Стабільнасць «паплыла». Паглядзіце на стан дарог у Баранавіцкім раёне (фота, відэа)

Прыйшла вясна, і стабільнасць у Беларусі «паплыла». На якасць дарог скардзяцца жыхары многіх рэгіёнаў, у прыватнасці, выданне «Іntex-press» распавяло пра гаротны іх стан у Баранавіцкім раёне.

2_16_1.jpg

Выданне атрымала фота сваіх чытачоў, на якіх бачна, што пасля прыходу цяпла дарогі сталі зусім гразкімі.

Сярод вёсак, дзе «ні праехаць, ні прайсці», называюцца Лаўрынавічы. Там прычынай кепскіх дарог у тым ліку сталі распачатыя рамонтныя работы.

3_9_1.jpg

Паводле слоў мясцовага жыхара Яўгена, у вёсцы Лаўрынавічы Баранавіцкага раёна ён пражывае 4 гады, і спачатку праблем з праезнай часткай вуліц Кветкавая і Мірная не было. Зараз жа дарожнае палатно ўяўляе сабой бруд і лужыны, якія з'яўляюцца «сапраўдным выпрабаваннем» як для транспарту, так і для жыхароў вёскі.

— Першапачаткова праблем не было, дарога была адсыпана пясчана-жвіровай сумессю, перасоўвацца па ёй не складала ніякіх цяжкасцей. Усё змянілася пасля таго, як на вуліцы пачаліся рамонтныя работы па ўкладцы камунікацый, — распавядае мужчына.

У выніку дарога, як адзначае Яўген, ператварылася ў «кашу з бруду», а для таго, каб у ёй не патануць, даводзіцца ісці праз поле.

1_31_1.jpg

— Бруду па калена. Ногі літаральна патанаюць у гэтым балоце! — абураецца мужчына. — Каб адвесці дзяцей у дзіцячы сад, трэба ісці з імі па полі. Ну хіба гэта нармальна?

Паводле яго слоў, мясцовыя жыхары не раз звярталіся да старшыні сельсавета, аднак ніякага выніку гэта не дало: вуліцы па-ранейшаму «плывуць».

— Пасля звароту ў дарожную службу да нас прыслалі грэйдар, які праехаў і разраўняў ямы. Але толку ад гэтага? З першым дажджом зноў балота. Нічога і не змянілася! Дарозе патрэбна нармальная падсыпка, каб тая ж машына хуткай дапамогі магла прыехаць, не захрасаючы ў гразі, — кажа мужчына.