«Грошай на асфальт няма». Паглядзіце, якая бяда ў Беларусі з дарогамі (шмат фота)
Жыхары вёскі Ляхаўшчына пад Мінскам запісалі відэазварот да Лукашэнкі, у якім папрасілі яго дапамагчы вырашыць праблему з дарогай. Людзі хацелі, каб там паклалі асфальт: у міжсезонне, скардзяцца, не праехаць, машыны грузнуць. У адказ вяскоўцы атрымалі толькі незадаволенасць чыноўнікаў і прапанову «Мінскаблдарбуда» аплаціць палову кошту работ, а гэта 470 тысяч рублёў.
Чытачы «Л*стэрка» з іншых населеных пунктаў таксама
паказалі, па якіх дарогах даводзіцца хадзіць і ездзіць ім. Выданне зрабіла падборку
іх фота і абураных каментароў. На здзіўленне, амаль усе скаргі — як раз з Мінскай
вобласці.
Мінская вобласць: «Амаль усе суседзі захрасалі і не
маглі даехаць да дома»
Па дарозе, як на здымку вышэй, ездзяць жыхары вёскі
Ганчароўка ў Смалявіцкім раёне, фота зробленае 29 сакавіка. З іх слоў, да
ўладаў з пытаннямі аб рамонце мясцовыя ўжо звярталіся — тыя прапанавалі
падзяліць выдаткі напалову, але ахвотных, само сабой, мала.
— Некаторыя гатовыя падтрымаць гэта, але ўсё па-рознаму:
хтосьці гатовы 100 рублёў даць, а хтосьці — 300. У такім стане дарога ўжо месяц,
па ёй і хадзіць непрыемна, і ездзіць небяспечна. Ламаюцца машыны. Звычайна яе
выраўноўваюць грэйдэрам, але адразу пасля дажджоў яна зноў псуецца. Жыхары
звярталіся ў 115, аблдарбуд, абласную адміністрацыю, а цяпер ужо плануюць ісці
да Качанавай, — кажуць жыхары.
А на наступных здымках — стан дарогі ў 10 кіламетрах ад
Мінска, у Хацежынскім сельскім савеце, на мінулым тыдні. Па словах чытача,
дарога вядзе да трох садовых таварыстваў, у якіх сумарна каля 600 участкаў. Ён
дадаў, што два гады ўладальнікі дач не могуць разабрацца з праблемай і таксама атрымліваюць
адпіскі ад інстанцый, куды дасылаюць звароты.
Яшчэ больш разбітая грунтавая дарога — за 20 кіламетраў ад сталіцы, у вёсцы Курганне Дзяржынскага раёна. Гісторыя ад уладальнікаў аднаго з дамоў там прагучала падобная: людзі рэгулярна пішуць скаргі, а ў адказ рэгулярна чуюць, што грошай на асфальт у бюджэце няма.
— З дарогай па ўсёй вёсцы такая сітуацыя. Спраўляемся толькі так: чакаем грэйдэр, які раз на год яе раўняе. Але і гэтага таксама няпроста дамагчыся! — кажа чытач.
Паскардзілася і яшчэ адна беларуска, якая жыве крыху далей — за 30 кіламетраў ад Мінска, у вёсцы Дуброва. Паводле яе слоў, недалёка, праз
поле, узлётная паласа Нацыянальнага аэрапорта, але блізкасць да яго на хуткасць
вырашэння пытання не паўплывала:
— Да нас вядзе жвіровая дарога. Дождж гэтую дарогу проста
забівае ў хлам, а як усё высыхае, утворыцца шмат ям, па якіх ужо мы забіваем
свае машыны. Я шмат разоў пісала звароты ў «Мінскаблдарбуд», але
прыходзяць адпіскі, што грошай няма. Для ўсіх жыхароў дома гэта сапраўдны боль, — распавяла жанчына. — А на мінулым тыдні мы ўсе змагаліся за расчыстку ад
снегу. Амаль усе суседзі захрасалі і не маглі даехаць да хаты. Асабіста мяне
выцягвалі двойчы — КамАЗ і «сметнік».
Чытач з вёскі Сутокі таксама даслаў нядаўняе фота дарогі.
Асфальт на адной з вуліц «паклалі ў мінулым тысячагоддзі», жартуе ён
і дадае, што па такой дарозе ў населены пункт ездзяць два аўтобусы з Мінска і
Жодзіна.
«Сказалі, што ўсё з дарогай добра і па паперах нібыта
рамонт быў»
А так тыдзень таму выглядалі дарогі на вуліцах Майская і Мірная ў вёсцы Памесце Салігорскага раёна. Па словах мясцовага пенсіянера, гэта дастаўляе праблемы машынам жыхарам наваколля і псуе нервы кіроўцам.
— У катэджным пасёлку каля 400 дамоў. Некаторыя вуліцы
паспелі пакласці асфальт, аплаціўшы напалову з дзяржавай, а астатнім цяпер
кажуць плаціць цалкам. Звяртаемся да ўладаў — абяцаюць параўнаваць і падсыпаць,
але пакуль толькі абяцаюць, — распавядае мужчына.
Таксама паскардзіўся жыхар Пухавіцкага раёна Віктар (імя змененае), які жыве ў вёсцы Угодзіна. З ягоных слоў, іншых дарог паблізу няма — «вакол лес», таму аб'ехаць гэты бруд аўтамабілісты не могуць.
— Дрэнная дарога ў нас ужо гадоў 20, два-тры разы на год
праходзіць грэйдэр... Да ўладаў звярталіся, але тыя сказалі, што ўсё з дарогай
добра і па паперах у іх нібыта рамонт быў. Людзей у гэтым раёне жыве няшмат:
каля 100 чалавек. Але за вёскай знаходзяцца дачныя таварыствы, і з пачатку
сезона колькасць жыхароў павялічваецца да тысячы і больш. З-за такой дарогі
нават аўталаўка да нас прыязджае, толькі калі суха, а крамы няма. Яшчэ з
нязручнасцяў у нас дрэнная сувязь і перабоі са святлом, — паскардзіўся Віктар.
Ніжэй здымкі яшчэ аднаго жыхара Пухавіцкага раёна, але ўжо з
аграгарадка Зазерка. Па словах мужчыны, мясцовыя ў ліпені 2021 года звярталіся
ў райвыканкам. Тыя патлумачылі, што
напярэдадні, у чэрвені, правялі прафіляванне дарогі і яна знаходзіцца ў
здавальняючым стане, а далей «абслугоўванне дарожнага пакрыцця будзе
праводзіцца па меры неабходнасці пры спрыяльным надвор'і». Цяпер зазерчане
чакаюць і «неабходнасці», і «спрыяльнага надвор'я».
— Так дарога выглядала 25 сакавіка гэтага года. У нас тут тры дамы з маленькімі дзецьмі. Як спраўляемся? Ніяк. Ёсць тэлефон трактарыста... — кажа мужчына.
Вось такі шлях да дамоў пасля дажджоў пераадольваюць жыхары вуліцы Светлая ў Астрашыцах Лагойскага раёна.
— Тут больш за 20 чалавек жыве. Дарога прахадная, але ўсе
ідуць у абыход — з сабой трэба пару абутку браць. Улады нічога рабіць не
хочуць, — падзяліўся мясцовы жыхар Мікалай.
А вось сам горад Лагойск, вуліца Брацкая. Чытачка Вікторыя (імя змененае) распавяла, што тут жыхары «амаль другі тыдзень» чакаюць, калі дарожныя службы ліквідуюць праблему з праездам. Паводле яе, яны пакідалі заяўку на сэрвісе 115.by.
«У гэтым раёне жыве прыкладна 300 чалавек. Даводзіцца
аб'язджаць па палях альбо праз іншыя вуліцы», — дадала яна.
«Рамонтнікі і латалі дарогу, але толькі ў межах Мінска — далей не паехалі»
Жыхары Аляксееўкі Мінскага раёна таксама пакідалі заяўку на 115.by з нагоды дарогі на вуліцы Лясная —спачатку 24 сакавіка, потым яшчэ раз праз тыдзень.
— Заяўку прынялі, але так ніхто і не прыязджаў. Сусед
тэлефанаваў кудысьці вышэй, абяцалі даслаць камісію на мінулым альбо на гэтым
тыдні, але я нікога не бачыла. У нас тут цэлы год жыве тры сям'і, яшчэ пару
сем'яў прыязджаюць амаль кожныя выхадныя. На суседняй вуліцы — таксама тры
сям'і і некалькі таксама бываюць па выхадных. Гэтыя фота за 24 сакавіка, цяпер
ужо трохі падсохла, ды і ў гэты бруд сваімі сіламі накідалі камянёў. А так дабіраемся да горада з праблемамі, кожны раз баючыся ўгразнуць у гразі, — падзялілася жанчына.
Ёсць праблемы з дарогамі і ў Калодзішчах. Мясцовая жыхарка кажа, што кожнай зімой паўтараецца адна і тая ж сітуацыя: утвараюцца глыбокія ямы.
— Машыны збіваюць сабе ўсё, што можна і нельга збіць. І
самае дзіўнае, што да знака, дзе заканчваецца Мінск, дарога выдатная, а як
толькі пачынаюцца Калодзішчы — адразу дрэнная, — смяецца суразмоўца. — Тут
машынам даводзіцца часам ехаць па пешаходнай дарожцы. Пасля нашага звароту да
ўладаў прыязджалі рамонтнікі і латалі дарогу, але толькі ў межах Мінска — далей
не паехалі. Гэты ўчастак дарогі знаходзіцца каля двух прыпынкаў, там
шматпавярховікі стаяць, размешчаны прыватны сектар.
Яшчэ адна скарга прыйшла з прысталічнай вёскі Вялікі
Трасцянец, дзе жыве каля трох тысяч чалавек. Са слоў жыхаркі, асфальт праклалі «гадоў 30 таму», а правядзення рамонту дамагчыся ў мясцовых чыноўнікаў не
атрымліваецца.
— Адказ адзін: няма грошай, не ўключана ў бюджэт. Сельсавет чакае, што нас перададуць Мінску, і не спяшаецца нешта рабіць. Толькі апошнія пару гадоў пачалі часцей чысціць снег, а летам праходзіць грэйдэр, — падзялілася яна.
Паводле слоў суразмоўніцы з Анусіна, гэта таксама Мінскі раён,
там праблема з дрэннай грунтавай дарогай цягнецца ўжо сем гадоў, але ў гэтым
годзе мясцовыя жыхары асабліва пакутуюць.
— Немагчыма праехаць. Усе пакідаюць машыны ў 10 хвілінах ад
дамоў і ідуць пешшу ў гумовых ботах. Мы паспрабавалі праехаць па адзінай
аб'язной дарозе і пацярпелі няўдачу (машына таксама ўгразла ў гразі, проста ў
іншым месцы). Літаральна некалькі тыдняў таму затрымалася
машына, якая абслугоўвае каналізацыю, зламала кардан. Пару дзён таму засела
машына, якая вывозіць смецце. Пры гэтым некалькі тыдняў перад гэтым яго наогул
не вывозілі, — кажа жанчына.
— Гэтыя фота зробленыя 26 сакавіка, цяпер сітуацыя яшчэ горшая. У мясцовым сельсавеце кажуць, што яны не ўпаўнаважаныя, адпраўляюць пакідаць заяўкі на 115 або тэлефанаваць у «Мінрайгаррамаўтадар», які абслугоўвае дарогу. А там — «чакайце, пакуль высахне». Яшчэ параілі патэлефанаваць ва УКБ Мінскага раёна, але там тыдзень наогул не падымаюць тэлефон. Да гэтага мы шмат разоў пісалі калектыўныя скаргі і тэлефанавалі ў Мінскі райвыканкам, кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — рашэння дагэтуль няма. Хоць па адной вуліцы ў вёсцы 500 метраў асфальту ёсць, — распавядае жанчына.