Хронікі рэпрэсій за 7 снежня

Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»


У Беларусі ўвядуць смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве для чыноўнікаў і вайскоўцаў. Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». «Увядзенне такой прававой нормы будзе з'яўляцца дзейснай прэвентыўнай мерай распаўсюджання заведама ілжывай, неадпаведнай рэчаіснасці інфармацыі пра беларускую армію і іншыя сілавыя структуры», гаворыцца ў законапраекце.
У Гомелі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову, яе сын Святаслаў — у дзіцячым прытулку. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.
19-гадовага палітвязня Іллю Верамеева этапавалі ў бабруйскую калонію. Іллю прысудзілі 6,5 гадоў пазбаўлення волі. 1 снежня КДБ уключыў хлопца ў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», а 2 снежня МУС уключыла яго ў «спіс экстрэмістаў».
ГУБАЗіК аб'явіў, што «мяняе фармат публічнай падачы інфармацыі»: «пакаяльных відэа» амаль не будзе. «Дакладней, будуць, але не па 5 на дзень, а толькі ў рэальна неабходных выпадках. Мы лічым, што больш чым за 2 гады сэнс нашага паслання дайшоў да адрасатаў, а фармат зжыў сябе сваёй неактуальнасцю», — заяўляюць сілавікі.
Беларускія ўлады прызналі прадукцыю тэлеграм-канала «Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі» «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Праваабаронцы паведамляюць, што на пачатку снежня журналіста і палітвязня Дзмітрыя Семчанку перавялі са следчага ізалятара на Валадарскага ў жодзінскую турму № 8.
Палітвязня Юрыя Касцюка, які ўжо адседзеў адзін тэрмін, зноў будуць судзіць. Яго вінавацяць у падтрымцы іншых вязняў. Раней Касцюка таемна экстрадавалі з Расіі. Цяпер яму інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Аляксандр Лойка, муж зняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай, звярнуўся ў лісце да Офіса Ціханоўскай з просьбай распачаць перамовы з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў: «Павінна быць мэта, павінна быць дзеянне, павінен быць вынік. А мы нават не бачым аніякай мэты. Вядома, там ёсць агульная мэта — зрынуць рэжым і гэтак далей, але што для гэтага робіцца?» У якасці медыятара ў будучых перамовах з рэжымам Лукашэнкі, на думку Лойкі, можа выступіць амбасадар Швейцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер-Залатухін, якая мае багаты дыпламатычны досвед і актыўна ідзе на кантакт з абодвума бакамі. Пакуль на зварот Лойкі з ОЦ ніхто не адказаў.
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», у краіне на сённяшні дзень налічваецца 1441 палітычны зняволены. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1717 чалавек. Сярод іх — 200 жанчын і 7 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.