Кампанія «Будзьма» – 10 гадоў разам!
1 кастрычніка спаўняецца 10 гадоў ад моманту заснавання грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Напярэдадні юбілею «Будзьма» распачала серыю матэрыялаў, каб нагадаць сваім прыхільнікам і сябрам самыя адметныя, важныя праекты, іх аўтараў ды стваральнікаў.
Як усё пачыналася
На той момант падобных ініцыятываў у Беларусі папросту не было. Безумоўна, у краіне дзесяцігоддзямі працавалі шматлікія недзяржаўныя арганізацыі, якія пашыралі беларушчыну, займаліся папулярызацыяй беларускай мовы і культуры, рабілі ўсё магчымае ў даволі складанай грамадска-палітычнай сітуацыі, але кампаніі, якая замахнулася б на агульнанацыянальны ўзровень і шматпрофільную дзейнасць, не было. І адной з задач якую ставіла перад сабой “Будзьма”, было аб’яднанне не толькі ўжо наяўных ініцыятываў, але і прыцягненне новых прыхільнікаў. Было вельмі важна, каб жыхары Беларусі перасталі ўспрымаць высілкі рупліўцаў на ніве беларушчыны як часовыя, лакальныя дзеянні апантаных і асэнсавалі неабходнасць развіцця краіны менавіта на глебе нацыянальна-культурных каштоўнасцяў.
Ініцыятарам стварэння кампаніі стала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Сярод тых, хто першым падтрымаў стварэнне такой ініцыятывы, былі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, суполка “Пагоня” Саюза беларускіх мастакоў, грамадскае аб’яднанне “Гісторыка” ды іншыя. Усіх, вядома, не пералічыш. “Бацькаўшчына” ўзяла на сябе ролю каардынатара на чале з Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай.
Такіх ініцыятываў не існавала не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Таму стваральнікам кампаніі давялося натхняцца… уласным досведам. А пастаўленая мэта засталася актуальнай і сёння: яднанне беларусаў на глебе нацыянальных каштоўнасцяў. Вось што казала тады на першай “будзьмаўскай” прэс-канферэнцыі Алена Макоўская, каардынатар кампаніі:
“Працэс кансалідацыі грамадства з тым ці іншым поспехам прайшоў на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюза, але ў Беларусі да гэтага часу ніхто не здолеў аб’яднаць беларусаў, ці прапанаваць глебу для гэтага. На нашу думку, павага да сябе, свайго народа, мовы, культуры, любоў да гісторыі і могуць стаць такім падмуркам”.
Не дзіва, што кампанію адпачатку акрэслілі ініцыятывай, у якой “не будзе канца”. Бо, згадзіцеся, працэс кансалідацыі беларускага грамадства — з’ява вельмі складаная і доўгатэрміновая Каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская адзначыла гэта ў сваім выступе:
“Які б ні быў зменлівы свет, ва ўсе часы найбольш цэніцца самабытнасць, пачуццё ўласнай годнасці і яснае бачанне перспектывы. На працягу шматлікіх стагоддзяў нашае грамадства дзялілі па палітычных прыкметах, матэрыяльным стане і інш. Відавочна, што былі спробы аб’яднаць нашае грамадства, але ў большасці выпадкаў яны рабіліся на палітычнай глебе, можа, таму яны і цярпелі паразу? Мы ўсё больш пераконваемся ў тым, што кансалідаваць насельніцтва краіны могуць не часовыя паняцці і інтарэсы, а тое, што можна з ўсёй адказнасцю назваць словам “вечнае”.
“Будзьма” як пункт збору
Шукаючы шляхі да яднання, кампанія ўзялася за беларускую культуру ў самым шырокім разуменні гэтага слова. Ад першых дзён існавання пад эгідай ініцыятывы пачалі праводзіцца шматлікія культурніцкія імпрэзы з удзелам вядомых беларускіх літаратараў, музыкаў, мастакоў. За гэтыя гады такія “культурніцкія дэсанты” наведалі сотні школаў, садкоў, летнікаў, публічных культурных асяродкаў ды іншых устаноў культуры і адукацыі па ўсёй краіне. Дзякуючы гэтаму людзі ў рэгіёнах адкрывалі для сябе сучасных беларускіх творцаў, чые імёны не згадваліся ні ў падручніках, ні ў дзяржаўнай прэсе.
Як і раней, галоўным чынам імпрэзы адбываюцца ў рэгіёнах, дзе дагэтуль культурніцкае жыццё заўважна слабейшае за сталічнае. Пры падтрымцы кампаніі ў Беларусі адбыўся цэлы шэраг фестываляў у розных гарадах: напрыклад, “У госці да Лепельскага Цмока” ў Лепелі, “Свята ветру” ў Віцебску, “DranikFest” у Магілёве ды іншыя. Акрамя гэтага кампаніяй адпачатку ладзіліся шматлікія музычныя імпрэзы, Шоў Беларушчыны, экскурсіі, дабрачынныя мерапрыемствы і многае іншае – каб заахвоціць людзей цікавіцца гісторыяй, культурай нашай краіны, у якой і ёсць, мы верым, наш падмурак для яднання і дэмакратычнага развіцця.
Кампанія шукала і знаходзіла фарматы ўзаемадзеяння з рознымі групамі – бізнесам, дзяржаўнымі ўстановамі культуры і адукацыі, і ўсе мерапрыемствы праходзілі пад агульнымі слоганамі: “Будзьма беларусамі! – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць нас унікальнымі”, “Культура паляпшае жыццё!”, “Разам да справы!”. Дарэчы, некаторыя з іх былі нават на той момант падхопленыя дзяржаўнымі ўстановамі.
Гучыць фантастычна, але “Будзьма” была адной з першых, хто пачаў пераасэнсоўваць, асучасніваць нацыянальныя сімвалы, распаўсюджваючы адзенне і аксесуары з іх выявамі. Гэта цяпер мы маем цэлы шэраг самых розных брэндаў, а 10 гадоў такой разнастайнасці не было – былі ў асноўным выявы дзяржаўнага герба і “Пагоні”. “Будзьма” ж прапанавала альтэрнатыву для тых, хто хацеў падкрэсліць сваю беларускасць, але без настолькі яўнай палітычнай дэманстрацыі. Нашыя адметныя торбы, цішоткі, нататнікі, закладкі за гэты час сталі не толькі пазнавальнымі, але і папулярнымі як у Беларусі, так і за яе межамі і прадэманстравалі, што ўвасобіць беларускасць можна так, каб гэта было цікава і прывабна для сучаснага чалавека.
Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)Цішоткі для нацыянальнай зборнай па тайскім боксе, зробленыя сумесна з брэндам LSTR, 2013 год
Кампанія пастаралася вярнуць у шырокі ўжытак традыцыю вечаў – абмяркоўваць шырокім сходам актуальныя пытанні. Так, ужо прыжыўся ў Беларусі фармат публічных дыскусій і Кірмашоў праектаў. Менавіта яны далі магчымасць у рэгіёнах “падняць” людзей на лакальную дзейнасць, прывучыць самім ініцыяваць і рэалізоўваць свае задумы на карысць іншых.
А сама “Будзьма” за гэтыя гады ператварылася ў сапраўдны пункт збору актыўных, творчых і крэатыўных людзей, неабыякавых да беларушчыны. Гэта вельмі важны ўнёсак кампаніі не толькі ў прамоцыю актуальнай беларускай культуры, але і ў развіццё грамадзянскай супольнасці.
Чым запомніліся
“Будзьма” стварыла цэлы шэраг праектаў, праз якія мы вучылі і вучыліся гісторыі; адкрывалі новыя імёны ў спорце і культуры; даводзілі, што беларуская мова – якасны сродак камунікацыі, а ўсё беларускае можа і мусіць быць модным, сучасным і актуальным. Гэтыя праекты (мы гэта бачым) натхнялі іншых на далейшы крэатыў і стварэнне новых яскравых падзей. Найбольш вядомыя з такіх праектаў-натхняльнікаў варта згадаць:
– Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!”,
– Камунікацыйная праграма “У пошуках Цмока,
– Спартовы праект “Байцоўскі ген”,
– Выдавецкая серыя “Не маўчы па-беларуску!”,
– Музычны праект “Тузін.Перазагрузка”,
– Серыі інтэрв’ю “Будзьма беларускамі!”,
– Серыя ролікаў “Культура паляпшае жыццё”,
– Новы мультымедыйны праект “Край|by”,
– Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!”,
– Паэтычны відэапраект “Чорна-белыя вершы”,
– Рэгіянальная праграма “Разам да справы!”
Але кампанія ніколі не стала б такой папулярнай, калі б не тыя людзі, арганізацыі і ініцыятывы, што спрычыніліся да яе сваім талентам, сваімі ведамі і майстэрствам. Мы ўдзячныя ўсім, хто пачынаў разам з намі, хто дапамагаў і актыўна ўключаўся ў справу, і ўсім, хто разам з намі цяпер!
Будзьма разам!