Кіраўніка ІТ-кампаніі «Aivitam» арыштавалі на 15 сутак

Агулам за снежань сілавікі затрымалі як мінімум 5 прадстаўнікоў ключавых ІТ-кампаній, што працуюць у Беларусі.

2873ffd5_6ed9_41f3_9085_090b64fbbaee_cx0_cy10_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Паводле інфармацыі праваабарончага рэсурса spiski.live, інвестар і дырэктар кампаніі «Aivitam» Дзмітрый Досаў асуджаны на 15 сутак. Суд адбыўся 13 снежня. За што менавіта судзілі бізнесмена і дзе ён адбывае пакаранне на гэты момант, невядома.

Толькі з 1 снежня сілавікі затрымалі як мінімум 5 топ-менеджараў і іншых заўважных прадстаўнікоў ІТ-кампаній: Дзяніса Насуру («EPAM»), Глеба Скуратава («Oxagile»), Дзмітрыя Плашчынскага (сузаснавальніка і распрацоўшчыка «WiFi Map»), Андрэя Швыдрыка («EPAM»), піша dev.by.

15 снежня, нагадвае «Свабода», падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць Лукашэнка абазначыў праціўнікаў, нелаяльных уладзе: «На прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас таксама ёсць... Каб не адбылося гэтага і цяпер і каб нам не прыйшлося зноў па вуліцах з аўтаматамі бегаць».