Хроніка рэпрэсій 22 красавіка: За 5 улётак канфіскавалі аўто, прысуд за віншаванні з Днём Волі–2019

Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк зноў будуць судзіць. У Паставах суддзя пастанавіла канфіскаваць аўто за ўлёткі. Палітычны пераслед беларусаў 22 красавіка.

imgl7740_logo.jpg

Суд у Паставах: за захоўванне 5 «экстрэмісцкіх» улётак канфіскавалі аўтамабіль

Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 4 красавіка разгледзела справу аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 1 арт. 19.11 КаАП, у дачыненні да мясцовага жыхара Андрэя Стабулянца, аштрафавала яго на 740 рублёў і канфіскавала аўтамабіль, у якім, на думку ўладаў, правапарушальнік захоўваў улёткі экстрэмісцкага зместу, паведамляюць віцебскія праваабаронцы.

Паводле матэрыялаў справы, 16 сакавіка міліцыянты знайшлі ў бардачку аўтамабіля маркі «Volkswagen Bora», які належыў Стабулянцу, інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць, з мэтай далейшага яго распаўсюджання. А менавіта 5 улётак, якія прапагандавалі дзейнасць арганізацыі "Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне". Гэта апазіцыйная структура была ўключана 25 студзеня 2023 года МУС Беларусі ў пералік арганізацый, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці”.

Паліну Шарэнду-Панасюк у траўні будуць судзіць па новай крымінальнай справе

Маці двух непаўнагадовых сыноў спачатку асудзілі да 2 гадоў калоніі. У мінулым годзе Паліну асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК яшчэ да аднаго года калоніі. Падставай для ўзбуджэння справы сталі шматлікія "парушэнні" ў гомельскай калоніі: "спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення"; "выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне"; "расшпіліла пінжак".

Нядаўна супраць яе ўзбудзілі ўжо новую справу за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" (ч. 2 арт. 411 КК). У кастрычніку яе змясцілі на паўгода ў ПКТ і рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.

Суд над Палінай распачнецца 16 траўня ў Рэчыцы, паведамляе "Берасцейская Вясна" са спасылкай на Андрэя Шарэнду. Паводле яго, палітзняволеную мусілі вызваліць 6 жніўня 2023 года, але цяпер тэрмін павялічаць.

Полацкі навуковец Ігар Бортнік зноў не выйшаў з-за кратаў

Родныя і сябры чакалі, што па сканчэнні другога запар арышту на 13 сутак ён выйдзе на волю. Аднак па сканчэнні гэтага тэрміну — 21 сакавіка — яго не вызвалілі. Застаецца верагоднасць, што ён асуджаны да чарговага арышту або перазатрыманы ў межах чарговай справы. Першыя два арышты, прысуджаныя кандыдату філасофскіх навук, супрацоўніку Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, былі на 10 і 13 сутак.

Першы арышт Ігар Бортнік адбываў у Наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Падчас другога яго перавялі ў віцебскі СІЗА-2, на тэрыторыі якога цяпер размяшчаецца віцебскі ІЧУ. Такая практыка ўжываецца не ўпершыню: жыхароў іншых рэгіёнаў знарок пераводзяць у абласны цэнтр, каб абцяжарыць умовы ўтрымання: прыкладам, прывезці зняволенаму перадачу з Наваполацка ў Віцебск ужо пераўтвараецца ў пэўную праблему.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала pozirkonline, Ігара Бортніка зноў вярнулі ў Наваполацкі ЦІП. І ён мае праблемы са здароўем: пасля не вельмі ўдалай аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы ён трывае моцныя болі ў спіне, да таго ж падчас арышту ў яго здарыўся гіпертанічны крыз.

Бортнік трапіў за краты падчас міліцэйскага хапуну ў канцы сакавіка, калі былі затрыманыя 11 былых і цяперашніх супрацоўнікаў Полацкага музею-запаведніка. Ва ўсіх правялі ператрусы, забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а пазней асудзілі па адміністрацыйных справах. Ігару Бортніку і фатографу Ігару Супранёнку Наваполацкі гарадскі суд прысудзіў па два арышты запар. Абодва дагэтуль застаюцца пад вартай.


Наваполацкія міліцыянты складаюць пратаколы за мінулагадовыя віншаванні з Днём Волі

Жыхара Наваполацка асудзілі на 13 сутак за віншаванне з Днём волі ў Фэйсбуку трох- і чатырохгадовай даўніны.

Паводле судовай пастановы, апублікаванай у агульнарэспуліканскай базе даных, грамадзянін І. 25.03.2019 «змясціў пост з фотавыявай герба «Пагоня» і подпісам: «Сябры, віншую з Днём волі!» У 2020 г. віншаванне выглядала як «фотавыява герба «Пагоня» на фоне БЧБ-сімволікі і подпісам: «Са святам, сябры! З Днём волі!» Суд кваліфікаваў гэта як несанкцыянаванае пікетаванне.

У 2019 годзе віншаванне прагледзелі 19 чалавек, у 2020 годзе — 32 чалавекі. Апрача гэтага, у атрыбуты «несанкцыянаванага пікетавання» суд залічыў фотаздымак «з прымацаванай выявай БЧБ-сімволікі», які ўбачылі 56 карыстальнікаў, і фотаздымак, «да якога прымацавана выява сцяга Украіны», яго ўбачылі 103 карыстальнікі.

Калі складанне адміністрацыйных пратаколаў за фотаздымкі профілю ў Фэйсбуку, аздобленыя рознымі малюнкамі-«рамкамі», ужо не з’яўляецца навіной, то ўвага міліцыянтаў да віншавальных паштовак з 25 сакавіка ў Наваполацку праявілася ўпершыню. Між тым выява «Пагоні» не з’яўляецца забароненым сімвалам, яна ёсць, да прыкладу, на афіцыйным гербе і сцягу Віцебскай вобласці і на гарадскім гербе Лепеля.

Публічнае віншаванне з гістарычным святам не ўтрымлівае намераў аўтара або заклікаў да нейкіх дзеянняў. Але суд вырашыў, што ва ўсіх выпадках мела месца «выражэнне грамадска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў», выказаных у публічнай прасторы.

У Мінску затрымалі хлопцаў, што запалілі жоўта-блакітныя фаеры

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што 16 красавіка ў Мінску на вуліцы Ложынскай затрымалі двух хлопцаў. Паведамляецца, што яны запусцілі некалькі салютаў, а потым запалілі жоўта-блакітныя фаеры. Праз некаторы час іх затрымалі сілавікі.

Далейшы лёс хлопцаў пакуль невядомы.

Учора, 21 красавіка, у Мінску быў затрыманы Міхаіл Атрахімовіч

Вядома, што ўраджэнцу Маладзечна прызначылі 12 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

Палітзняволеная Антаніна Кавалёва выйшла на волю

Сяброўку Аб'яднанай грамадзянскай партыі затрымалі разам з іншымі лідарамі 27 ліпеня 2022 года. У выніку Аксану Аляксееву, Мікалая Казлова і Антаніну Кавалёву асудзілі за ўдзел Маршы "Новай Беларусі" ў Мінску ў 2020 годзе. За 30 хвілін на Маршы 64-гадовай Антаніне прызначылі адзін год калоніі.

На судзе жанчына выступіла з кранальным апошнім словам:

"Хацела прынесці карысць грамадству, а зараз прапануецца расцэньваць гэта дрэнна. Знаходжанне ў турме — гэта бяда. Гэта бяда для любога чалавека. Там знайшлі лісты, якія я пісала зняволеным, і іх адказы. Гэтыя людзі не ўсе мае знаёмыя, але я разумела, што турма — гэта бяда. Што людзі ў няшчасці знаходзяцца, і мне хацелася неяк ім дапамагчы, неяк падтрымаць. Сярод усіх народаў, і сярод славянскіх народаў, прынята традыцыя дапамогі зняволеным. І я лічу, што мяне павінна гэта характарызаваць станоўча, а не разглядацца як доказ маёй віны".

Сёння Антаніна выйшла на волю з гомельскай калоніі, бо цалкам адбыла тэрмін.