Хронікі рэпрэсій за 29 студзеня
Як мінімум 185 чалавек пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў па справе «INeedHelpBY». У калоніі, дзе ўтрымліваецца Віктар Бабарыка, — эпідэмія грыпу.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1173 дні, Дзяніс — 1053 дні.
***
Як мінімум 185 чалавек трапілі пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на родных палітвязняў.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», некалькі дзясяткаў чалавек асудзілі па адміністрацыйных справах, некалькі чалавек былі затрыманыя ў рамках крымінальных спраў. Папярэдне людзям інкрымінуюць арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні») і арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Як паведамлялася раней, прычынай цікавасці з боку КДБ, імаверна, стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Для дапамогі ініцыятыва выкарыстала папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Гіпа» і «Еўраопта».
***
Суд Наваполацкага раёна арыштаваў работніка «Нафтана» Яўгена Міхайлоўскага на 15 сутак за «экстрэмісцкую песню». Пасяджэнне прайшло 12 снежня, але праваабаронцам «Віцебскай Вясны» стала вядома пра яго толькі цяпер.
На пасяджэнні Яўген прызнаў віну і расказаў, што запосціў у «ВКонтакте» ролік Ігара Палынскага «Sumarok» — «2020», але не ведаў, што песня была напісаная музыкам пасля затрыманняў на адным з нядзельных маршаў у 2020 годзе. Міхайлоўскі не ведаў, што кліп уключаны ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала работніка «Нафтана» вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).
***
У Наваполацкай ПК-1, верагодна, эпідэмія грыпу. Як паведаміла 29 студзеня MAYDAY.TEAM, медчастка калоніі — перапоўненая. Палова другога і дзясятага атрадаў — прастуджаны, агулам захварэлі сотні асуджаных.
Паведамляецца, што вязням забаранілі тэлефонныя званкі.
Свае тэрміны ў ПК-1 адбываюць 106 палітвязняў.
***
Былы карэспандэнт незалежнага сайта «Першы Рэгіён» Сяргей Гардзіевіч з Драгічына быў затрыманы 24 студзеня. На яго складзены пратакол па арт. 19.11 КаАП за рэпост публікацыі з сайта «Ганцавіцкі час» у сацыяльных сетках.
Як паведамляе БАЖ, 26 студзеня суд Драгічынскага раёна разгледзеў справу Гардзіевіча. Суддзя Юлія Кукса прызнала журналіста вінаватым і прысудзіла 15 сутак пазбаўлення волі. Пры гэтым, як адзначае БАЖ, суддзя не ўлічыла таго, што здароўе Сяргея істотна пагоршылася: ён траціў прытомнасць і вымушаны быў неаднаразова звяртацца да лекараў.
***
23 студзеня ў Віцебску затрымалі 76-гадовага актывіста Барыса Хамайду. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён расказаў падрабязнасці затрымання.
Да актывіста сілавікі прыйшлі каля 8-й раніцы. Іх было двое: адзін супрацоўнік КДБ, другі — міліцыі. Беларуса азнаёмілі з пастановай на ператрус у сувязі з крымінальнай справай. Хамайда адмовіўся падпісваць дакументы.
Пасля ператрусу актывіста перавезлі ў Першамайскі РАУС Віцебска. Там беларусу паведамілі, што на яго старонцы ў Фэйсбуку знайшлі падпіску на «забароненыя сайты».
«Толькі ўвечары, а 18-й гадзіне, пераступіў парог камеры ічу/сіза/. З 8-мі сукамернікаў — 6 палітычных. Сустрэлі добра. Прапанавалі "шконку"/нары/ ўнізе. Далі два кавалка хлеба — першая ежа за суткі. Праз два дні, 25 студзеня, мае рукі зашчапілі кайданкамі і павялі на суд, які меў адбыцца па скайпе ў адным з памяшканняў сіза.
Прывялі ў пакой, пасадзілі на стул перад камп'ютарам. Разгляд справы пачаўся нестандартна. Вось кароткі пераказ. Суддзя прапанаваў мне пакласці рукі на стол. Я адказаў: "Не магу". Чаму? На руках кайданкі. Ён пытаецца ў міліцыянта, чаму мне надзелі кайданкі? Той прыглушаным голасам адказвае: "Он политический". Суддзя дае каманду зняць кайданкі. Я кладу рукі на стол.
Падчас разгляду справы мне стала вядома, што падпіска на забароненыя сайты адбылася 23 студзеня, у першай палове дня, акурат у дзень майго затрымання. Атрымліваецца, пакуль мяне вазілі туды-сюды, нейкі дзядзька, напрыклад, з умоўнай мянушкай "специалист" падпісаў мяне на забароненыя сайты. Гэтага дзядзьку, як я разумею, не знайшлі, таму я за яго адседзеў 2-е сутак у ічу/сіза/», — напісаў актывіст.
Суд над Хамайдам перанеслі, ён адбудзецца 2 лютага. Улетку 2023 года актывіста ўжо арыштоўвалі на 15 сутак.
***
Як паведаміла «Віцебская Вясна», суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 14 снежня за падпіску ў сацыяльнай сетцы на пяць «экстрэмісцкіх» інфармацыйных рэсурсаў пакарала штрафам у памеры 740 рублёў інжынерку па каштарыснай працы ААТ «Нафтан» Марыю Ганчук.
На судовым пасяджэнні стала вядома, што Марыя на сваёй старонцы ў «Instagram» мела спасылкі на публікацыі каналаў: «SYMBAL.BY», «Радыё Свабода – Беларусь», «Belsat», «Наша Ніва» і «NEXTA».
***
Буйны Telegram-чат, у якім дапамагалі перабрацца з Беларусі ў Польшчу, прызналі «экстрэмісцкім». Гаворка ідзе пра чат «Poland.Business Harbour_Belarus», які налічвае больш за 10 500 удзельнікаў. У яго апісанні пазначана, што гэта «супольнасць для тых, хто пераязджае ў Польшчу з Беларусі».
Рашэнне аб прызнанні чата «экстрэмісцкім» прыняў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 23 студзеня, паведамляе «Салідарнасць».
Акрамя таго, «экстрэмісцкім» прызнаны буйны Telegram-канал «ОНА РАЗВАЛИЛАСЬ» — ён публікуе архіўныя фотаздымкі постсавецкай прасторы часоў СССР і 90-х гадоў.
У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі і іншыя Telegram-каналы і чаты.
***
16 студзеня КДБ прызнаў фонд «Fund of Belarus Friend LTD» «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Удзельнікамі «фарміравання» з'яўляюцца беларусы Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама эстонец Алан Раё.
Фонд займаецца дапамогай рэпрэсаваным беларусам. Пазначаны ў пераліку сайт арганізацыі не адкрывецца, а Instagram-старонкі не існуе. Апошні запіс у Фэйсбуку датуецца 2021 годам, піша «Медыязона».
***
ГУБАЗіК апублікаваў «пакаяльнае відэа» з беларусам, які нібыта зрабіў 37 данатаў, піша «Вясна». Мужчына на відэа ад 28 студзеня «прызнаецца» ў тым, што нібыта «зрабіў каля 37 данатаў на агульную суму 350 з нечым еўра і 30 долараў». За гэта затрыманага прымусілі «зрабіць ахвяраванне» на суму ў 3850 (рублёў ці долараў — не паведамляецца).
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 350 дзён, Максіма Знака — 354 дні, Мікалая Статкевіча — 353 дні, Ігара Лосіка — 344 дні, Віктара Бабарыкі — 280 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 209 дзён, Уладзіміра Гундара — 178 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1418 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1614 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.