Ягор Марціновіч з «Валадаркі»: патрохі станаўлюся спецыялістам па беларускім тэлебачанні
Два месяцы таму сілавікі брутальна затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы». Ягора працягваюць трымаць у СІЗА на Валадарскага. Ніякіх зрухаў па крымінальнай справе няма, адзначае «НН». Як і сотні палітвязняў, яго ізалявалі ад свету, каб не даць магчымасці працаваць. У лістах ён распавядае, якія кнігі прачытаў і якія перадачы па ТБ паглядзеў. «Патрохі станаўлюся спецыялістам па беларускім тэлебачанні. Магу рыхтаваць агляды самых цікавых праграм», — з гумарам адзначае Ягор.
«Кніг не надта
шмат, і калі чытаць па 300 старонак на дзень, то хутка дайду да серыі "Мент у
законе", — жартуе галоўны рэдактар «НН». — Кажуць, там каля 15 кніг, адна
прымітыўнейшая за іншую. Так што чакаю магчымасці абнавіць бібліятэку. Ну і,
каб развіваць мозг, рубімся ў шахматы.
Чарговы раз
пераканаўся, які класны культурны прадукт ствараюць скандынавы. Раней мы разам
з Адар’яй (жонкай) любілі глядзець іх серыялы — і шведскія, і дацкія, і
нарвежскія. Абавязкова драматычныя, а звычайна яшчэ і з нейкім дэтэктыўным
ухілам.
А цяпер спрабую
выхапіць такія ж кнігі. "Срэбная дарога" (аўтар — Сціна Джэксан) — бадай, найлепшае з таго, што прачытаў тут, літаральна за дзень-два праглынуў, не
адарвацца. Такі тыповы флегматычны сюжэт, але трымае ўвагу да канца.
Можа, прынясуць
яшчэ чаго скандынаўскага. Ідэальна, каб яшчэ і па-беларуску. А так тут
перадусім класіка. У маёй чарзе на наступныя два тыдні Рэмарк, Маркес, Дзюма,
Кізі, можа, і Чэхава прагляджу. А пакуль перачытваю Караткевіча.
Я тут патрохі
станаўлюся спецыялістам па беларускім тэлебачанні. Магу рыхтаваць агляды самых
цікавых праграм. Рэальна крута, што па "Беларусь-2" паказваюць "Арла і рэшку".
Хай хаатычна, хай з паўторамі, але ўсё адно падымаецца настрой. Збіраюцца перад
тэлевізарам усе. Глядзелі двойчы Іарданію, аднойчы Таджыкістан.
Вось я думаю: як
адчуваюць сябе тыя, каго ніхто не чакае і за каго ніхто не перажывае? Мне амаль
кожны дзень прылятаюць нагадванні пра тое, што я не адзін. Ды нават кожны
дзень, бо і тэлевізар, і рэчы ў торбе — гэта ўсё пра тое, што сям’я блізка.
Усе, хто пішуць
лісты, такія малайцы! Аніводнага падобнага ліста, усе з нейкай разынкай.
Абавязкова адказваю ўсім, таму калі камусьці не прыйшоў адказ, то на нейкім
этапе адбыўся збой, але не з майго боку».