Хронікі рэпрэсій у Беларусі: 22 сакавіка

Расказваем, як краіна пражыла сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Удзельнікаў «Еўрабачання-2012», фронтмэнаў гурта «Litesound» Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі». На такі ж тэрмін — 2,5 гады «хатняй хіміі» — асуджаная іх маці Вольга Крайко. Бацька музыкаў Юрый Крайко атрымаў 3 гады «хатняй хіміі». Прысуд вынесла суддзя Вольга Емяльяненка.

Пракурорка запытала для экс-журналіста АНТ Дзмітрыя Семчанкі тры гады калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавачваюць у «наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці» (ч. 1 арт. 130) Крымінальнага кодэкса. Адвакат палітвязня папрасіў прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Анастасія Ачалава прысудзіла Сяргея Саўкіна да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Саўкіна апазналі па фотаздымках з акцый пратэсту, якія сілавікі знайшлі ў яго мабільным тэлефоне.

Гомельскія праваабаронцы паведамляюць пра зачыстку ў Мазыры. Ператрусы прайшлі ў некаторых людзей, якіх раней судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У планах сілавікоў было наведаць не менш за 35 чалавек. Пасля гэтага перастаў выходзіць на сувязь са сваякамі муж палітзняволенай Крысціны Чаранковай. Бацька Фёдара Чаранкова паведаміў, што яго сына трымаюць у ізалятары і на яго складзены адміністрацыйны пратакол.

Брэсцкім праваабаронцам стала вядома, што на пункце пропуску «Брэст» сілавікі напярэдадні выбарачна правяралі тэлефоны ў тых, хто выязджае з Беларусі. Гэта закранула пасажыраў рэйсавых аўтобусаў. У тэлефонах сілавікоў цікавілі спісы ўсталяваных і выдаленых дадаткаў, гісторыя Youtube, перапіскі ў Telegram, фотагалерэя, сметніца галерэі, лайкі, каментары, сторыс у Instagram, перапіскі ў іншых мэсэнджарах. Праваабаронцы адзначаюць са спасылкай на відавочцаў, што для тых, хто ўязджалі ў краіну, таксама праводзілася праверка змесціва тэлефона.

Жыхара Глыбокага Юрыя Татарыновіча асудзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») і прызначылі яму штраф у памеры 70 базавых велічынь (2590 руб). Падставай для такога абвінавачання сталі фотаздымкі сцяга Украіны і герба «Пагоня» ў яго Facebook. На судзе Юрый Татарыновіч віну не прызнаў.

У Астраўцы асудзілі Паўла Дубава. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Суддзя Дзмітрый Багдановіч прызначыў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Стала вядома, за што будуць судзіць адвакатку Анастасію Лазарэнка. Яна была затрыманая ГУБАЗіК на пачатку чэрвеня мінулага года. Супраць жанчыны была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Цяпер высветлілася, што палітзняволеная таксама абвінавачваецца па арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да звестак аб прыватным жыцці») і ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Паводле версіі следства, Лазарэнка нібыта арганізавала «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», калі праводзіла кансультацыю на Акрэсціна ў жніўні 2020 года.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1456 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1737 чалавек. Сярод іх — 188 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.