Горкі. У школах практыкуюць паборы з бацькоў

Пры зборы “добраахвотнай бацькоўскай дапамогі" у СШ №4 горада Горкі існуюць шматлікія парушэнні — такую інфармацыю агучыў у пісьмовым звароце на сайт Horki.info адзін з бацькоў мясцовых школьнікаў.



shkolnik.jpg

Дырэктар школы Васіль Бяляеў сцвярджае, што збор сродкаў з бацькоў вучняў у выглядзе “добраахвотных ахвяраванняў" знаходзіцца пад поўным кантролем з боку адміністрацыі і апякунскага камітэта.

“На сайт Horki.info прыйшоў ліст “Рэкет па-школьнаму", падпісаны Іванам Арцёмавічам, — распавядае рэдактар незалежнай горацкай газеты “Узгорак" Галіна Будная. — У сваім лісце аўтар сцвярджаў, што ў СШ №4 горада Горкі на сталай аснове збіраюць ахвяраванні з бацькоў вучняў, прычым выдаткоўваюцца гэтыя сабраныя сродкі вельмі непразрыста. Я наведала школу №4, паразмаўляла з яе дырэктарам Васілём Бяляевым. Ён не адмаўляе, што ў школе праводзіцца збор добраахвотнай бацькоўскай дапамогі, аднак сцвярджае, што ўся дапамога строга кантралюецца, усё робіцца цалкам адкрыта. Так, бацькам распавялі, што ў летась на сабраныя грошы быў куплены мультымедыйны праектар і фарба для рамонту. Грошы, што засталіся пасля гэтых выдаткаў, кажа дырэктар, былі ўкладзеныя ў рамонт школы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы".

Галіна Будная кажа, што ліст Івана Арцёмавіча ўсхваляваў чытачоў сайта і газеты “Узгорак", бо добраахвотныя бацькоўскія ахвяраванні збіраюць і ў іншых горацкіх школах.

“Ліст выклікаў шырокую рэакцыю з боку чытачоў, выказваліся самыя розныя меркаванні на яго конт. Відавочна, што праблема сапраўды існуе, разнастайныя добраахвотныя ахвяраванні ад бацькоў вучняў збіраюць і ў іншых горацкіх школах. На жаль, мы не здолелі знайсці Івана Арцёмавіча, каб атрымаць у яго больш падрабязную інфармацыю і выслухаць ягоны пункт гледжання", — кажа Галіна Будная.

Сумна, што ў “квітнеючай Беларусі" нават у Горках, горадзе, дзе толькі некалькі месяцаў таму прайшлі “Дажынкі", адміністрацыі школ вымушаны звяртацца па фінансавую падтрымку да бацькоў вучняў. Ды і адразу ж узнікае пытанне — як будуць ставіцца настаўнікі да тых вучняў, бацькі якіх з пэўных прычынаў не змогуць надаць школе “добраахвотную фінансавую дапамогу?

spring96.org