«Гродна Азот» зноў паскардзіцца на санкцыі ў міжнародныя прафсаюзы

ААТ «Гродна Азот» будзе звяртацца ў міжнародныя арганізацыі прафсаюзаў з-за санкцый. Падрыхтоўка адпаведных лістоў і збор подпісаў абмяркоўваліся на нарадзе, якую правёў гендырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка.

grodnoazot_1.jpg


Як паведамляе REFORM.by са спасылкай на прэс-службу «Гродна Азота», завадскія прафсаюзныя функцыянеры ўжо накіравалі запыт у ў Рэспубліканскі камітэт Белхімпрафсаюза з ініцыятывай звароту па неправамерных дзеяннях у Міжнародную асацыяцыю прафсаюзаў IndastriALL.

Таксама актыў першаснай арганізацыі ўжо збірае подпісы пад зваротам у Міжнародную арганізацыю працы. У ім мяркуецца запатрабаваць адмены ўведзеных санкцый, так як яны супярэчаць асноўным мэтам і задачам МАП.

Варта адзначыць, што раней аналагічныя подпісы ў гэтыя структуры збірала праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які ўжо не адно дзесяцігоддзе супрацоўнічае з МАП, параўноўваў гэтую кампанію з «лістамі ў “Спортлато”».

«Міжнародная арганізацыя працы абсалютна не датычная да тых рашэнняў, што прымае ЕС, гэта, напэўна вядома нават першакурсніку факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Я ўжо прыводзіў аналогію, што скардзіцца ў МАП на ЕС — гэта, па выразе Уладзіміра Высоцкага, “пісаць у Спортлато”», — казаў Ярашук.