу Расіі на Украіну, калі паўстала рэальная пагроза глабальных санкцый у дачыненні да авіяперавозчыкаў. Расійскія авіякампаніі да вайны карысталіся заходнім прадуктам, але, калі пагроза адключэння заходніх сістэм браніравання авіябілетаў стала рэальнасцю, ім прыйшлося распрацаваць сваё.
Як адзначалася ў прэс-рэлізе «Растэха», «”Леанарда” стала надзейнай альтэрнатывай, дазволіла захаваць устойлівасць вытворчых працэсаў расійскіх авіяперавозчыкаў і пазбегнуць страты крытычна важных даных».
Ужо 4 красавіка 2022 года ў «Растэху» абвясцілі пра гатоўнасць за суткі перавесці авіякампаніі на расійскую сістэму браніравання «Леанарда» — то-бок, маштабная праца была праведзеная літаральна за месяц.
«Сістэма названая ў гонар Леанарда Да Вінчы, вялікага вучонага Сярэднявечча. Менавіта ён склаў першы звод ведаў аб лятальных апаратах — “Кодэкс аб палёце птушак”. Акрамя таго, мы ведаем яго як мастака, прыродазнаўцу, пісьменніка і вынаходніка. Яго працы належаць усяму чалавецтву, а яго імя сёння з'яўляецца сінонімам першаадкрывальніка. У гэтай сувязі выбар назвы “Леанарда” для першага расійскага сэрвісу абслугоўвання авіяпасажыраў выглядае цалкам лагічным», – растлумачылі ў дзяржкарпарацыі.
Канешне, не без багаў
Расійская сістэма браніравання была створана ў двух варыянтах — асноўным (для паступовага планавага пераходу авіякампаній) і рэзервовым (для экстранага падлучэння і забеспячэння стабільнай працы галіны ў выпадку эксцэсаў). Рэзервовая сістэма гатовая да рэжыму экстранага пераходу ў сціслыя тэрміны (да 24 гадзін).
Расійскія авіякампаніі на сістэму браніравання «Леанарда» пачалі пераходзіць 1 лістапада. Першы ж незадаволены з'явіўся праз 10 хвілін з моманту пераходу. Пасажыр, які вылятаў з Уладзівастока ў Магадан, стаў «нябачным»: ён не змог назваць нумар білета, таму што авіякампанія не паведаміла аб пераходзе, не паведаміла новы код браніравання і новы нумар білета. А без гэтых даных ён — пустое месца.
Сістэма падзяляла пасажыраў на розныя рэйсы, самастойна мяняла дату вылета, забараняла анлайн-рэгістрацыю і выбар месца, а таксама прызнавала дакументы несапраўднымі. Тых, хто скардзіўся, было гэтак шмат, што час чакання адказу аператара «гарачай лініі» авіякампаній мог быць да гадзіны.
Прадстаўнікі авіякампаній (у прыватнасці, «Аэрафлота») тлумачылі: так і павінна было быць. Таму што ў першую чаргу айчынная сістэма браніравання «Леанарда» запусціла асноўны функцыянал. «А іншыя магчымасці (выбар месцаў, абмен аформленых да пераходу білетаў, набыццё бізнес-дакумента) уводзяцца ў эксплуатацыю паступова».
Як мы бачым цяпер па «Белавія», гэтыя «багі» і «глюкі» выпраўленыя не былі і праз 9 месяцаў. Таму кліентам беларускай авіякампаніі давядзецца некаторы час пачакаць, пакуль увесь функцыянал «Леанарда» не ўсталюецца ў сістэме.
А потым усё ўтрэслася
Цяпер на сістэму браніравання «Леанарда» перайшлі 50 расійскіх авіякампаній, сярод якіх Red Wings, «Аўрора», «Руслайн», «Ямал», «Ютэйр», «Алроса» і іншыя. Прычым «Леанарда» — не адзіная расійская распрацоўка ў гэтай сферы. Ёсць яшчэ сістэма «ТАІС», яе выкарыстоўвае авіякампанія S7 Airlines.
Сістэма «Леанарда» дапрацоўваецца асобна для кожнай авіякампаніі з улікам IT-ландшафту і індывідуальных патрабаванняў. Сёння «Леанарда» забяспечвае ўвесь неабходны авіяперавозчыкам функцыянал і падыходзіць для розных тыпаў авіякампаній — міжнародных, рэгіянальных, чартэрных і лаўкостэраў. З моманту пераходу расійскія авіякампаніі перавезлі з дапамогай «Леанарда» ўжо больш за 44 мільёны пасажыраў.
Гэтую сістэму таксама пераарыентавалі і на экспарт. Расійскія вытворцы прапанавалі яе Венесуэле. Па словах сустаршыні расійска-венесуэльскай міжурадавай камісіі, міністра нафты Венесуэлы Пэдра Тэльечаа, расійская сістэма афармлення паветраных перавозак «Леанарда» «дасць магчымасць істотна павысіць бяспеку палётаў і выключыць пагрозу адключэння ад сістэм браніравання з боку недружалюбных дзяржаў». Выкарыстоўваць АІС «Леанарда» будзе асноўная авіякампанія Венесуэлы — Conviasa.
Так што «Белавія» — не першая замежная авіякампанія, якая пераходзіць на гэтую сістэму.
Адзінае, што чакае праграмістаў «Белавія» — гэта адлоў тых самых «багаў» і «глюкаў» у сістэме. Але, будзем спадзявацца, што ім дапамогуць калегі, якія з тымі праблемамі ўжо сутыкаліся — напрыклад, з «Аэрафлоту». І з цягам часу такіх праблем, як цяпер, у «Белавіі» не будзе.