Казакевіч: Сітуацыя выглядае як адміністрацыйнае ўзмацненне выбарчых камісій
Палітолаг Андрэй Казакевіч — пра тое, якімі могуць быць наступствы змены кіраўніка ЦВК.
— Чуткі пра тое, што Ярмошына павінна сысці ў адстаўку, хадзілі даўно. Яна ўжо і сама прасіла аб гэтым. Мінулы год для яе быў звязаны з вялікім стрэсам. Фактычна тая сістэма, якая была выбудавана з канца 90-х, у тым ліку і з яе дапамогай, зламалася, шмат што выйшла з-пад кантролю, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» дырэктар інстытута «Палітычная сфера», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч. — Мяркую, што ўнутры ўладных калідораў была доўгая дыскусія — ці трэба ўсё ж яе мяняць ці не, і на каго.
На кандыдатуру экс-міністра адукацыі Ігара Карпенкі, на думку палітолага, выбар упаў не выпадкова. Ён і раней меў уплыў на большую частку сяброў выбарчых камісій, якімі з'яўляліся педагогі.
— Яго прызначэнне кажа аб тым, што стаўка будзе зроблена на ўзмацненне дысцыпліны. Карпенка, як вядома, з'яўляецца гэткім хэдлайнерам, чалавекам, які адкрыта негатыўна ставіцца да апазіцыі. Чалавекам, які ніякім чынам ніколі не дэманстраваў дэмакратычных поглядаў. У сістэме адукацыі ён праводзіў вельмі цвёрдую ідэалагічную лінію.
Улічваючы тое, што значная частка выбарчых камісій фарміруецца за кошт выкладчыкаў, настаўнікаў, то, магчыма, яго арганізацыйны досвед спатрэбіцца для таго, каб мабілізаваць ужо ў новых больш складаных умовах.
Сітуацыя з гэтым прызначэннем выглядае менавіта як адміністрацыйнае ўзмацненне выбарчых камісій. Варта чакаць яшчэ большай закрытасці, яшчэ большага кантролю за працэсам галасавання, яшчэ большага кантролю за адборам сябраў камісій, каб з імі не было праблем, і іншых адміністрацыйных працэдур па закручванні гаек у выбарчым працэсе, — мяркуе суразмоўца.