Каставая структура беларускага грамадства
За дваццаць гадоў перапраграмавання тыповых роляў узніклі чатыры выразныя нават не класы, а касты.
За савецкім часам класавая прыналежнасць беларуса вызначалася блізкасцю да наменклатуры, доступам да закрытых «сталоў заказаў». Калі ў некага з блізкіх была праходка на падземны паверх Дома ўрада, калі ты мог здабыць каньяк «Напалеон» ці салодкі лікёр «Шэры» з «Бярозкі», калі летам мог выправіць жонку ў Крым па прафсаюзнай пуцёўцы, а дзіця — у летнік «Зубраня», ты быў богам.
У 90-я класавая структура грамадства кардынальна змянілася: «элітай» сталі бандзюкі, другую пазіцыю ў «табелі аб рангах» утрымлівалі бізнесоўцы (часцяком першых ад другіх адрозніць было складана). Наменклатура вымушаная была перакваліфікавацца ў гандляроў «чырвонай ртуццю», пастаўшчыкоў «БелАЗаў» без колаў.
Потым прыйшоў 1994-ы, і класавае грамадства 90-х абрынулася. Першымі раптоўна зніклі бандзюкі. Потым бізнесоўцы страцілі свой сакральны статус, ператварыўшыся ў перапужаных дойных каровак. Навокал разгортвалася салодкая ўтопія «сацыяльнай дзяржавы», якая настойліва прапаноўвала лічыць сябе «бяскласавым грамадствам». Грамадствам, якое, калі верыць дзяржаўным газетам, складалася выключна з «народа» і ягоных «слуг». За дваццаць гадоў перапраграмавання тыповых роляў узніклі чатыры выразныя нават не класы, а касты. Калі ў Індыі і Непале каставая іерархія выбудоўваецца ў залежнасці ад блізкасці чалавека да сакральнага свету багоў, у Беларусі найбольш пачэсныя сацыяльныя ролі вызначаюцца належнасцю да ліку «ўтрымальнікаў парадку» і блізкасцю да механізмаў перадачы і зберагання ўлады.
Брахманы
У Індыі найвышэйшай кастай ёсць каста святароў, ці брахманаў. У Беларусі ўплывовыя святары таксама ёсць, але, у адрозненне ад Расіі, яны не ўтвараюць самастойнага сацыяльнага кола. Царква тут не ўлучаная ў дзяржаўнае цела, яна стаіць побач і віншуе ўсіх са святамі. Ролю брахманаў у сучаснай РБ адыгрываюць чальцы так званага «сілавога блоку»: іерархі сілавых структур, людзі, якія маюць паўнамоцтвы абмяжоўваць волю, весці следства і выносіць прысуды. У рамане «Лямпа Мафусаіла, ці Крайняя бітва чэкістаў з масонамі» Віктар Пялевін вызначаў статус генерала ФСБ у сучаснай Расіі наступным чынам: «Гэта нешта кшталту японскага князя. У яго ёсць свой клан, свае самураі, сяброўскія бізнес-структуры і вельмі салідныя фінансавыя актывы, ніяк проста на яго не запісаныя».
Нейкі час таму Беларусь магла б з усходняй суседкі пагардліва пасмяяцца: сілавікі не атаясамліваліся тут з сёгунамі, іх прывілеі (ільготныя крэдыты на жытло, ранні, у 45 гадоў, выхад на пенсію) выглядалі блякла на фоне прывілеяў, якія даваліся іншым сацыяльным групам. Потым ільготныя крэдыты для маладых сем’яў, шматдзетных бацькоў ды іншых катэгорый скасавалі ці перагледзелі, а пенсійны ўзрост для звычайных грамадзян паднялі. Брахманаў скарачэнне сацыяльных гарантый не закранула ці амаль не закранула.
Навіны апошніх месяцаў яшчэ болей падсвяцілі асаблівы, адметны статус брахманаў як тых, каму дазволена болей, чым астатнім. Што, дарэчы, цалкам вытлумачальна: у сітуацыі скасавання былога сацыяльнага кантракту людзі з гумовымі дручкамі робяцца асноўным аргументам у вырашэнні спрэчак з незадаволенай большасцю. Напружанне прадказальна расце, але магчымасці выпраўляць перагіны на месцах звужаюцца: калі пакрыўдзяцца брахманы — незразумела, якімі аргументамі заміраць іх.
Асяроддзе тым часам пабачыла зрух межаў дазволенага і пачало паволі дазваляць сябе болей. Шматлікія выпадкі п’янай язды, ДТЗ, выкарыстанне сілы і нават зброі — усё гэта не пацягнула адстаўкі на самым высокім узроўні, зацвярджаючыся ў якасці нейкага новага стандарту. Адзін песіміст прадказаў гэтай касце доўгую і бесклапотную будучыню, бо хто б і калі ні прыходзіў да ўлады, спакуса захаваць армію гіперлаяльных людзей з асаблівым статусам і з развітым рэфлексам выканання загадаў будзе вельмі вялікай.
Кшатрыі
Каста воінаў у Індыі і Непале супастаўляльная па ступені пачэснасці з беларускім чынавенствам. Сёння афармленне гэтай сацыяльнай групы ўжо завяршылася: чыноўнікі жывуць асобна (катэджныя пасёлкі ёсць не толькі ў Мінску, але і ў любым меншым гарадку), закупаюцца асобна (у сталіцы ролю шопінг-парадызу граюць два буйныя гандлёвыя цэнтры, дзе раз-пораз сустракаеш твары з тэлевізійных навін), маюць выразныя адрозненні ў манеры апранацца і нават гаварыць.
Як і ў Індыі, кшатрый — гэта дынастычная роля, якая перадаецца ў спадчыну: належнасць да касты і прозвішчы бацькоў спрашчаюць паступленне ў спецыялізаваныя ВНУ, якія рыхтуюць будучых кшатрыяў. Як і ў Індыі, вертыкальная мабільнасць амаль адсутнічае: якім бы добрым кшатрыем ты ні быў, ніхто ў брахманы цябе не перавядзе, радзіўся чыноўнікам — не лезь у сілавікі, там асобная этыка і правілы.
Вайш’і
Каста гандляроў і сялян у Беларусі складаецца з дзялкоў і бюджэтнікаў. Як і ў выпадку з Індыяй, тут ёсць унутраная іерархія: банкаўскі службовец можа лічыць сябе амаль роўняй кшатрыям (хай сабе міжкаставы шлюб не будзе вельмі імаверным), а вось школьная настаўніца будзе пакорліва глядзець у рот супрацоўніку райвыканкама, прызнаючы ягонае верхавенства.
Як ужо было сказана вышэй, бюджэтнікі ў Беларусі падзяляюцца на два тыпы — тых, што маюць непасрэднае дачыненне да працэсу перадачы і зберажэння ўлады, і тых, што проста выконваюць сваю важную працу. Так, статус ужо згаданай школьнай настаўніцы значна вышэйшы за статус выхавацелькі ў дзіцячым садку, бо ў школах фармуюцца і працуюць выбарчыя ўчасткі. Універсітэцкі настаўнік таксама мае даволі ганаровы статус, бо ён забяспечвае ад’езд студэнтаў на час асноўнага дня галасавання і гарантуе іх яўку ў дні датэрміновага галасавання. Кіроўца тралейбуса ніколі не наблізіцца ў сакральнасці сваёй працы да дворніка ці супрацоўніка ЖЭСа, бо ў задачах апошніх — адсочванне і знішчэнне ўлётак і антыўрадавых графіці. Што да дзялкоў, дык большасць з іх уваходзіць у сяброўскае кола ўжо згаданых сёгунаў ды князяў і грае ролю іх асабістай фінансавай гвардыі.
Чым больш сур’ёзную пасаду займае сёгун, тым больш шанцаў разгарнуцца і дарасці да «сотні найбольш уплывовых». Галоўнае не забывацца і памятаць пра тое, да якой касты належыш.
Шудры
Слугі і працоўныя індусы — гэта звычайныя людзі, мы з вамі. Тыя, хто круціцца на некалькіх працах, ходзіць пад дэкрэтам аб сацыяльным утрыманстве, закупаецца ў крамах на раёне і складае тую самую большасць, салдатамі і слугамі якой абвяшчаюць сябе першыя дзве касты.
Мы не маем аніякіх бонусаў, мы стаім у заторах, прапускаючы прадстаўнікоў першых двух каст, мы перадаём у спадчыну хіба што старыя карчы ды пазыкі, якіх нарабілі, каб іх набыць. І пры ўсім гэтым — у адрозненне ад Індыі — мы паважаем людзей за тое, што яны робяць і што пакідаюць па сабе, а не за тое, што яны маюць яны транспарт з мігалкай ці іх твары часта мільгаюць па тэлевізары. І — зноўку ў адрозненне ад Індыі, дзе справядлівасць каставай сістэмы і верхавенства брахманаў тлумачыцца законамі кармы, — піраміда сацыяльнай павагі ў нас, здаецца перакуленая нагамі дагары. Не верыце — паслухайце закадравы голас на тым самым жорсткім відэа з мінскага метро.