Хронікі рэпрэсій за 13 сакавіка
Музыкаў Nizkiz пачнуць судзіць 19 сакавіка, у 5-тысячным гарадскім пасёлку Краснаполле сёння адбываецца «хапун», паведамляюць праваабаронцы.
- Музыкаў Nizkiz пачнуць судзіць 19 сакавіка
Вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня. Спачатку палітвязняў асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, а пазней перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
Стала вядома, што ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 19 сакавіка адбудзецца суд над музыкамі. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Жывіца.
- У Баранавічах католікам не дазволілі правядзення гарадскога Крыжовага шляху
Паводле шматгадовай традыцыі, у Пятую нядзелю Вялікага посту каталіцкія вернікі Баранавічаў праводзяць агульнагарадскі Крыжовы шлях. Аднак сёлета мясцовыя ўлады не далі дазвол на правядзенне мерапрыемства, якое планавалася на 17 сакавіка.
Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма, і прычына адмовы не названая, але гэту тэму абмяркоўваюць у парафіяльных чатах і разважаюць пра тое, ці не звязана такое рашэнне з тым, што на той жа дзень у райцэнтры запланаваны масавыя гулянні з нагоды «Масленіцы», піша katolik.life
Крыжовы шлях па вуліцах горада стаў своеасаблівай візітнай карткай духоўнай культуры Баранавічаў. У велічнай працэсіі сотні вернікаў ішлі па цэнтральнай частцы горада, разважаючы над прыпынкамі Крыжовага шляху. Мужчыны неслі на плячах вялікі цяжкі крыж — знак збаўчай мукі і смерці Езуса Хрыста, вернікі маліліся за Касцёл, Бацькаўшчыну, розныя групы людзей.
- Эксперты ААН выступілі з заявай наконт палітвязняў
Спецыяльныя дакладчыкі ААН выступілі з заявай з нагоды незаконных і несправядлівых прысудаў праваабаронцам «Вясны» Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.
Праз год пасля таго, як іх асудзілі да 10, 9 і 7 гадоў турэмнага зняволення, занепакоенасць з нагоды справядлівасці судовага разбору па-ранейшаму захоўваецца, заявілі эксперты ААН.
Эксперты заклікалі беларускія ўлады ўсебакова супрацоўнічаць з праваабарончымі механізмамі ААН у дачыненні да меркаваных парушэнняў правоў чалавека, адмяніць прысуды і правесці новае судовае разбіральніцтва з гарантыямі справядлівага судовага разбору і працэдурнымі гарантыямі.
«Мы па-ранейшаму сур'ёзна занепакоеныя тым, што судовы працэс быў помстай уладаў за іх праваабарончую дзейнасць у Беларусі».
- Палітзняволенага Дзяніса Дзікуна будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
Нагадаем, напрыканцы 2022 года трох «рэйкавых партызанаў» са Светлагорску, у тым ліку Дзікуна, асудзілі да 21–23 гадоў калоніі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве», рэгістрацыю ў плане «Перамога» і сувязь з BYPOL.
Дзяніса напрыканцы красавіка 2023 года перавялі ў горацкую калонію, дзе неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ.
Цяпер стала вядома, што 25 сакавіка ў Горках яго будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Фамічова. Яму могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
- Адвакатка Галіна Пархімчык цяпер у бяспецы
Маці былога палітвязня Віктара Пархімчыка і адвакатка Галіна Пархімчык пакінула Беларусь.
28 лютага Галіну затрымалі супрацоўнікі КДБ за ўдзел у акцыі пратэсту 16 ліпеня 2020. Акрамя таго, жанчыну вінавацілі ў аказанні фінансавай дапамогі праз Facebook ахвярам рэпрэсій. Галіну змясцілі ў ІЧУ. Праз тыдзень яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе ў статусе падазраванай.
Галіна Пархімчык з'яўляецца актыўнай удзельніцай партыі БНФ, а таксама шмат разоў абараняла палітычных зняволеных у судовых працэсах, піша @dissidentBY.
Цяпер Галіна знаходзіцца ў бяспецы.
- Супрацоўніка Верхнядзвінскага райвыканкама затрымалі па справе «кадравага рэзерву новай Беларусі»
На «палонным відэа» мужчыну прымусілі сказаць, што ён з'яўляецца вучнем «кадравага рэзерву новай Беларусі». Супраць яго распачалі крымінальную справу.
Прапагандысты сцвярджаюць, што ў затрыманага «была нармальная праца» ў мясцовым райвыканкаме.
- Супраць беларускай палітычнай уцякачкі распачалі спецвытворчасць — яе хочуць судзіць завочна
35-гадовую Ілону Рудэню абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў:
• арт. 188 (паклёп);
• ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных);
• ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
• арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
• арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Ілону запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Першамайскі РУУС Мінска.
- У 5-тысячным гарадскім пасёлку Краснаполле сёння адбываецца «хапун»
Ён звязаны з паслявыбарчымі акцыямі пратэсту.
Колькасць затрыманых і іншыя падрабязнасці высвятляюцца.
- ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Гомеля
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што яна пакідала абразлівыя каментары пра сілавікоў, якія затрымлівалі людзей пасля мірных акцый пратэсту. Жанчыне пагражаюць крымінальнай справай.
- Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва
Сцвярджаецца, што ён нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».