Хронікі рэпрэсій за 1 лютага
У «Спісе экстрэмістаў» стала на 16 чалавек больш. 35 палітвязняў у студзені выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну, аднак колькасць палітвязняў павялічваецца амаль штотыднёва, паведамляюць праваабаронцы.
- У наваполацкай калоніі прыбралі ўсе кніжкі на беларускай мове
Пра гэта распавёў былы палітвязень, які цягам месяцаў знаходзіўся ў ПК-1.
«Дарэчы, цяпер з бібліятэкі вынялі ўсе беларускія творы: гэта пачалося недзе восенню 2023 году. Палітычным нельга чытаць Алексіевіч, напрыклад. Прыбралі Купалу, Караткевіча, Коласа.
Забралі кніжнкі на замежных мовах — ангельскай, польскай, літоўскай і нават кітайскай. Пацаны пытаюцца: "А чаму нельга на кітайскай? Яны ж нашыя сябры". Ім адказваюць: "Сёння сябры, заўтра — ворагі". Усе кніжкі толькі на рускай мове"».
- У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 16 беларусаў — цяпер у ім 3739 чалавек
26 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Апублікаваны новы «Спіс экстрэмістаў» быў толькі сёння, 1 лютага.
Сярод іншых, у спіс дадалі фігуранта «справы ЧКБ» Аляксандра Юшкевіча, работніка БМЗ Аляксея Аўдзеева, асуджанага за данаты Андрэя Савінскага.
- У Круглым перад Адзіным днём галасавання міліцыя правядзе рэйд па дамах раней асуджаных грамадзян
Гэта будуць рабіць супрацоўнікі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, якім кіруе маёр Уладзіслаў Мікалуцкі. Акрамя раней асуджаных, міліцыянты наведаюць усіх, хто стаіць і на іншых уліках у міліцыі. Гэта названа «дадатковымі мерамі кантролю» перад выбарамі. Участкі для галасавання будуць правярацца спецыяльнай міліцэйскай камісіяй.
Таксама Круглянскі РАУС у межах падрыхтоўкі да Адзінага дня галасавання зрабіў разлік сіл і сродкаў, а таксама стварыў рэзервы асабістага складу на выпадак аператыўнай неабходнасці. Асаблівая ўвага надаецца недапушчэнню правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, мітынгаў і шэсцяў у Круглым.
- 35 палітвязняў у студзені выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1416 палітвязняў, паводле праваабаронцаў Вясны. Ініцыятыва “Дысідэнты” налічвае ні дзве сотні больш. Аднак колькасць палітвязняў павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».
Па дадзеных «Вясны», у студзені на волю выйшлі мінімум 35 чалавек, якія цалкам адбылі свае тэрміны, а двое з іх правялі за кратамі больш за тры гады. Яшчэ 2 жанчыны былі асуджаныя да «хатняй хіміі» і вызваленыя з СІЗА.