«Калі ты нарадзіўся ў Беларусі, ты ўжо вінаваты». Гісторыя мінчука, якога асудзілі за «дэманстратыўнае стаянне на кантэйнеры»

Мінчук Павал Лукаянаў прынцыпова не хадзіў на выбары 2020 года. Амаль праз год яго асудзілі на 4 гады калоніі за ўдзел у масавых беспарадках. Суд ішоў 6 гадзін, распавядае «Свабода».

cf09c809_cdc9_497a_b36c_446479a65621_cx0_cy11_cw0_w1023_r1_s_1.jpg

«Дэманстратыўна стаяў на смеццевым кантэйнеры»

Маці Паўла Лукаянава Валянціна расказала яго гісторыю. Паўлу 27 гадоў, па адукацыі ён авіярамонтнік. Займаўся наладкай кампутараў як ІП.

Паводле маці, галасаваць летась Павал не хадзіў. Гаварыў, што нічога з гэтага не выйдзе. 10 жніўня, як ён пазней патлумачыць на судзе, ён ішоў міма групы людзей і яму стала цікава, што адбываецца.

«Але калі чалавек не ходзіць на выбары, гэта не значыць, што ён не цікавіцца лёсам краіны, у якой жыве і будзе жыць», — тлумачыць маці.

На пытанне, ці Павел удзельнічаў у пратэстах, маці адказвае коратка: «Усім нам баліць за Беларусь». З’язджаць Павел не планаваў, хоць і дапускаў, што да яго могуць прыйсці, як і да многіх іншых людзей.

Па Паўла прыйшлі а 7:20 ранку 23 чэрвеня, амаль праз год пасля падзей, за якія яго пасадзілі. Восем чалавек у спартыўным адзенні, у кепках і чорных масках. Дзверы ім адчыніла сама Валянціна. Яна думала, што сын вярнуўся дадому пасля таго, як праводзіў бацьку на самалёт і пагуляў са сваёй нявестай. Аказалася, Павел ужо даўно быў дома і спаў на сваім другім паверсе двух’яруснага ложка.

«Яны прайшліся нагамі па ложку на першым ярусе, дзе спала дачка. Сцягнулі яго. Адразу надзелі кайданкі. Ён быў толькі ў споднім. Калі я папрасіла, каб дазволілі яму апрануцца, на мяне сталі крычаць, што я шалёная мамаша і супраціўляюся міліцыі. Але апрануцца дазволілі», — успамінае Валянціна.

Першапачаткова прычыну візіту патлумачылі тым, што Павел падпісаны на «няправільныя тэлеграм-каналы». Маці сказалі, што Паўла забяруць на некалькі гадзін, а потым ён вернецца дадому. Сям’я не думала, што гэта зацягнецца так надоўга. Меркавалі, дадуць адміністрацыйны арышт.

Аднак потым аказалася, што Паўла правяраюць па справе аб нападзе на пракурора. Урэшце абвінавачанне выставілі за «ўдзел у масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Высветлілася, што Павел трапіў на відэа пратэстаў 10 жніўня. Яму закідалі, што ён перакрываў дарогу, крычаў лозунгі, заахвочваў іншых далучацца да пратэстаў, а таксама «дэманстратыўна стаяў на смеццевым кантэйнеры».

«Надзеў адзенне зручнае, каб бегаць і чыніць супраціў»

Суд над Паўлам прайшоў 1 кастрычніка. Разгляд усёй справы заняў 6 гадзін. Падчас пасяджэння Павел быў у кайданках.

Маці Паўла расказала, што яго прызналі вінаватым у тым, што кіраваў іншымі падчас пратэстаў. Як доказ на судзе называлі тое, што ў яго была паднятая дагары рука. 10 жніўня хлопец быў у шортах і вятроўцы. На судзе назвалі яго адзенне «зручным, каб рухацца, бегаць і чыніць супраціў» і зрабілі выснову, што Павел рыхтаваўся да беспарадкаў, калі так апрануўся.

«Што б ты ні зрабіў, ты будзеш вінаватым у любым выпадку», — каментуе суразмоўца.

Лукаянаву далі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён яшчэ чакае разгляду апеляцыі.

«Было прыемна атрымаць досвед у гэтым спектаклі і ўсвядоміць, як усё працуе з другога боку. Мяркую, што сваю ролю выканаў на 100%, а суддзя ацаніў мой талент на 4», — паўжартам напісаў Павел сваёй знаёмай па перапісцы.

Нядаўна хлопца з «Валадаркі» перавялі ў магілёўскую калонію.

Маці Паўла Валянціна згадвае, што яе дзед з Ракава ў 1949 годзе таксама некалькі месяцаў сядзеў у турме за тое, што прапанаваў не аддаваць зямлю ў калгас, а толькі здаваць ураджай увосень. Урэшце ён аддаў усю маёмасць у калгас, але яго ўсё роўна пасадзілі.

«Яму не дазвалялі нават перадачу перадаць. Бабуля хадзіла і карміла яго з чайніка супам. Бо яму нельга было нават лыжку перадаць праз краты. Калі ты нарадзіўся ў Беларусі, ты ўжо вінаваты», — падсумоўвае гісторыю сям’і жанчына.

«Усе ў камеры хварэюць па коле»

За кратамі асноўнымі інтарэсамі Паўла сталі кнігі і размовы з цікавымі людзьмі, якіх ён там сустракае. Ён параўноўвае сваё зняволенне з бізнес-канферэнцыяй, на якой апынуліся і некалькі наркаманаў.

«Я за 20 гадоў жыцця не даведаўся столькі, колькі тут за месяц», — кажа ён пра гутаркі за кратамі.

Паўлу забаронена чытаць адукацыйную літаратуру: кнігі па гісторыі, псіхалогіі. Ён піша, што многія кнігі, якія ён хацеў бы атрымаць, яму не прыносяць з бібліятэкі.

«Калі ты небяспечны чалавек, то раптам табе і празмерныя веды перашкодзяць», — іранізуе Валянціна.

Павел прачытаў «Сабачае сэрца» Булгакава, творы Рэмарка, Дзюма, Шэкспіра. Запатрабаваная ў турме кніга пра графа Монтэ-Крыста.

Хлопец піша, што сукамернікі амаль увесь час хварэюць: спачатку першы, другі, трэці, потым «першы становіцца чацвёртым», і так па коле.

«Цікава назіраць, як людзі, калі трапляюць сюды, пачынаюць змяняцца. Наркаманы пачынаюць актыўна займацца спортам; забойцы хапаюцца за Біблію і пачынаюць верыць у Бога. Толькі "палітычныя" застаюцца невыпраўляльнымі пры ўсіх абставінах», — напісаў у лісце Павел.

«Надзею на лепшае дае думка, што ўсё раней ці пазней заканчваецца», — кажа Валянціна.