Як падрыхтаваць дзяцей да школы, каб не пачаліся праблемы са здароўем? Спытайце ў педыятра
За лета дзеці павінны адпачыць. Адвыкнуць ад рэжыму, ад дысцыпліны, ад сядзення гадзінамі за сталом і ад віруснай нагрузкі ў закрытым памяшканні. За лета дзеці павінны загарэць і падрасці. Як падрыхтаваць арганізм да школы, тлумачыць доктар Мая Церакулава.
Рэжым
Акрамя набыцця канцылярыі і заплечніка перад школай варта заняцца падрыхтоўкай да школьнай нагрузкі дзіцячага арганізма. Пачынаць лепш з рэжыму: раней кладзёмся спаць, раней прачынаемся. Пік вучэбнай актыўнасці дзіцяці — з 11.00 да 13.00. Гэты час варта надаць заняткам за сталом, чытанню. Вяртайцеся да рэжыму харчавання, устаноўленаму школай. Прымяркуйце час штодзённых прагулак да часу заканчэння ўрокаў. Перабудоўвайцеся з яркіх уражанняў на руцінны час, канікулы падыходзяць да канца. Пры плаўным пераходзе да школьнага часу дзіця не будзе адчуваць моцнай стомленасці.
Прыродай не прадугледжана шматгадзіннае сядзенне дзяцей за партай, эвалюцыйна нашы арганізмы на такое не разлічаны. Таму задача бацькоў — максімальна адаптаваць асяроддзе пад навучальныя патрэбы дзіцяці.
Эрганоміка
Нагадаю правілы арганізацыі навучальнай прасторы — і дома таксама. Крэсла павінна адпавядаць узросту дзіцяці. Дзіця павінна цалкам займаць сядзенне крэсла, абапірацца на яго спінку. Адлегласць ад вачэй да кнігі пры гэтым павінна быць каля трыццаці сантыметраў, то-бок вышыня стала павінна адпавядаць вышыні крэсла. Ногі павінны цалкам абапірацца на падлогу. Адлегласць паміж дзіцём і краем стала павінна быць не менш за пяць сантыметраў.
Вялікую праблему для здароўя школьнікаў уяўляюць парушэнні паставы. Скрыўленне хрыбетніка — распаўсюджаны, патэнцыйна небяспечны дыягназ, які значна абмяжоўвае якасць жыцця. Правільна арганізаваная навучальная прастора — адна з умоў прадухілення гэтых захворванняў. Так, напрыклад, апора на ногі пры сядзенні значна палягчае нагрузку на спіну. Калі рукі дзіцяці свабодна ляжаць на стале, то будуць расслабленыя яго плечы.
Імунітэт
Яшчэ адна рэч, эвалюцыйна не ўласцівая нашаму арганізму, — знаходжанне ў замкнёным памяшканні з вялікай колькасцю людзей. Вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі чакаюць дзіця ў школе. Вірусам падабаецца, калі вялікая колькасць людзей дыхаюць адным паветрам. Зменшыць рызыку інфікавання можа праветрыванне памяшкання. І вільготныя слізістыя дзіцяці.
У чалавечым арганізме ёсць мясцовы імунітэт — імунаглабулін А, які жыве на слізістых. Для таго, каб слізістыя былі дастаткова вільготныя і здаровыя, дзіця павінна піць дастаткова шмат вадкасці. Новыя модныя спартыўныя бутэлькі з вадой — тое, што павінна купляцца школьніку разам з заплечнікам.
Кожны з дзяцей — носьбіт пэўнага тыпу мікрафлоры, пэўнага набору імунных клетак. У арэале, дзе мы існуем, цыркулююць сотні штамаў вірусных інфекцый. Дарослыя людзі хварэюць радзей, чым дзеці, таму што ўжо маюць імунітэт да большасці вірусных інфекцый. Пажылыя людзі хварэюць яшчэ радзей — гэта не значыць, што ў іх моцны імунітэт, гэта значыць, што іх імунітэт ўжо шмат чаго ў жыцці бачыў і памятае. Дзіцячы імунітэт выдатны, моцны, але яшчэ мала ведае. Кожны раз, сустракаючыся з інфекцыяй, ён запамінае яе. Я прапаную сваім пацыентам ставіцца да чарговай інфекцыі дзіцяці як да зафарбаванай клетачкі на табліцы. Перахварэў — здабыў імунітэт да чарговай інфекцыі з арэала. Калі зафарбаваных клетачак будзе дастаткова шмат, будзе радзей хварэць.
Дарэчы, набываць імунітэт можна не толькі праз хваробы, але і праз вакцыны да іх. У верасні стартуе вакцынацыя ад грыпу, не ігнаруйце яе. Грып — сур'ёзная вірусная інфекцыя, небяспечная смяротнымі ўскладненнямі. Вакцынацыя ад грыпу цалкам бяспечная. Беражыце здароўе сваіх дзяцей.
Не існуе чароўнай таблеткі, здольнай узмацніць імунітэт. У гэтым плане рэклама вітамінак і іншых раслінных і гамеапатычных сродкаў хлусіць. Імунітэт немагчыма «падняць» фармакалагічна. Толькі здаровым ладам жыцця, які і вяло ваша дзіця ўсё лета. Варта крыху дапамагчы арганізму вашага дзіцяці — і адаптацыя да школы пройдзе мякка.