«Я буду рады сустрэць Сакрата на нябёсах», — Ігар Банцэр, які галадае на сухую 16-ы дзень
Ігар Банцэр падчас суда паўтарыў словы Сакрата: «Лепш смерць, чым няслава». «Я буду рад сустрэць Сакрата на нябёсах. Ён вельмі добра сказаў». «Свабода» распавяла пра чарговы дзень суда над гродзенскім музыкам Ігарам Банцэрам.
Пасля 6-дзённага перапынку ў судзе Ленінскага раёна Гродна аднавіўся працэс па справе гродзенскага музыкі і актывіста Ігара Банцэра. Ён сцвярджае, што не прымае ежу і ваду з 3 сакавіка. Пракурор папрасіў для яго паўтара года «хіміі» і вызваліць у залі суду.
Здымаць Банцара ў судзе не дазволілі.
Ён выглядае яшчэ больш схуднелым, бледным, з белымі вуснамі, але рухавы, як і раней, ходзіць сам, гаворыць гучна. У «акварыуме» яго пакінулі без кайданкоў.
Перад пасяджэннем Банцэр заявіў, што супраць яго спрабавалі зладзіць правакацыю, нібыта ён піў ваду з бачка ўнітаза.
«Мяне хочуць зрабіць „апушчаным“, знізіць мой статус, каб я перайшоў у „прэс-хату“ (камера, дзе турэмная адміністрацыя стварае невыносныя ўмовы для вязняў. — РС). Яны хочуць, каб я ўскрыўся, але я не ўскрыюся», — некалькі разоў гучна паўтарыў музыка, стаўшы на лаву.
«Ты маладзец. Пі ваду, сын», — падтрымала яго маці Тамара Мікалаеўна.
«Банцэр, слухайце», — папрасіла суддзя.
Ён паківаў галавой і даслаў ёй паветраны пацалунак.
«Я нічога не чую, Высокі суд. Я чую галасы ў сваёй галаве, Высокі суд», — адказаў Банцэр. Падчас пасяджэння ён стаяў у клетцы, не сядаў па сваім жаданні.
18 сакавіка меліся дапытаць у якасці сведкі адміністратара бара Віталя Канюшку, які нібыта дазволіў Банцэру патанцаваць побач з міліцэйскай машынай. Праз яго суд пераносілі некалькі разоў. Ён чарговы раз не з’явіўся на судовае пасяджэнне. Суд вырашыў разглядаць справу без яго.
Банцэр папрасіў зачытаць яго ранейшыя пісьмовыя паказанні.
«Дзе дыктафон? У мяне голас слабы», — запытаўся Банцэр.
Разгледзелі рэчавыя доказы па справе.
Пракурор запрасіў паўтара года «хіміі» і вызваліць у залі суду
Суддзя зачытала паказанні сведкі — адміністратара бара Віталя Канюшкі. Той раней казаў, што не бачыў, каб Банцэр дэманстраваў свае палавыя органы, не бачыў ні яго ягадзіц, ні палавых органаў.
«Я ўчора быў у начальніка медчасткі турмы. Ён мне сказаў, што, калі я пачну траціць прытомнасць, яны мяне абколюць. Я ніколі не калоўся наркотыкамі. Калі пагоршыцца мой стан, я не хачу, каб мяне калолі наркотыкамі. Я галадоўку спыняць не збіраюся. Інакш я ператваруся ў „гародніну“», — заўважыў Банцэр.
Суддзя Наталля Козел удакладніла, якую ежу Банцэр ужывае, ці перадаюць яму прадукты харчавання.
Банцэр адказаў, што нічога не ўжывае, але яго агаварылі, нібыта ён піў ваду з бачка ўнітаза. Ён удакладніў, што яму перадаюць кнігі, канверты, асадкі, а вось канверты з Кастусём Каліноўскім не перадалі.
«Наколькі мне вядома, на сёння стан здароўя ў вас здавальняючы», — сказала суддзя.
Суд перайшоў да спрэчак. У той час, як пракурор Віктар Нічыпарук зачытваў сваю прамову, маці Банцэра ўвесь час досыць гучна плакала. Яе суцяшаў малодшы сын Раман.
Пракурор адзначыў, што факт алкагольнага ап’янення Банцэра не быў пацверджаны.
Пракурор папрасіў для Банцэра пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Ён папрасіў для яго «хімію» на паўтара года.
Ігар Банцэр у першы дзень суду 3 сакавіка
Апошняе слова Банцэра: «Я буду рады сустрэць Сакрата на нябёсах»
Калі Банцэру далі апошняе слова, ён здзівіўся.
«А што, пераносу не будзе?» — пажартаваў ён.
Ён рыхтаваўся да апошняга слова, зрабіў нататкі — 80 старонак.
Планаваў гаварыць доўга, але прызнаў, што цяпер не можа доўга гаварыць. Гаварыў прыкладна паўгадзіны.
«Калі суд вызначыў, што я паказваў палавыя органы, значыць, я паказваў палавыя органы», — сказаў Банцэр.
Ён зачытаў прамову Сакрата на яго судовым працэсе пра нібыта мудрага чалавека, які нічога не ведае, але робіць выгляд, што ведае.
«Закону трэба падпарадкоўвацца, даводзіцца апраўдвацца... Чалавечая мудрасць каштуе няшмат, нават, здаецца, нічога... З вас, людзі, найбольш мудры той, хто падобны да Сакрата, які ведае, што нічога не ведае... Мудрасць — самая вялікая з даброт. Ці ж не самае вялікае зло — рабіць выгляд, што ведаеш, калі не ведаеш... Я ніколі не стану баяцца і пазбягаць таго, што ёсць злом», — гаварылася ў цытаце Сакрата.
Ён прыгадаў людзей, якія трапляюць пад суд і робяць усё, каб пазбегнуць прысуду.
«Ці ж адмена смяротнага пакарання зробіць вас бессмяротнымі?.. Я хутчэй жадаю памерці пасля такой абароны. Ні мне і нікому не варта пазбягаць смерці любымі шляхамі. Лепш смерць, чым няслава», — паўтарыў словы Сакрата Банцэр.
«Я буду рад сустрэць Сакрата на нябёсах. Ён вельмі добра сказаў», — адзначыў Банцэр.
Урэшце ён пажадаў пракурору і іншым прысутным паспяховай кар’еры і прыгадаў пра люстрацыю, якая некалі настане.
«Я бачыў у сваіх снах, каб мяне судзіла Наталля Рыгораўна. Тут бац, а мяне судзіць Наталля Рыгораўна. Вы не ў маім гусце, даруйце... Калі б хто іншы сядзеў, то, можа, я б адчуваў нешта негатыўнае. Але з 2005 года Наталля Рыгораўна мяне судзіць (па адміністрацыйных справах)», — заўважыў Банцэр.
У гэты момант суддзя Наталля Козел пераглянулася з сакратаркай, і абедзве заўсміхаліся.
«Калі выжыву, будзе не сорамна сказаць: а ты сустракаў Новы год з псіхамі? А ты адзначаў дзень народзінаў у турме?» — сказаў Банцэр. Ён папрасіў прабачэння ў пацярпелага. Але запытаўся: навошта такое правасуддзе, навошта пераносы ў судзе? Выказаўся, што трэба кваліфікаваць парушэнні правільна.
«Я не змянюся. Мае татуіроўкі не змываюцца... Выпіліцца адсюль? Я не прызнаю самагубства. З’ехаць з краіны? Так сабе парады», — пракаментаваў ён.
«Што я зрабіў не так?.. З усімі прымірыўся. Надзеў усё ружовае... Відаць, я загуляўся... Я вельмі рады, што я не большасць», — разважаў Банцэр.
Напрыканцы ён падзякаваў суддзі Наталлі Козел, у тым ліку за тое, што кінуў піць алкаголь пасля суду за ўжыванне алкаголю ў грамадскім месцы.
Банцэр расказваў шмат гісторый, звяртаўся да прысутных у залі, прыгадаў, як ён кінуў піць у 2007 годзе. «Мне добра. Я адчуваю сябе цудоўна... Дзякуй усім, мне спадабалася, я атрымаў задавальненне», — паведаміў Банцэр пра два тыдні сваёй галадоўкі.
Суддзя сышла, каб прыняць рашэнне аб прысудзе.
Прысуд будзе вынесены 19 сакавіка ў 10:30.