КДБ адмовіўся кампенсаваць маральную шкоду фігуранту «Справы патрыётаў»
Суд Маскоўскага раёна Мінску вынесе рашэнне па справе Зьмітра Крамянецкага 14 снежня, паведамляе "Радыё Свабода".
Трэцяе судовае паседжанне па справе Змітра Крамянецкага, які патрабуе ад дзяржавы кампенсацыю нанесенай яму маральнай шкоды, прычыненай дзеяннямі КДБ, прайшло ў судзе Маскоўскага раёна.
На ім у якасці адказчыкаў прысутнічалі прадстаўнікі КДБ і Міністэрства фінансаў, якія адмовіліся прызнаць позву Крамянецкага абгрунтаванай.
Прадстаўнік трэцяга боку са Следчага камітэту Кірыл Нікалаевіч Саўбочкаў
Падчас разбіральніцтва прадстаўнік КДБ заявіў, што прызнаваць права
Крамянецкага на кампенсацыю павінен Следчы камітэт, якому была перададзеная
«справа Белага легіёну».
На думку прадстаўніка Змітра Крамянецкага Марыі Колесавай-Гудзілінай, прызнаваць права Крамянецкага на кампенсацыю маральнай шкоды павінен менавіта КДБ, так як закрываў справу ў дачыненні да Крамянецкага гэты орган, а не СК (гэта адбылося яшчэ 2 чэрвеня). Раней Крамянецкі атрымаў ад Следчага камітэту паведамленне аб тым, што адказ аб магчымасці кампэнсацыі ён павінен атрымаць у КДБ.
«Атрымліваецца, што кожны можа быць затрыманы, пасля яго справу закрыюць,
матэрыялы перададуць у іншы орган — і ён згубіць права на кампенсацыю», —
сказала Колесава-Гудзіліна падчас пасяджэння.
Крамянецкі падаў позву аб кампенсацыі нанесенай яму маральнай шкоды яшчэ ў жніўні, пакуль гэта адзіны фігурант «справы Белага легіёна», які спрабуе атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы.
«Я хачу кампенсацыі маральнай шкоды, — расказаў у размове з “Радыё Свабода” сам Зміцер Крамянецкі. — Мы параіліся з юрыстамі, з адвакатам і вырашылі, што кампенсацыя павінна быць такой. 10 тысяч беларускіх рублёў. У мяне была пастанова аб спыненні справы са Следчага камітэту. Аднак пазней там сказалі, што памыліліся, і я павінен атрымаць такую паперу з КДБ. КДБ маўчыць».
Справу разглядае суд Маскоўскага раёну Мінску, дата наступнага пасяджэння пакуль невядомая.
***
Актывіст «Маладога Фронту» Зміцер Крамянецкі быў затрыманы 23 сакавіка і правёў за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага 9,5 сутак. Па «справе Белага легіёну» ён знаходзіўся ў статусе падазраванага, абвінавачванні Крамянецкаму выстаўленыя не былі.