Каб прыслухаліся да матчынага болю і гневу — Маці звярнуліся да дэпутатаў
Ініцыятары стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» звярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Маці асуджаных паводле артыкула 328 крымінальнага кодэксу — незаконны абарот наркатычных і псіхатропных сродкаў — прапаноўваюць размежаваць адказнасць для тых, хто ўжывае наркотыкі, і тых, хто іх распаўсюджвае і вырабляе.
Як паказвае практыка, даволі часта асобы, якія выпадкова ўжывалі наркотыкі, атрымліваюць тэрміны большыя за тых, хто гэтыя наркотыкі распаўсюджвае.
“Так быць не павінна, — упэўнена старшыня ініцыятыўнай групы Ларыса Жыгар, — Тэрміны неймаверныя. 8 гадоў — гэта вялікая рэдкасць. 10, 15 і нават 18 гадоў зняволення! Нашая задача — каб нас пачула ўлада, у першую чаргу наш Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Каб сістэма ўсё ж такі прыслухоўвалася да матчынага болю і матчынага гневу.
У сваім звароце да дэпутатаў ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” просяць народных абраннікаў паспрыяць магчымасці перагляду “наркатычных справаў” за 2012 — 2016 гады. На думку маці, многія справы таго часу сфальсіфікаваныя супрацоўнікамі міліцыі, пракуратуры і судовых установаў.