Хто цяпер будзе лічыцца дармаедам?
Улады падрыхтавалі некаторыя змены для «дармаедаў». Сярод іншага пашырылі спіс тых, каго не будуць лічыць утрыманцамі, а таксама абнавілі пералік дадзеных, якія ўтрымліваюцца ў базе пра не занятых у эканоміцы.
Змены прадугледжаныя пастановай Саўміна ад 8 снежня 2018 г. № 881. Нагадаем, у Беларусі з 1 снежня запусцілі базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Тыя, хто трапіў пад дэкрэт па садзейнічанні занятасці насельніцтву, пры гэтым мае ва ўласнасці кватэры, з 1 студзеня будуць аплочваць па поўных тарыфах гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 году — газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне.
У базу дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, уключаныя каля 500 тысяч чалавек. Доступ да базы дадзеных не занятых у эканоміцы грамадзян, якая цяпер карэктуецца, можа атрымаць кожны жыхар Беларусі. Лагін і пароль для доступу на партал выдадуць бясплатна ў службе «Адно акно».
З ліку «дармаедаў» выключаныя жонкі дыпламатаў (таксама ў базу не трапіць муж работніцы адміністрацыйна-тэхнічнага персанала, накіраванай на працу ў дыппрадстаўніцтва за мяжу), уладальнікі маёмасці камерцыйных арганізацый (за выключэннем акцыянерных таварыстваў). Не трапяць у базу «другія паловы» маладых рабочых ці служачых, якія працуюць па размеркаванні, а таксама асобы, якія знаходзяцца пад дыспансерным назіраннем з-за хранічных ці працяглых псіхічных захворванняў. Не будзе там і людзей з сіндромам залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў ці таксічных рэчываў. Не трапяць у лік «дармаедаў» і людзі перадпенсійнага ўзросту.
Паводле racyja.com