Як паводзіць сябе падчас допыту. Парады палітвязня

Гэтыя парады аўтар калісьці напісаў для сваіх таварышаў, зыходзячы з уласнага досведу. Упершыню яны былі апублікаваны ў НЧ у 2018 годзе. Але, улічваючы сённяшнія рэаліі, — больш за 600 чалавек у Беларусі прызнаны праваабаронцамі палітвязнямі (сярод іх — і сам Мікола Дзядок), і ўзмацненне рэпрэсій, мы вырашылі, што парады, як паводзіць сябе падчас допыту, будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў


Допыты, якія праводзіць следчы, у дасудовым працэсе звычайна граюць фармальную ролю. Асноўную ролю адыгрываюць «размовы», які праводзіць аператыўны супрацоўнік. Па звычцы і для простасці ўспрыняцця мы будзем называць гэтыя размовы «допытамі».
Каб зразумець псіхалогію допыту, трэба разумець псіхалогію аператыўнага супрацоўніка (опера). Гэта асоба, мэта якой — сабраць інфармацыю. Чым больш цяжкае рэальнае альбо ўяўнае злачынства, тым больш яно цікавіць опера. Інфармацыя, сабраная операм, паступае следчаму, ад яго — у крымінальную справу. Менавіта тое, што сабрана ў крымінальнай справе, і вызначыць у будучым ваш прысуд. Спецыфіка судовага пасяджэння такая, што вашы адмовы ад ранейшых паказанняў мала хто будзе слухаць (суд над Фядынічам і Комлікам гэта яшчэ раз пацвердзіў). Абсалютная большасць спраў трымаецца на паказаннях самога абвінавачанага альбо сведкаў, якія атрыманыя ў першыя дні пасля затрымання.
Опер харчуецца і жыве інфармацыяй. Гэта — яго стыхія. Любы мікраскапічны факт, нязначная для вас дэталь у расказе могуць стаць для яго найважнейшай зачэпкай альбо ўвогуле вызначальным момантам. Іх вучаць гэтаму.
Адразу разумейце і сыхо­дзьце з таго, што опер — ра­зумны і хітры чалавек. Ён можа быць не так добра адукаваны, можа не ведаць, чым Крапоткін адрозніваецца ад Маркса, а веганы ад фрыганаў, але ў большасці выпадкаў ведае чалавечую псіхалогію нашмат лепш, чым вы.

Мэты: вашы і аператыўніка

Вас прывялі ў пакой. Перад вамі сядзіць аператыўнік, адзін ці некалькі. У вас ёсць мэты, і ў яго ёсць мэты. І яны не супадаюць. Хто з вас дасягне мэты, у аграмаднай ступені залежыць у дадзены момант ад вас. Ад шэрагу іншых фактараў таксама: ад таго, як сябе паводзяць вашы сябры, ад таго, ці знайшлі якія рэчыўныя доказы, ад добрасумленнасці саміх аператыўнікаў. Аднак на львіную долю — ад вас.
Мэты опера: даведацца як мага больш інфармацыі пра вас ці вашу арганізацыю, групоўку і пра канкрэтныя эпізоды дзейнасці.
Ваша мэта — гэтай інфармацыі яму не даць. Улічваючы спецыфіку крымінальных спраў супраць «экстрэмістаў», гэтая мэта роўная мэце «вывесці з-пад небяспекі таварышаў». Заўважце, ваша мэта — не «выратаваць сябе», не «пазбегнуць турмы», не «знізіць тэрмін», не «захаваць фізічны і псіхалагічны камфорт». Не. Ваша мэта адна: не даць аператыўнікам інфармацыю, якая будзе небяспечнай для вашых сяброў, калег, таварышаў.
Менавіта адштурхоўваючыся ад гэтай мэты вы мусіце будаваць сваю лінію паводзінаў на працягу ўсяго следства. Кожнае ваша слова, кожны жэст, кожны ўздых — усё мусіць быць падпарадкавана гэтай мэце.

Пачатак допыту

Цалкам лагічна з вашай мэты выцякае галоўнае правіла таго, каго дапытваюць: «язык мой — вораг мой», альбо «слова — срэбра, маўчанне — золата».
Пры любой першай сустрэчы чалавек вас ацэньвае. З першых хвілінаў размовы гэта робіць і опер. Але калі большасць лю­дзей робіць гэта несвядома, опер робіць гэта ў вышэйшай ступені свядома. Ён глядзіць на тое, як вы заходзіце, як трымаецеся, як глядзіце на яго і размаўляеце.
Часцяком вы ўваходзіце ў пакой допыту не са свайго ўтульнага крэсла за кампутарам, а з турэмнай камеры — абсалютна чужога і нязвыклага для вас месца. Адпаведна, на вас ляжыць адбітак стрэсу. Вам нязручна, нязвычна, страшна. Вас пужае невядомасць. Усё гэта — таксама частка аператыўнай гульні, яшчэ адзін фактар, які мусіць дапамагчы оперу дасягнуць сваёй мэты.
Опер амаль заўсёды пачынае размову на добрай ноце. Вельмі рэдка з пагроз і тым больш з гвалту — такое звычайна больш уласціва для тых, хто працуе з крымінальнікамі.
Тлумачэнне «добраму старту» простае. Каб вас разгава­рыць, оперу важна вас расслабіць, зняць псіхалагічныя бар’еры. У камеры ты напружаны, а калі ідзеш на допыт — чакаеш непрыемнасцяў і напружваешся яшчэ больш. Ты гатовы да канфрантацыі. І ў той жа час табе, як любому чалавеку, хочацца спакою, камфорту, разумення, спачування. Опер гатовы даць табе ўсё гэта дзеля дасягнення сваёй мэты — атрымаць інфармацыю.
Для зняцця псіхалагічных бар’ераў ідзе ў ход наступнае: добразычлівы, прыемны тон; гарбата, печыва; прапанова паліць (асабліва добра дзейнічае, калі ў камеры няма цыгарэт); праява спачування; выказванні падтрымкі вашым поглядам; жарты, гумар; прапанова дапамогі.
Усе мы добра выхаваныя. У нас на ўзроўні звычкі ўсталявана: калі з намі ветліва, мы мусім ветліва стасавацца ў адказ.
Аднак заўсёды трэба памятаць пра мэту, да якой мы ідзём, пачынаючы з моманту затрымання. Сыходзячы з гэтай мэты адзіна правільным будзе не прымаць знакі ўвагі і ні ў якім разе не здымаць бар’ераў. Пастаноўка опера «па-чалавечы» на адну дошку з сабой — просты шлях да здрады. Катэгарычна не рэкамендую піць гарбату, браць цыгарэты, усміхацца ў адказ на жарты. На кожную яго ўсмешку і добразычлівае слова варта даваць сабе ў галаве напамін: «У яго ў руках мой лёс. Яго мэта — пасадзіць мяне на як мага больш доўгі тэрмін. Калі яму дадуць загад, ён будзе мяне біць, катаваць і кідаць у прэс-хату». Ні ў якім разе нельга падманвацца добразычлівай шырмай. Гэта першая памылка многіх людзей, асабліва інтэлігентных, выхаваных і добрых.
Не забывайцеся: адносіны між вамі — гэта нераўнапраўныя адносіны. Вы ў яго ў палоне. Вы ад яго залежыце. Таму ніякай шчырасці, сапраўднай дабрыні між вамі быць не можа па вызначэнні. Усё — фальш.
На гэтай стадыі, як і на мностве іншых, неабходна як мага меней размаўляць. Нават калі вы не ўяўляеце, як сказанае вамі слова можа быць скарыстана супраць вас і вашых таварышаў, паверце, опер гэта выдатна ўяўляе.

Уласна допыт

Пасля зняцця бар’ераў пачнуць задаваць пытанні. Пераход ад задушэўнай размовы да пытанняў будзе максімальна лагодным, каб вы не адчулі, што вас выкарыстоўваюць.
Пытанні залежаць ад спецыфікі справы. Аператыўнікі не будуць пытацца: «Што вы рабілі такога-та чысла ў такі-та час» — гэта справа следчага. Яны будуць цікавіцца, хто вашы сябры, чым яны займаюцца, як даўно яны ў руху ці арганізацыі, хто ў вас лідар... Асноўнае, што трэба зрабіць оперу, — разблытаць клубок сацыяльных сувязяў і скласці псіхалагічны партрэт кожнага з падазроных.
Часта раяць: «Пра сябе кажы, што хочаш, але толькі не пра іншых». Тут крыецца падвох. Нават тое, што вы сказалі оперу пра сябе, ускосна дапамагае яму намаляваць агульную карціну і грае, тым самым, супраць іншых. Напрыклад, вы пачынаеце нечакана браць на сябе ўсё, пры тым што вы пакуль — адзіны затрыманы. Опер робіць вынік: «Кагосьці выгараджвае. Значыць, ёсць і астатнія. Гэта група», — і працягвае пошукі.
З гэтага вынік: на ўсе пытанні трэба адказваць адмоўна і аднаскладна: не ведаю, не бачыў, не быў, не стасаваўся, не сустракаў, паняцця не маю. На нязручныя пытанні лепш увогуле маўчаць. Не думайце, што гэта проста. Чалавек такі, што яму хочацца працягваць размову, адказваць. Таму вам прыйдзецца напружыцца і пабудаваць між сабой і операм дастаткова моцны псіхалагічны шчыт.
У адказ на пытанні не варта хаміць і абражаць. Па-першае, могуць і збіць, а гэта вам абсалютна не трэба (здароўе яшчэ прыдасца), па-другое, не варта прыпадабняцца мярзотнікам.
Абавязковы прыём опера: шматразовы паўтор адных і тых жа пытанняў. Вам будзе хацецца адказаць на іх, проста каб ад вас адчапіліся.
Важна: калі оперу не атрымалася зняць псіхалагічны бар’ер з першага разу, ён пяройдзе да іншых прыёмаў (аб якіх ніжэй), потым зробіць кола і вернецца да зняцця бар’ераў (нязмушанай размовы), паспрабуе ў ходзе гэтай размовы незаўважна для вас задаць пытанне, якое яго цікавіць. Напрыклад: «Так, у нас вось ёсць такі калега, ён часам такое выдае!» (далей ідзе аповед пра смешнага калегу), вось і я ўжо прыходжу на працу і кожны раз чакаю, што ён чудане... Ага... (мілая ўсмешка, добразычлівы тон). Дык ты, кажаш, з Дзімам перыядычна бачыўся, так?»

Ціск

Як правіла, калі оперу не атрымалася ўзяць вас «па-добраму», пачынаецца праца «па-злому». Выпадкі, калі палітычных ламаюць фізічна, на сёння рэдкія. Прычыны гэтага наступныя:
Большасць людзей выдатна расколваюцца адным толькі псіхалагічным ціскам, без ужывання гвалту.
Катаванні выклікаюць вялікую грамадскую агалоску і б’юць па іміджы ўлады (перш за ўсе на Захадзе).
Самае галоўнае: на сёння няма рухаў і асобаў, фатальна небяспечных для ўлады, супраць якіх такія метады варта было б ужываць з улікам папярэдніх двух фактараў. Як толькі такія рухі альбо асобныя індывідуумы з’явяцца — можаце быць упэўненыя, умоўна-ліберальны фасад будзе скінуты і катаванні будуць ужывацца.
Таму на сёння выкарыстоўваюцца амаль выключна метады псіхалагічнага ціску. Адзін з самых папулярных — запэўніванне ў здрадзе сяброў.
Ніколі не ведаеш, праўда гэта ці не. Але ў любым выпадку, калі нехта здрадзіў табе, гэта не азначае, што мусіш здрадзіць ты. Трэба проста трымацца зададзенай мэты — не даць аператыўнікам інфармацыі. Тое, што нехта гэтай мэты не дасягнуў, ніяк не мусіць вас хваляваць. Да таго ж у большасці выпадкаў гэта няпраўда. Аднаму з абвінавачаных па справе анархістаў 2010 года, Дзмітрыю Дубоўскаму, які ўжо 8 гадоў ва ўцёках, КДБ, узламаўшы сайт яго дзяўчыны, пісала пранізлівыя лісты, у якіх распісвалася, што ўсе яго сябры валяць адказнасць на яго. 95 працэнтаў з таго, што яны пісалі, было хлуснёй. Але як пераканаўча гучала! Вось пачытайце.
«Комитетчики объясняли всю ситуацию. Рассказали, чего хотят они, и какая на самом деле обстановка. Тебя обвиняют только по статье УК 339 ч.1. по Солигорску. Но, это пока!!! На тебя действительно пытаются повесить кучу всего, но не они, а твои ДРУЖКИ! Ведь они думают, что ты уехал, и что всё можно на тебя свалить, а они то здесь!!! (насамрэч валіў толькі адзін. — заўв. М.Д.) Тебя, может быть, даже не искали бы, но все упоминают твою фамилию! И им действительно так проще! Допросили очень многих, но сидят только 2! (на самай справе, сядзелі ўжо чацьвёра. — заўв. М.Д.) Против тебя действительно только одно дело, хотя друзья на тебя вешают почти всё! Но нет против тебя доказательств! Сотрудники уверяют, что среди них есть умные и понимающие люди! Они действительно понимают, что ты просто пешка во всём этом! И кому-то это очень выгодно! У того, с кем ты уехал, здесь ничего не осталось! Его здесь ничего не держало! Тебя потянули с собой не просто так!!! Подумай над этим! Они говорят, что на тебя есть влияние, а может и давление более старших, и поверь, хитрых людей. Тебе сейчас тяжело! Ты верил в этих людей и в своё дело! Они просят: пока ты ещё не в розыске, ты должен появиться! И тебе действительно придётся ответить за свои поступки! Максимум, что тебе светит, это 1 год!»
Таксама прымяняюцца:
Пагрозы табе асабіста (вялікі турэмны тэрмін, збіццё, праблемы ў зоне, у тым ліку сексуальны гвалт: «Паедзеш на зону, там цябе будуць мець. Палітычных зэкі не любяць!»).
Пагрозы родным (звальненне з працы — самая распаўсюджаная пагроза. Варта адзначыць, што яе часта рэалізуюць).
Сцвярджэнне: «Мы ўжо ўсё ведаем, табе засталося толькі...» (каб выклікаць у вас паніку і адчайнае жаданне выратаваць сябе).
Ціск на пачуццё віны (асабліва перад роднымі, асабліва калі яны ўжо старыя альбо хварэюць: «Твая маці цябе выхавала, вырасціла, а зараз сядзіць дома абліваецца слязьмі. І ўсё дзякуючы табе! Пасадзяць на 10 гадоў — і што тады? Ты думаеш, яна гэта перажыве?»).
Жывапісанне жахаў турмы і перавагаў вольнага жыцця («Этапы, сабакі, праца цяжкая, зэкі адмарожаныя — ты думаеш, ты там вытрымаеш? Пачнеш пісаць суддзі і следчаму, ва ўсім прызнавацца, але будзе позна!»).
Абвінавачанне ў баязлівасці (добра дзейнічае на славалюбных і ганарыстых лю­дзей: «Сярод вас няма ні аднаго нармальнага мужыка! Каго не пытаўся, чый гэта мегафон, кожны баіцца ўзяць на сябе! Вы проста сцыкуны!»).
Выкарыстання славалюбства і самалюбства («Ведаеш, вось я з табой паразмаўляў, бачу, ёсць у цябе стрыжань. Ты трымаешся, малайчына. А сярод тваіх сяброў такіх няма. Яны не вартыя цябе. Выслізгваюцца, баяцца, вочы хаваюць... Навошта ты іх выгароджваеш?»).
Абяцанні адпусціць, як толькі вы дасце патрэбныя паказанні. Самае ілжывае абяцанне, але яно ж паўтараецца часцей за ўсё. Насамрэч, вас не адпусцяць, а, атрымаўшы інфармацыю адзін раз, працягнуць «даіць» да таго часу, пакуль не даведаюцца ўсё, што трэба. А пасля — проста скажуць завесці ў камеру;
«Добры-злы паліцэйскі» (ну, гэта класіка).
Паўтаруся — пераважная колькасць крымінальных спраў, працэнтаў на 80, грунтуюцца на паказаннях, атрыманых ад затрыманых у першыя дні (альбо нават гадзіны). Першыя 2–20 дзён у ІЧУ стануць ключавымі для вашага далейшага лёсу.

Ваша рэакцыя і яе ацэнка аператыўнікамі

Аператыўнікі бачаць, як і на якую пагрозу вы рэагуеце. І яны будуць ціснуць на самае балючае да самага канца. Як толькі яны пабачаць у вас нейкую слабіну ці прывязанасць, яны будуць ціснуць менавіта на яе. Вядома, для большасці людзей гэта будуць родныя. Пачнуць, да прыкладу, званіць вашай маці, у фарбах апісваць, што з вамі адбываецца. Ажно да таго, што выклічуць яе ў кабінет (такія выпадкі таксама былі). Могуць сказаць, што ў яе быў сардэчны прыступ, што яна ў лякарні і гэтак далей.
Нехта вельмі любіць сваю дзяўчыну. Як толькі апера гэта зразумеюць, вы абавязкова пачуеце: «Твая дзяўчына цябе не дачакаецца, ты атрымаеш 8 год, а яна знойдзе сабе іншага», «Яна цябе так любіць, а ты так не па-мужчынску з ёй паступаеш... А цябе ж усяго толькі просяць сказаць, дзе ты друкаваў брашуры — і ўсё, вольны, ідзі да сваёй дзяўчыны! Сёння ж будзеш спаць з ёй у адным ложку!».
Аналагічна будуць выкарыстоўваць і матэрыяльныя ўпадабанні. Напрыклад, чалавек — калекцыянер ці аматар жывёл. Можаце не сумнявацца, гэта будзе скарыстана: «А хто ж будзе карміць тваіх мадагаскарскіх тараканаў? Яны ж перадохнуць без цябе», альбо «Твая калекцыя марак будзе далучаная да справы, а потым проста знішчаная як рэчыўны доказ. Ты для гэтага яе збіраў 15 гадоў? Але я магу дамовіцца, я ж бачу, ты хлопец нармальны... Ну дык хто з вас купляў бензін?»

Псіхалагічная падрыхтоўка

Для таго, каб падрыхтавацца да допыту, трэба памятаць шэраг рэчаў і няспынна працаваць са сваёй воляй.
Нейкія пагрозы могуць быць рэалізаваныя, а некаторыя — не. Але гэта настолькі ўмоўна, што я не рызыкну вам сёння сказаць: «Гэта і гэта яны ніколі не зробяць». Сітуацыя можа змяніцца ў любы момант, і, тэарэтычна, яны могуць усё. Бяспройгрышны ход — адразу настройвацца на турму, на максімальны тэрмін. Парадокс, але гэта робіць вас значна больш свабодным. Вы вызваляеце свой мозг ад бясконцай гонкі страхаў і хваляванняў і загружаеце яго больш практычнымі рэчамі: як правесці час з карысцю, як захаваць здароўе.
Распытвайце сукамернікаў пра турмы, лагеры, пра сістэму. Слухайце іх гісторыі, успрымайце, асэнсоўвайце. Як сказаў у адным са сваіх лістоў Аліневіч — у турме жыццё не заканчваецца, яно проста цячэ па-іншаму. Памятайце, у той момант, калі вы гэта чытаеце, прыкладна 35 тысяч чалавек у адной толькі Беларусі сядзяць за кратамі. І нічога, жывыя.
Не спрабуйце сесці на два крэслы адразу: «Трошкі скажу, нібыта нікога не здам, а тэрмін знізяць». Многія нядрэнныя, у прынцыпе, людзі, купіліся на гэтую замануху, якую самі сабе прыдумалі. І аказаліся здраднікамі, самі таго не заўважыўшы. Калі вас некалькі, і вы ідзяце па групавым эпізодзе, свабоду можна купіць сабе толькі прамой здрадай. Іншых выхадаў няма, і іх шукаць нават не спрабуйце. На допыце не думайце ні аб чым, акрамя таго, каб не набалбатаць лішняга.
Памятайце, ваша мэта да самага заканчэння следства адна — не даць аперам інфармацыі, і тым самым выратаваць іншых. Многія думаюць, што здраднікамі на допытах робяцца нейкія асабліва мярзотныя, злыя людзі, якія ўсё жыццё сядзелі і думалі: «Як бы каму-небудзь здрадзіць?» Гэта не так. Большасць здраднікаў у звычайным жыцці, да наступлення выпрабаванняў, — абсалютна нармальныя людзі. Здраднікам чалавека робіць слабасць. На допытах ламаюцца і пачынаюць здаваць сяброў менавіта маральна слабыя людзі. У гэтай слабасці і адсутнасці волі ўся іхняя віна. Злой задумы ў іх няма, проста ёсць жаданне камфорту і іншыя чыста чалавечыя жаданні. Выкарыстоўваючы іх, аператыўнікі і ламаюць гэтых людзей.
Яшчэ адзін важны момант — разуменне таго, што ты робіш. Згадваючы досвед 2010 года, я зразумеў: важнай прычынай супрацоўніцтва са следствам некаторых маіх былых таварышаў было тое, што, ідучы на анархісцкія акцыі, яны проста не разумелі, што робяць. Яны не асэнсоўвалі ступень адказнасці, якая на іх кладзецца, ступень рызыкі, якой яны сябе падвяргаюць. І калі ў кабінеце следчага гэтая ступень стала ім зразумелая з усёй відавочнасцю (то-бок калі яны зразумелі, што за разбітыя шыбы альбо дэманстрацыю на праезнай частцы можна рэальна сесці ў самую сапраўдную турму, дзе зэкі, вертухаі і баланда), яны паддаліся жаху і гатовыя былі на ўсё, каб пазбегнуць гэтай перспектывы.
То-бок, праблема іх здрадніцтва ўзнікла не тады, калі іх арыштавалі, а ў той момант, калі яны выйшлі з дома і пайшлі на акцыю. Яны не думалі альбо не хацелі думаць, што ім за гэта пагражае, і, натуральна, не былі гатовыя да наступстваў. Адсюль выснова: перад тым, як нешта рабіць, падумай добра, ці гатовы ты прыняць на сябе ўсю адказнасць? Падумай, пад які артыкул КК трапляюць твае дзеянні, і ці гатовы ты адсядзець за іх у выпадку няўдачы?
Таму асноўная выснова: кожны мусіць цвяроза ацэньваць свае сілы і разумець, чым ён гатовы ахвяраваць. Няхай кожны робіць тое, на што хапае ягонага ўнутранага рэсурсу.
Гэта не значыць, што трэба баяцца любога парушэння закона, тым больш закон пабудаваны так, што, каб не парушаць яго, трэба ўвогуле не рабіць нічога. Проста ў нейкі момант трэба цвяроза (і, можа быць, цынічна) вырашыць: «Вучобай і працай бацькоў я яшчэ гатовы ахвяраваць. А вось свабодай — не». Альбо: «3–5 гадоў я гатовы адсядзець. А больш — не». І проста не ўлазіць туды, дзе рызыка перавышае акрэсленыя межы.
Але пры гэтым варта памятаць: узровень рэпрэсій няспынна змяняецца, і, як правіла, у бок узмацнення. Тое, што ўчора было можна, сёння ўжо нельга. Дастаткова ўзгадаць закон «Аб барацьбе з экстрэмізмам»: калі раней удзельнікам пратэстных арганізацый пагражала максімум 2 гады па артыкуле 193-1, то сёння — да 10 гадоў па артыкуле 361-1.
Калі мы не можам паўплываць на ўзровень рэпрэсій, выйсце можа быць толькі адно: падрыхтаваць сябе да іх. А гэта значыць, прыняць як дадзенасць тое, што калі ты змагаешся, ты можаш быць за гэта пакараны. Калі ты атакуеш дзяржаву — яна контратакуе цябе. Гэта не трагедыя і не эксцэс, гэта нармальная з’ява, шараговы эпізод нашага супрацьстаяння. А гэта значыць, што для таго, каб годна сустрэць такі паварот у сваім жыцці, трэба няспынна працаваць над сабой, зжываць у сябе любыя слабасці, якія могуць быць скарыстаныя карнікамі, весці ў сваім сэрцы барацьбу супраць страху і жаданняў, якія цягнуць цябе ўніз.
Тыя, хто спрабуе нас знішчыць, працуюць за костку, кінутую з барскага стала. У іх няма чыстых ідэй, сваіх думак, годнасці, гонару і пачуцця справядлівасці. Мы ж усё, што мы робім, робім па поклічы сваёй душы. Можа быць, эканамічна і палітычна яны ўзялі верх, але маральная перамога на нашым баку ўжо зараз. Няхай разуменне гэтага грэе вас у цяжкую хвіліну.
Будзьма моцнымі!