«Я спадзяюся, што ў нас атрымаецца захаваць беларускую ідэнтычнасць, хоць і жывем мы не на радзіме»

У «купальскі тыдзень» Беларуская рада культуры традыцыйна абвясціла пра дні беларускай культуры ў свеце. А ў Батумі самая знакавая беларуская прастора — «Аксяродак» — сыходзіць на вакацыі. Яна працягне сваю працу ўвосень, але ўжо ў іншым месцы.

Беларусы калядуюць на беразе Чорнага мора

Беларусы калядуюць на беразе Чорнага мора

Пра тое, чым для беларусаў не толькі Батумі стаўся «Аксяродак», пра місію і ідэю прасторы і пра далейшыя планы і спадзевы «Новы час» паразмаўляў з яе арганізатарскай, сяброўкай Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, аўтаркай праекта «Чалавечая фізіка» Аксанай Акуневіч.

— Агулам год таму ў Батумі беларусаў было больш за 10 тысяч, і ў нас не было месца, куды можна было ўсім прыйсці і пабачыць адно аднаго, — распавядае Аксана. — А ў мяне ў Беларусі быў свой праект — «Чалавечая фізіка», — і ў мяне былі беларускамоўныя настолкі, мы ў нашым мікрараёне вывучалі беларускую мову праз настольныя гульні. Я падумала зрабіць нешта такое ж тут.

Не тое, каб я прыйшла на зусім пустое месца. У гэты ж момант быў Беларускі клуб, пасля склалася цэлая каманда, беларуская бібліятэка, гістарычны клуб, была ідэя стварыць беларускую школу. Але амаль усе, акрамя беларуска каворкінгу, сышлі на летнія вакацыі. Мы знайшлі дом — маленькі, старэнькі, але ўтульны, Андрэй Мялешка прапанаваў падзяліцца сваімі кантактамі, і ў верасні, на свята Багач, мы адкрыліся.

На той момант раптам высветлілася, што багата беларускіх настаўнікаў з’ехалі, частка з іх перайшлі ў рускую школу, Беларускі клуб пасля вакацый не перазапусціўся… І тое, чаго мне не хапала — яно засталося.

Мы пачалі з сустрэч «Чалавечай фізікі» і гістарычнага клуба, Андрэй Мялешка моцна падтрымаў нас, таму што дамовіўся на выступ з Маляванычам, з Андрусём Такіндангам, яны сюды прыязджалі выступаць. Паціху пачалі прыходзіць людзі, з’явіліся новыя актыўнасці. І самае цікавае, што потым на маю фізіку ў мяне часу ўжо не засталося.

— Колькі ўвогуле ў «Аксяродку» актыўнасцяў?

— Настолкі для дарослых, настолкі для падлеткаў, мастацкі гурток для дзяцей, спеўны сход для дарослых, з якім мы, дарэчы, выступалі некалькі разоў у Касцёле. Музычныя заняткі для дзяцей, кінапаказы для дзяцей і сямейныя кінапаказы, кніжны клуб, бібліятэка, беларускае караоке, заняткі англійскай мовай праз беларускую, дарослыя навукова-папулярныя сустрэчы пра фізіку і біялогію, «Гучныя чытанні» з Сашай Хамянок, — гэта тое, што дзейнічала больш-менш стала на працягу года.

Бывала тое, што праходзіла час ад часу. Пакуль не з’ехаў кіраўнік, былі сустрэчы бізнес-асацыяцыі, тут адбываліся сустрэчы дыяспары, некалькі сустрэчаў было разам з іншымі беларускімі ініцыятывамі — з «Інтэракцыяй» пісалі казкі для дзяцей па мэтах устойлівага развіцця. Былі лекцыі з эколагамі, сустрэчы з паэтамі, быў нават кінафестываль, былі беларускія дэбаты, і так, мы тут глядзелі ўручэнне Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму.

Фактычна я адкрытая для любых прапаноў і запытаў, альбо гляджу, што цікава для беларусаў, і імкнуся зрабіць гэта ў нас.

— Ці шмат беларусаў прыходзіла ў «Аксяродак» за час яго існавання?

— За гэтыя 10 месяцаў з усімі святамі і іншым (я нядаўна падлічыла) да нас зайшло больш за тысячу чалавек. Былі цікавыя моманты, калі людзі прыязджалі адпачываць ва Урэкі непадалёк ад Батумі, але адмыслова на пару дзён заязджалі сюды, каб пабыць у «Аксяродку», наведаць нашы імпрэзы. Была неяк дзяўчына Алена, таксама прыехала адпачыць, але наведвала амаль усе нашыя мерапрыемствы.

— Як вы лічыце, «Аксяродак» стаў цэнтрам беларускай культуры ў Батумі?

— Я задумвала прастору не як культурны цэнтр, а як цэнтр канцэнтрацыі беларусаў у Батумі. Прыкладам, калі табе сумна, кепска, ты хочаш пабачыцца са сваімі, ты бяжыш міма і заскокваеш у «Аксяродак». І для мяне важна, што менавіта такім цэнтрам гэтая прастора сапраўды стала. Апошні месяц менш, але сапраўды, прабягаючы-праходзячы міма людзі заходзілі павітацца, перакінуцца слоўцамі, падзяліцца навінамі. І ўсе казалі, што нібыта пабылі дома, у Беларусі. Вось гэтая мэта была асноўнай, і гэта атрымалася.

Аляксандр «Маляваныч» Ждановіч у «Аксяродку»

Аляксандр «Маляваныч» Ждановіч у «Аксяродку»

— Цяпер «Аксяродак» у працэсе пераезду…

— Так, наш будынак выкупілі нейкія інвестары, тут будуць будаваць нешта іншае. І таму з вуліцы Метакса мы з’язджаем на лета. Летам у нас будзе крыху іншы праект. У мінулым годзе быў такі зроблены беларусамі, але рускамоўны летнік «Марская казка», мае дзеці туды ездзілі, і мне спадабалася. Таму яшчэ ўзімку я прапанавала зрабіць такі ж летнік, але беларускі. І людзі да мяне таксама звярталіся наконт таго, каб зрабіць такі беларускамоўны летнік.

Задумка летніка была як міжнароднага. Мы падаваліся на грант, але яго не выйгралі, таму цалкам міжнародным зрабіць яго не атрымалася, аднак усё роўна да нас прыедуць беларусы з Польшчы, з Беларусі, з Літвы — апроч беларусаў у Грузіі.

Гэта такі «дзіцяча-дарослы» летнік. Бо калі я нешта арганізоўвала для дзяцей, мяне часцяком пыталіся: «Чаму ўсё класнае дзецям? Мы б таксама хацелі павучыць фізіку простымі словамі, адпачыць на моры…» І таму мы прапануем дарослым, каму не пашанцавала ў школе з настаўнікамі фізікі і біялогіі, якія хочуць пабыць на моры, хочуць нейкіх незвычайных актыўнасцяў, таксама далучыцца да нас у летнік.

Дарэчы, ён пачынаецца з 10 ліпеня, і яшчэ можна паспець далучыцца

— А ці супрацоўнічаеце вы з іншымі беларускімі ініцыятывамі?

— Так, фактычна з усімі. Напрыклад, кіраўнік журналісцкага «Медыяхабу» нядаўна сказаў, што «мы (у сэнсе “Медыяхаб”) пра цяжкую працу, а “Аксяродак” — гэта для душы». Мы супрацоўнічалі з беларускім каворкінгам Linx, з шведскімі кружкамі АБФ, «Інтэракцыя» агулам у нас праводзіла некалькі мерапрыемстваў, «Экаджара», беларускія эколагі ў нас чыталі лекцыі. А пра дыяспару я ўжо казала…

— То-бок, вы падцягнулі ў «Аксяродак» амаль усе беларускія ініцыятывы Аджарыі…

— Мне вельмі падабаецца падыход грузінаў, якія кажуць пра адрозненне грузінскіх НДА ад іншых. Яны кажуць, што калі бачаць, што ёсць нейкі файны праект і ён больш патрэбны, то грузінскія НДА могуць адмовіцца ад сваіх праектаў на карысць суседа. Гэта не пра канкурэнцыю, а пра суіснаванне. Для мяне «Аксяродак» — гэта місія, гэта не камерцыйны праект, хаця, канечне, хацелася, каб мы хаця б «у нуль» выходзілі. Цяпер мы ў мінусе, стала менш беларусаў у Грузіі, менш падтрымкі, і фактычна «Аксяродак» трымаецца на ўласных грашах маёй сям’і.

Але для мяне «Аксяродак» — гэта місія, і таму я не ўспрымаю іншыя ініцыятывы, як канкурэнтаў, а толькі як магчымасці для супрацоўніцтва.

— Такім чынам, можна сказаць, што «Аксяродак» цяпер на вакацыях. А што далей?

— Ужо цяпер бачна, што мы фактычна перараслі тое памяшканне, што ў нас было. Была ідэя аб’яднацца з кім-небудзь, напрыклад, такая прапанова была ад «Медыяхаба». Але «Медыяхаб» — гэта журналісцкі каворкінг, там людзі працуюць, і нашыя наведвальнікі будуць, напэўна, ім замінаць. Мы разглядалі варыянт аб’яднання з крамай, якую стварылі беларусы,  але там ужо пакупнікі будуць замінаць нашым наведвальнікам. Хаця крама беларускай сімволікі некалькі месяцаў даволі арганічна ў нас працавала. Таму мы вырашылі пакуль усё ж існаваць асобна, хоць гэта і вельмі накладна, бо ахвяраванні на «Аксяродак» пакрываюць толькі частку выдаткаў, і я ўкладаю ў яго грошы сям’і.

Магчыма, зробім невялічкі хостэл у прасторы, бо ў тым памяшканні людзі, якія прыязджалі да нас выступаць, спалі проста на падлозе, на матрацах. Хацелася б зрабіць беларускую міні-кавярню: не толькі халаднік і дранікі, а можа, і нешта больш вытанчанае. У гэтым мы таксама шукаем супрацу.

Насамрэч, калі нам паведамілі, што ў нас забіраюць памяшканне, у мяне проста апусціліся рукі. Але прыходзіла і тэлефанавала багата людзей, якія казалі: «Як? Куды цяпер зайсці? Мы ведалі, што ёсць “Аксяродак”, і нам лягчэй жылося». Гэта была такая падтрымка, што я зразумела: гэтую справу варта працягваць.

У «Аксяродку» заўсёды нефармальная атмасфера

У «Аксяродку» заўсёды нефармальная атмасфера

— Што вас увогуле падтрымлівае ў гэтай працы?

— Мая сям’я, якая згодная ўсё гэта цярпець (усміхаецца). А з іншага боку, я думаю, што мы жывем у іншай краіне, і невядома, у якой культуры вырастуць нашы дзеці. Мне хацелася б, каб яны бачылі, што беларускае — гэта каштоўнае.

У мяне ў сям’і была падобная гісторыя, калі мой дзядуля ў 17 год з’ехаў у Расію зарабляць грошы, і ў яго не атрымалася вярнуцца назад на сталае жыццё. Але там, дзе ён асеў — на Паўночным Каўказе, пад Мінеральнымі водамі, — сабралася вялікая колькасць беларусаў. І ён настолькі захаваў сувязі з Беларуссю, што прыязджаючы да яго на лета, мы з братам кожны раз траплялі ў беларускі асяродак, з беларускай мова, культурай і нават песнямі. І ў мяне не было нейкай згубы ідэнтычнасці.

Таму я спадзяюся, што хаця б у аднаго з трох маіх дзяцей у выніку атрымаецца захаваць беларускую ідэнтычнасць, хоць і жывем мы не на радзіме. Для гэтага ўсё і робіцца.

Фота Аксаны Акуневіч