Хто ж ведаў, што ахвочых збегчы ад стабільнасці будзе так шмат?

Калі камусьці няма чаго рабіць, ён бярэцца за адукацыю. І галоўнае — усё як у апошні раз. Гэта значыць, як заўсёды, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg

Вось далей так жыць нельга, але мяняць нічога не трэба. Таму што ўсё дрэнна. Таму пакінуць як ёсць. Але каб стала добра. Але больш ніякіх перамен. Але трэба, каб было па-новаму. Таму што і так ужо ўсё памянялі, а лепш не стала. Але калі нічога не мяняць, то будзе горш. Таму хай будзе па-старому, але па-іншаму.

Вусны экзамен увесці, але каб быў пісьмовым. Падручнікі дрэнныя, таму хопіць іх ужо перапісваць. Школ больш будаваць не трэба, таму што ўсё для дзяцей. Адукацыя — лепшая ў свеце, таму ў ёй поўны бардак. Але чужой адукацыі нам не трэба. Таму што наша ж лепшая ў свеце.

Карацей, ты ўсё зразумела. Таму што я неяк не асабліва зразумеў. Хоць логіка наогул, вядома, жалезная.

Але адно я ўсё ж такі зразумеў. Будуць рабаваць! Гэта, вядома, не біном Ньютана. Здагадацца няцяжка. Таму што рабаваць будуць пры любых абставінах.

І калі я кажу «рабаваць» — я маю на ўвазе ў фігуральным сэнсе гэтага слова. Хоць і ў літаральным таксама. Таму што студэнты, якія плацяць за сваю адукацыю, плацяць мала. І калі пасля сваёй адукацыі яны хочуць атрымаць вольную, то трэба заплаціць яшчэ. Па цэнах, якія ім эканамічна абгрунтуюць. Гэта значыць, плацім раз, плацім два.

А ў каго на эканамічна абгрунтаваныя цэны не хопіць грошай — таго ў астрог. Гадоў на пяць. А потым — на сем. А дзе сем, там ужо і плюс-мінус бясконцасць. Упэўнены, што студэнтаў у беларускіх ВНУ пасля гэтага моцна прыбавіцца. Асабліва ахвочых за сябе заплаціць. Ну на самай справе. Навошта ж ім плаціць за сябе дзе-небудзь у Польшчы, калі яны могуць заплаціць за сябе беларускай дзяржаве? Два разы. Ці столькі разоў, колькі беларуская дзяржава палічыць для сябе эканамічна абгрунтаваным.


Глядзіце таксама

Вось беларуская дзяржава спачатку вельмі радавалася, калі з яе беглі грамадзяне сумнеўнай палітычнай лаяльнасці. Беларуская дзяржава думала, што калі з яе ўцякуць грамадзяне сумнеўнай палітычнай лаяльнасці, то ў яе наступіць стабільнасць і народнае адзінства.

Хто ж ведаў, што ахвочых збегчы ад стабільнасці будзе столькі, што ў стабільнасці пачнуцца ад гэтага праблемы? І што характэрна, за грамадзянамі сумнеўнай палітычнай лаяльнасці пацягнуліся грамадзяне з індыферэнтнай палітычнай лаяльнасцю. Таму што чым далей стабільнасць стабілізуецца, тым больш жадаючых ад яе збегчы. І, што асабліва крыўдна, тым больш сумнеўная палітычная лаяльнасць у тых, хто застаецца.

Тыя, хто застаюцца, вядома, у асноўным пакуль маўчаць. Але ж беларуская ўлада дакладна ведае, што нічога добрага яны пра яе не думаюць. Даўно ўжо нічога добрага не думаюць — з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.


Глядзіце таксама