Кнігарню «Логвінаў» засудзілі на 1 млрд рублёў

Сёння, 9 студзеня, у Эканамічным судзе Мінска было вынесена рашэнне па кнігарні «Логвінаў», якую вінавацілі ў продажы кніг без ліцэнзіі Мінінфармацыі.



2lohvinau0501.jpg

Прынята рашэнне аштрафаваць кнігарню на 30 базавых велічыняў (5 млн 400 тыс. рублёў), а таксама канфіскаваць выручку з абароту на суму 961 млн 251 тыс. 353 рублі. Логвінаў сцвярджае, што гэта не выручка, а абарот крамы.
Рашэнне можа быць абскарджана цягам 10 дзён.
Першае пасяджэнне 5 студзеня доўжылася каля 50 хвілін. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кулакоўскі. У першы дзень прадстаўнік падатковай інспекцыі выказваў свае прэтэнзіі. Ігар Логвінаў з адвакатам даводзілі няслушнасць заўваг.
У снежні ў кнігарні «логвінаЎ» раптоўна з'явілася пазапланавая падатковая праверка. Памяшканне апячаталі, праверылі дакументы. За выяўленыя парушэнні выставілі штраф — 961 мільён рублёў (на сёння гэтая сума ў даляравым эквіваленце знізілася на $20 тысяч — прыкладна да $65 тысяч). Гэтую суму і спаганялі праз суд. Галоўная ж прэтэнзія падатковай — праца без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі. Такое новаўвядзенне — ліцэнзія на кніжны гандаль — з’явілася са студзеня 2014 года. Логвінаў шэсць разоў звяртаўся па яе ў міністэрства, але ўсё атрымліваў адмову (яшчэ двойчы ў яго не прымалі дакументы). Цяпер дзеянні Мінінфармацыі ён абскарджвае ў Вярхоўным Судзе.
Ігар даводзіў суддзі, што амаль мільярд — гэта не прыбытак, а сума абароту. А кнігарня рэальна працуе «ў нуль».
Другое судовае пасяджэнне праходзіла 9 студзеня. Суддзя Кулакоўскі звярнуў увагу, што згодна з КоАП, пад прыбыткам ад незаконнай дзейнасці маецца на ўвазе ўся сума выручкі. Таму апеляцыі Логвінава не маюць падстаў.
Суддзя цікавіўся, чаму Логвінаў не абскарджваў адмовы Міністэрства інфармацыі раней, а толькі апошнюю. Ігар патлумачыў тым, што гэта патрабуе дадатковага часу, прыцягнення працы спецыялістаў. Таму палічыў, што прасцей будзе выправіць прэтэнзіі міністэрства.
Цяпер кнігарня аформлена не на Логвінава, а на іншую юрыдычную асобу. Ігар спадзяецца, што гэта ўсё-такі дазволіць атрымаць ліцэнзію і кнігарня працягне працу.
ПУП «Логвінаў» (гэтай юрасобе належала кнігарня) пагражаў штраф у 500 базавых велічынь (90 мільёнаў рублёў) з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, альбо без канфіскацыі, альбо з пазбаўленнем права займацца вызначанай дзейнасцю. Цяпер, калі прэтэнзіі падатковай суддзя Кулакоўскі прызнаў абгрунтаванымі, да справы можа падключыцца Дэпартамент фінансавых расследаванняў.
nn.by