Як чалавецтву выжыць на Зямлі?

Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з пестыцыдамі і забруджваннем навакольнага асяроддзя ў Чырвоным касцёле св. Сымона і Алены ў Мінску адчынілася экалагічная выстава «Чалавек і стварэнне».

3e_logo.jpg


Праект выкананы па бласлаўленні Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і ажыццёўлены напрамкам “Царква і ахова навакольнага асяроддзя” некамерцыйнай установы “Цэнтр экалагічных рашэнняў”. Ініцыятыву падтрымала  Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў (фонд МАТRА).

Адкрываючы з вітальным словам выставу, Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч працытаваў нядаўнюю энцыкліку Папы Рымскага Францішка, дзе сказана: вучоныя, грамадскія, царкоўныя дзеячы павінны аб’яднацца, каб змяніць гэты свет — да лепшага. І выказаў спадзяванне, што выстава зменіць і палепшыць адносіны чалавека да прыроды. Каб “прырода, створаная Богам, цешыла чалавека, дапамагала чалавеку і служыла чалавеку”.

1e_logo.jpg


Што сабою ўяўляе выстава “Чалавек і стварэнне”?  Гэта расповед пра тое, чаму чалавек закліканы захоўваць прыроду і клапаціцца аб агульным доме — планеце Зямля. Абапіраючыся на хрысціянскія каштоўнасці, яна мусіць прадэманстраваць розныя спосабы ўдзелу хрысціян і іншых грамадзян  у клопаце аб чысціні свету і навакольнага асяроддзя  і раскрыць ролю чалавека і царквы ў вырашэнні экалагічных праблем сучаснасці.

У далейшым выстава правандруе па шэрагу буйных парафій Беларусі, прапагандуючы і прапануючы модульныя ўзоры для працы парафіян як суполак экалагічнага руху. Што істотна важна, бо дзяржава збольшага не дае рады ў працы ў накірунку аховы навакольнага асяроддзя ў дастатковай ступені.

2e_logo.jpg


Выстава “Чалавек і стварэнне” ўключае некалькі інфармацыйных стэндаў, якія знаёмяць  з наступнымі тэмамі (з хрысціянскага пункту погляду): “У адказнасці за стварэнне”,  “Экалагічныя праблемы сучаснасці” (3 часткі — біяразнастайнасць, атмасфера, хімічныя рэчывы і адыходы), “Асвячэнне прыроды”,  “Экалагічна дружная парафія”, “Экалагічнае кіраванне ў парафіі”, “Вада — крыніца жыцця”.

На выставе вы даведаецеся, што толькі 2,5% вады ў свеце — несалёная, чыстая і пітная, а з гэтай колькасці толькі 1% даступны чалавеку. Колькі шкодных рэчываў-адыходаў (найперш пластыку і адходаў электратэхнічнай прамысловасці, хімічна-сінтэтычных вырабаў)) штогод забруджвае Зямлю. Толькі ў Беларусі з’яўляецца 21 млн. кубаметраў адыходаў штогод! Распавядаецца, як знікаюць масівы лесу і экалагічна прыдатных земляў. І як змагацца з гэтай навалай.

4e_1_logo.jpg


Прычым знаёміцца з экспанатамі можна і з дапамогаю аўдыёгіду.

Кароткую экскурсію на адкрыцці выставы правёў адзін з яе стваральнікаў, адказны за ідэю, каардынацыю праекту і тэкставае напаўненне — Сяргей Юшкевіч (яшчэ адзін аўтар ідэі — Яўген Лабанаў).  А сярод яго слухачоў на адкрыцці было багата маладых прыхаджан, актывістаў-эколагаў.

Фота аўтара