«Кірмаш праектаў для Маладзечна»: як палепшыць жыццё горада?

У кастрычніку на платформе Talaka.by стартаваў конкурс крэатыўных ідэй «Кірмаш праектаў» для Маладзечна, арганізаваны культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і Школай маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

kirmash_mala6_web.jpg


Кірмаш праектаў — гэта конкурс ідэй, якія здольныя вырашыць культурніцкія і/ці сацыяльныя праблемы гарадской прасторы, дзякуючы якому аднадумцы знаходзяць партнёраў для ўвасаблення задумы. Для нашай краіны гэта новы фармат публічных мерапрыемстваў. Некалькі гадоў кампанія «Будзьма беларусамі!» паспяхова ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі з мэтай дапамагчы ў вырашэнні важных пытанняў і палепшыць жыццё мясцовых жахароў.
Цэлы месяц на платформе Talaka.by збіраліся і абмяркоўваліся ідэі, праходзіла галасаванка. І цяпер аўтары праектаў маюць магчымасць публічна прэзентаваць свае задумы шырокай публіцы.
24 лістапада ў адукацыйным цэнтры «Адкрытая прастора» ў Маладзечне адбудзецца Кірмаш праектаў. Усе прысутныя атрымаюць магчымасць натхніцца досведам актыўных і цікавых людзей роднага горада, а аўтары ідэй змогуць атрымаць экспертную і народную ацэнку свайго праекта, апрабуюць і прарэкламуюць свае задумы. Акрамя гэтага, Кірмаш праектаў — выдатны шанец знайсці аднадумцаў і партнёраў, пляцоўкі і рэсурсы, стаць культурным героем не толькі ў Маладзечне, але і ва ўсёй краіне!
Такім чынам, увечары найбліжэйшага  чацвярга будуць прадстаўленыя 14 праектаў:

  • «Танцавальны тур па грамадскіх месцах Маладзечна» (Воля Трубач) – арганізацыя танцавальных вечарын у грамадскіх месцах;
  • «Гарадок – вядомы і невядомы» (Аляксей Жахавец) – напаўненне і прасоўванне сайта пра мястэчка Гарадок і яго наваколле;
  • «Валанцёрская відэастудыя» (Руслан Кісялёў) – рэалізацыя крэатыўных праектаў і развіццё творчага патэнцыялу праз стварэнне відэаролікаў;
  • «Праспект «РГ» (Наталля Тур) – новы фармат культурнага адпачынку і знаёмства з мясцовымі навінамі;
  • «Прыхаванае вякамі» (Алеся Каролік) – відэапраект пра дзейнасць выбітных асоб Маладзечна;
  • Клуб рэгіянальных мастакоў (Алена Скабло) – актывізацыя мастацкага жыцця ў горадзе праз стварэнне мастацкага аб’яднання;
  • «Cinema Verite» (Вольга Пятрова) – стварэнне дзіцячай кінашколы;
  • «Акно ў мінулае» (Яўген Марушка) – серыя адукацыйных семінараў, прысвечаных  культуры і традыцыям Беларусі;
  • «Папулярызацыя міжваеннай архітэктуры Маладзечна» (Уладзімір Садоўскі) – раскрыццё малавядомых старонак гісторыі Маладзечна на прыкладзе міжваеннай архітэктуры горада;
  • «Музей выцінанкі» (Наталля Сухая) – стварэнне прасторы для рэалізацыі творчых праектаў мастацкага і этнаграфічнага характару;
  • Міні-парк «Уша» (Руслан Кісялёў) – арганізацыя новага гарадскога аб’екта адпачынку, спорту і культуры;
  • «Здаровы горад!» (Андрэй Буслаўскі) – ідэя стварэння велаінфраструктуры ў Маладзечне;
  • «Забаўлянкі-выцінанкі» (Вольга Бабурына) – выданне і распаўсюд серыі паштовак з выцінанкамі і лекаламі праз выставы, прэзентацыі і варштаты;
  • «Горад майстроў» (Павал Хаванскі) – серыя майстар-класаў па народным рамёствам для ўсіх зацікаўленых.


Зацікавілі тэмы? Хочаце быць у курсе, куды рухаецца супольнасць самых актыўных і творчых людзей Маладзечна? Адчуваеце ў сабе здольнасць дапамагчы? Прыходзьце на Кірмаш!
Не заставайцеся ўбаку! Разам мы можам зрабіць неверагоднае!Даведкі: (29) 712–18–03, budzma.by, talaka.by.
Сачыце за «Кірмашом праектаў» у сацыяльных сетках Вконтакте і Facebook.