«Калі змагацца — дык да канца». Гісторыя пінскіх лекараў, якія агітавалі за Ціханоўскую і падтрымалі страйк
Лекараў Пінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юлію і Вячаслава звольнілі пасля ўдзелу ў нацыянальным страйку 26 кастрычніка. З прычыны ціску праваахоўных органаў яны пакінулі краіну. Сямейная пара расказала «Свабодзе», як змянілася іх жыццё пасля пачатку выбарчай кампаніі.
«Нас не задавальняла пазіцыя ўлад у дачыненні да эпідэміі
каранавірусу. Моцна паўплывалі на мяне і блогі Сяргея Ціханоўскага. Яны сталі
матывацыяй, каб не сядзець і не чакаць перамен, а дзейнічаць і не баяцца», —
расказвае лекар-гігіеніст Вячаслаў Перац, які са сваёй жонкай Юліяй Трусіла збіраў у Пінску подпісы за Святлану Ціханоўскую, быў сябрам яе ініцыятыўнай
групы.
Пазней сямейнай пары прапанавалі стаць адміністратарамі
чата тэлеграм-канала «Пінск для жыцця».
«17 ліпеня нас выклікалі ў пракуратуру. У гутарцы
папярэдзілі аб персанальнай адказнасці, таму мы вырашылі перадаць чат у рукі
беларусаў за мяжой, — кажа Вячаслаў. — Але ўжо 7 жніўня мяне і яшчэ некалькіх
актывістаў, у тым ліку давераную асобу Ціханоўскай у Пінску, пасадзілі на 15
сутак па артыкуле 23.34 КаАП».
Пасля вызвалення Вячаславу Перцу зноў прыходзілі позвы ў
пракуратуру. У кастрычніку па месцы яго рэгістрацыі супрацоўнікі міліцыі
правялі ператрус з канфіскацыяй тэхнікі. Аднак, нягледзячы на ціск праваахоўных
органаў, 26 кастрычніка Вячаслаў далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі.
Свае патрабаванні (спыненне гвалту, вызваленне палітвязняў і адстаўка
Лукашэнкі) ён пазначыў у заяве на імя галоўнага лекара Пінскага занальнага
цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
«Вырашыла, што буду змагацца з сістэмай»
«Страшна не было. Я свядома зрабіў гэты крок, — кажа Вячаслаў Перац. — Вырашыў такім чынам падтрымаць завадчан, каб яны не баяліся выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Я выдатна разумеў, што ў маёй арганізацыі сваім рашэннем нічога не змяню».
27 кастрычніка Вячаславу паведамілі аб звальненні, пасля
чаго ён адразу ж патэлефанаваў жонцы Юліі. Тая прызнаецца, што была ў шоку ад
навіны, расплакалася і доўга не магла апамятацца.
«Мяне вельмі расчаравала, што, нягледзячы на абяцанні
некаторых калег, ніхто з іх у выніку не падтрымаў Славу. У дзень яго
звальнення сабралі камісію, у якую ўвайшлі галоўны лекар, яго намеснік,
жанчына-кадравік. Яны хутка ўручылі Славу працоўную кніжку і, калі ён пачаў
задаваць пытанні, на іх нават не паспрабавалі адказаць. Выкінулі яго на
вуліцу, як сабаку! — успамінае Юлія Трусіла. — Я зразумела, што не змагу
глядзець у вочы людзям, якія так паступілі з маім родным чалавекам. Таму
вырашыла, што буду змагацца з сістэмай».
Праз дзень Юлія далучылася да страйку ў знак салідарнасці
з мужам, дадаткова напісаўшы заяву з просьбай аднавіць яго на пасадзе. Але
звольнілі і яе саму.
«Афіцыйная прычына — адсутнасць на працы больш за 3
гадзіны. Але гэта бязглуздзіца. Я часта перапрацоўвала гадзіны — прыходзіла
раней, затрымлівалася. Для звальнення неабходна сістэматычнае парушэнне
дысцыпліны», — кажа лекарка.
«Мы здзіўленыя такой салідарнасцю»
Баючыся крымінальнага пераследу, 29 кастрычніка Вячаслаў і Юлія пакінулі краіну, выехаўшы ва Украіну. У Луцку яны падалі дакументы на гуманітарную візу ў Польшчу, чакалі яе 10 дзён. Цяпер сям’я наймае пакой у Кракаве.
«Мы здзіўленыя такой салідарнасцю. Разлічвалі прыехаць у
Польшчу і накінуцца на любую працу, каб зарабіць грошы. Але прадстаўнікі
беларускай дыяспары запэўнілі: "Не спяшайцеся, мы вас падтрымаем, падвучыце
мову, адыдзіце ад стрэсу — і пасля гэтага ўладкуецеся на добрую працу", — кажа
Юлія. — Прадуктамі нас таксама забяспечвае дыяспара, яна ж дапамагае аплачваць
арэнду пакоя. Фонд "Акно на ўсход" выплаціў нам аднаразовую дапамогу ў памеры
2000 злотых (каля 540 $), якую выдзеліў польскі ўрад».
Пінскія лекары спадзяюцца ўладкавацца на працу па
спецыяльнасці. Цяпер яны вучаць польскую мову, якая неабходная ім у першую
чаргу для настрыфікацыі дыпломаў. Паводле слоў Юліі, працэдура ўключае ў сябе
некалькі этапаў, трэба ведаць не толькі гутарковую мову, але і медычныя
тэрміны.
«Навошта спансараваць рэжым?»
Паколькі Вячаслаў і Юлія вучыліся на «бюджэце» і адпрацоўка яшчэ не скончылася, пасля звальнення яны мусяць вярнуць дзяржаве грошы за навучанне — каля 20–25 тысяч долараў. Аднак яны кажуць, што ў бліжэйшы час рабіць гэта не збіраюцца.
«Навошта спансараваць рэжым? Мы маладая сямʼя, толькі пасля
ўніверсітэта. У Беларусі наймалі жыллё, бралі ў растэрміноўку бытавую тэхніку
— выдаткі нарасталі, як снежны ком. Калі Слава сядзеў на сутках, яму на працы
выдалі зарплату 45 рублёў. Апошнія ашчаджэнні патрацілі ва Украіне, —
прызнаецца Юлія Трусіла. — Грошай на аплату штрафу за вучобу ў нас не было і
няма, але і ніякіх збораў адкрываць не будзем. Можа, у краіне ўсё наладзіцца і
нас адновяць на ранейшых пасадах».
Муж і жонка сцвярджаюць, што сумуюць па Беларусі і
разлічваюць хутка вярнуцца. На пытанне, ці не шкадуюць аб сваіх учынках, Юлія
адказвае, што калі адміністравалі тэлеграм-канал, то сваіх твараў не хавалі,
усе ведалі, што яны лекары.
«Славу хацелася адкрыта казаць пра сваю грамадзянскую
пазіцыю, заклікаць людзей будаваць новую краіну. Мы разумелі, што выказванне пратэсту — гэта адказнасць і рызыка. Але калі змагацца — дык да канца. "Хочаш
перамен — трэба ісці на ахвяры"», — кажа дзяўчына.