І зноў Бульбаш-хол
Сёння, 24 студзеня, павінна адбыцца сустрэча каардынатара ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты" Ганны Шапуцькі і былога вязня ГУЛАГу Уладзіміра Раманоўскага з чыноўнікамі Мінскага аблвыканкама па сітуацыі вакол Курапатаў.
Нагадаем, што 16 студзеня Шапуцька атрымала ліст ад землеўпарадкавальнай службы Мінскага аблвыканкама, у каторым паведамляецца пра вынікі абмеркавання пытання пра парушэнне заканадаўства пры будаўніцтве “Бульбаш-холу".
Прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных структур, у тым ліку Камітэта будаўніцтва і архітэктуры Мінаблвыканкама, Генеральнай пракуратуры і Міністэрства культуры 27 снежня 2012 года прынялі рашэнне аб распрацоўцы праекту дэталёвага плану тэрыторыі, якая адносіцца да Курапатаў, з устанаўленнем "актуальных" межаў помніка і яго зонаў — ахоўнай і рэгулюемай забудовы. Толькі не зразумела, што маюць на ўвазе чыноўнікі пад "актуальнымі" межамі: ці гэта межы, вызначаныя заканадаўствам, ці тыя, што склаліся пасля таго, як забудоўшчыкі "Бульбаш-холу" іх парушылі, ці нейкія новыя межы.
Акрамя высвятлення гэтых пытанняў пад час сустрэчы з чыноўнікамі будзе агучана прапанова пра неабходнасць уключэння ў працоўную групу па распрацоўцы праекту дэталёвага плану тэрыторыі прадстаўнікоў грамадскасці, у тым ліку юрыста і археолага. А таксама прапанова грамадскага абмеркавання не толькі праекта скарэктаваных межаў помніка і яго зонаў, але і праблем перспектыўнай забудовы тэрыторыі вакол народнага мемарыяла.
Як паведаміў Уладзімір Раманоўскі, пададзена заяўка на сустрэчу актывістаў ініцыятывы з новапрызначаным міністрам культуры Барысам Святловым дзеля абмеркавання сітуацыі вакол Курапатаў. На гэтай сустрэчы будуць узнятыя шэраг пытанняў, у тым ліку па ўвекавечванню памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у Курапатах згодна пастановы Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года, аб пераносе “Бульбаш-холу" у іншае месца, а таксама па забеспячэнню дзяржаўнай аховы нацыянальнага некропалю.