Яна Салановіча, якому прызначылі 114 сутак, адлічылі з БДУІР

Студэнта БДУІР Яна Салановіча адлічылі з ВНУ. Пра гэта Onliner паведаміла мама палітвязня, Вольга.

salanovic_jan.jpg.crdownload

Яна атрымала ліст ад прарэктара па вучэбнай рабоце Рыбака, у якім сказана: па выніках зімовай сесіі 2020/2021 у студэнта былі запазычанасці па дзевяці вучэбных прадметах. «Таму ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (артыкул 79, п. 5.1) вы адлічаны з універсітэта за непаспяховасць па трох і больш вучэбных прадметах. Копія загаду прыкладаецца», — паведамляецца ў лісце.
Усяго ў загадзе рэктара БДУІР Вадзіма Богуша ў спісе адлічаных з факультэта радыёфізікі і электронікі — сем чалавек.


«Салановіча Яна Алегавіча, студэнта групы 841291 факультэта радыётэхнікі і электронікі, які навучаецца па спецыяльнасці "Радыёэлектронныя сістэмы" за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, адлічыць 2021/01/12 за непаспяховасць па трох і болей вучэбных прадметах», — такая інфармацыя змяшчаецца ў дакуменце.

Гісторыя студэнта, які стаў рэкардсменам па сутках

Нагадаем, студэнта БДУІР Яна Салановіча затрымалі 1 лістапада. Спачатку яму далі 12 сутак, а потым асудзілі яшчэ сем разоў — на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях у верасні і кастрычніку. У выніку набралася 114 сутак — да 23 лютага. Мама палітвязня лічыць, што такія меры звязаныя з працай Яна ў Навукова-тэхнічным цэнтры КДБ. Пасля затрымання, як заяўляў сам студэнт у судзе, яго адвезлі ў камітэт. Сказалі прызнацца, калі ўдзельнічаў у пратэстах, — маўляў, пасля гэтага адпусцяць. Але да гэтага часу хлопец знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна.